Амерыканская «адысея» і свой шлях

Главное Моладзь Стаўбцоўшчыны

Пяць гадоў таму стаўбчанін Рыгор Бясько атрымаў дыплом спецыяліста па турызме і – паехаў у Амерыку, фактычна ўслед за юнацкай марай. Не так даўно ён вярнуўся – з настроем рэалізоўваць тут, на радзіме, сваю беларускую мару. Падчас заакіянскай «адысеі» малады чалавек сур’ёзна пасталеў, набыў перакананні, якія істотна адрозніваюць яго ад сучаснікаў.

Пачнем з таго, што два гады таму Рыгор стаў членам Камуністычнай партыі Амерыкі. Пасля вяртання ў Беларусь ён уступіў у рады КПБ, наладзіў сувязь са Стаўбцоўскай раённай партыйнай арганізацыяй. Яе сакратар Ніна Дубовік, усведамляючы значнасць і ўнікальнасць такога факта, вырашыла пазнаёміць з Рыгорам і нас, журналістаў раённай газеты.

Перад намі – усмешлівы і прыветны хлопец з пышнай шавялюрай (адразу ўражвае яго знешняе падабенства з паэтам Максімам Багдановічам), гатовы дзяліцца набытым вопытам і ўвогуле размаўляць на розныя тэмы.

«Я шагаю… по Столбцам»

– Рыгор, ты пазіцыяніруеш сябе як камуніста. Так паўплывала на цябе Амерыка з яе індывідуалізмам, уладай долара і  вольнымі норавамі?

– Ідэя камунізму мне падабаецца. Памятаеце савецкі фільм «Я шагаю по Москве»?.. Пасыл яго ў тым, што можна проста жыць, знаёміцца, выказвацца, слухаць іншых… Мне хочацца аб’ядноўваць людзей, накшталт таго: «А давайце пагуляем у футбол на Нёмане!»

– Цудоўная ідэя! А  як табе падаліся Стоўбцы пасля амерыканскай рэчаіснасці?

– Стоўбцы – дагледжаны горад, у ім ёсць уся неабходная інфраструктура. Апошні год я жыў у Філадэльфіі і магу сказаць, што горад не такі чысты, у нечым нават нагадвае звалку. У адносінах паміж людзьмі прэваліруе індывідуалізм, дзе кожны – сам за сябе. Мне гэта няблізка.

 – Вас у школе добра выхоўвалі, і інтэрнэт вас не сапсаваў…

– Дзесяць гадоў таму я закончыў СШ № 2 г. Стоўбцы. Потым быў універсітэт фізічнай культуры. Пасля вучобы махнуў у Амерыку і там спасцігаў жыццё… Скажу, што без мовы і дакументаў рабіць гэта было няпроста…

Досыць, Рыгор!

– Давялося асвоіць шмат прафесій?

– Кім толькі сябе не паспрабаваў! Ад знясільвальнай працы выратоўвала паглыбленне ў сябе, у літаратуру. Менавіта ў Амерыцы адкрыў для сябе савецкі кінематограф з яго багаццем унутранага свету герояў. У мяне не было матэрыяльных мэт ці, тым больш, жадання застацца жыць у чужой краіне. Ехаў за акіян дзеля таго, каб вывучыць англійскую мову, пазнаёміцца з культурнымі дасягненнямі, пабываць на канцэртах вядомых спевакоў…

Як і многія мае равеснікі, я трапіў пад уплыў амерыканскай культуры яшчэ ў падлеткавым узросце. Да прыкладу, Бруклінскі мост быў у маім пакоі на фоташпалерах. Хацелася пахадзіць па ім. У Каліфорніі думаў заняцца сёрфінгам і г. д. Усё, пра што марыў, стала рэальнасцю, і я сказаў сабе: «Досыць, Рыгор!»

Я зразумеў, што трэба быць не тым, кім вымушаюць абставіны, а кім табе самому хочацца. Свет сёння імкліва мяняецца, і ў многіх, на жаль, няма сэнсу жыцця. Яго замяняюць псеўдавучэнні.

– А кім ты хочаш стаць?

– Хачу тварыць. Задумак у мяне шмат. Да прыкладу, можна развіваць турызм (што, уласна кажучы, прадыктавана маёй адукацыяй). Свае праекты звязваю са Стоўбцамі. Тут у мяне бабуля, цёткі, браты… Родныя Стоўбцы! А ўнутраны стан падобны да таго, які апісаў паэт: «Нам мало хлеба и зрелищ, в душу мечта ворвалась…»

Каля помніка Леніну катаўся на веласіпедзе

– Рыгор, а з класікаў марксізму-ленінізму ты таксама можаш нешта працытаваць?

– Я вывучаў творы Маркса, Леніна, Бярдзянскага і разумею, што камунізм – гэта казка, новая рэлігія, здольная зрабіць усіх святымі. Больш рэальная мадэль грамадства – гэта сацыялізм з яго здаровымі інтарэсамі і адкрытасцю сярод людзей. У Амерыцы, дарэчы, я сустракаў шмат сацыялістычна настроеных людзей. Іх перанасычанасць матэрыяльным праяўлялася ў пошуку духоўных каштоўнасцяў. Асабіста мне амерыканскае грамадства дапамагло глабалізавацца, стаць маркетолагам. Але яно так і не навучыла мяне прадаваць ні сябе, ні кітайскія «безделушки».

– Малады чалавек з камуністычнымі поглядамі – гэта штосьці архаічнае ці ўсё-такі сучаснае?

– Мае перакананні жывуць са мною з дзяцінства, проста я гэтага не ўсведамляў. Амерыка дапамагла мне ў гэтым. Памятаю, як мы ў школе садзілі на плошчы Леніна дрэвы. Як я катаўся на веласіпедзе вакол помніка У. І. Леніну… Гэта жыве са мною і сёння. Насыціўшыся амерыканскай культурай, я зразумеў сваю прыхільнасць да камуністычных ідэй. Іх варта цаніць і развіваць у сабе.

– Назад у Амерыку не цягне?

– Не, гэта не маё. Гартаю свой дзённік і знаходжу такі запіс: «Працую ў нью-ёркскім бары па 20 гадзін у суткі. Людзей навокал шмат, а я пакутую ад адзіноты. Гэта не рай, куды хочацца вярнуцца…»

Пасля працы не было сіл, але вывучыў англійскую, пазнаёміўся з прадстаўнікамі многіх нацый і займеў сяброў ва ўсім свеце. Каштоўны вопыт заключаецца ў тым, што я паглядзеў на сябе збоку, пераацаніў сябе, стаў самадастатковым. Я ўбачыў перспектыву.

Крута быць ідэйным

– Рыгор, на каго ты хацеў бы быць падобны?

– Хачу быць падобны да савецкіх дзеячаў навукі і мастацтва. Яны ўсе мне блізкія па духу, як і блізкая савецкая ідэалогія. Напэўна, невыпадкова і тое, што я жыву на завулку Гагарына. Слухаю Высоцкага, гляджу савецкія фільмы і чарговы раз пераконваюся: крута быць ідэйным і плыць супраць цячэння.

– А што б хацеў сказаць сваім равеснікам?

– Мне здаецца, што вельмі важна штодзённа знаходзіць час на духоўныя практыкі, чытанне кніг і заняткі спортам. Калі гэта рабіць рэгулярна, то праз год можна ўбачыць, як змяніўся светапогляд. Мае прынцыпы заключаюцца ў тым, каб паважаць думку іншых, навучыцца слухаць і прымаць людзей такімі, якія яны ёсць.

Беларусь павінна стаць брэндам

– Пасля пяцігадовага знаходжання ў Амерыцы ты прыняў рашэнне вярнуцца на радзіму. Як гэта адбывалася?

– Гэтае рашэнне прыйшло не адразу. Разумееце, у Амерыцы засталіся мае бацькі, сястра… Яны аднесліся да майго рашэння скептычна, угаворвалі застацца.

Ведаю дакладна, што мною пройдзены пэўны этап у жыцці, і ў Беларусь я вярнуўся на пастаянна. Я іду сваім шляхам. Калі нехта выказвае сумненні ў тым, як усё атрымаецца, то мяне гэта не палохае.

– З чаго ты пачаў у Беларусі?

– Пакуль вандрую па краіне. Фатаграфую адметныя мясціны. Тое-сёе са знятага выстаўляю ў інстаграм – хачу рэалізаваць сябе ў фотамастацтве. Паколькі я блізкі да сацыяльных сетак, інтэрнэту, мне цікава прасоўванне духоўных каштоўнасцяў, такіх як дружба, узаемадапамога і інш., праз карцінку, шляхам нейралінгвістычнага праграміравання.

Купіў гітару. Самастойна буду вучыцца іграць. З братам ездзілі ў лес – рабілі загатоўкі для венікаў… Думаю стварыць сям’ю.

– Мы не раз чулі пра амерыканскую мару. А ў чым, на тваю думку, беларуская мара?

– Я сутыкнуўся з тым, што марай для многіх беларусаў з’яўляецца адкрыццё ўласнай кавярні. Маўляў, з вады можна рабіць грошы.

Для мяне мара – гэта тое, каб Беларусь была моцнай дзяржавай, якая, валодаючы дастатковай колькасцю рэсурсаў, навучылася сябе прадаваць. Каб наша краіна стала брэндам, яркім і эфектыўным.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *