Побач з вопытнымі працуюць маладыя

Афіцыйна Нумары Ураджай-2014

image_pdfimage_print

Азімыя і яравыя збожжавыя размясціліся сёлета ў ААТ «Жацерава» на плошчы 1330 гектараў. На жніве ў таварыстве задзейнічана пяць экіпажаў. На 28 ліпеня ў гаспадарцы ўбрана 739  гектараў, што склала 55,5 працэнта. Намалочана 3324 тоны збожжа.

Сустрэліся з галоўным аграномам Надзеяй Трушко на тэрыторыі збожжасушыльнага комплексу. Надзея Мікалаеўна заехала сюды, каб пацікавіцца, як ідзе дапрацоўка збожжа.

–  Сёлета жніво пачалі на чатыры дні раней, чым летась, – сказала Надзея Трушко. – Тэмпы намнога хутчэйшыя.  Заняты на ўборцы два вопытныя экіпажы і тры маладыя. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых складае 45 цэнтнераў з гектара. Больш ураджайнымі выдаліся яравыя культуры. Усе  разумеюць, што вырашчаны хлеб трэба зжаць без страт, і камбайнеры стараюцца. Неабходна хутчэй убраць пасевы, каб яны не трапілі пад дождж. Надвор’е спрыяе нам. Вельмі добра,  што сёлета збожжа не патрабуе дасушвання, вільготнасць яго ў межах нормы,  зярняты даспелі на корані. Таму  вядзём толькі ачыстку.

Для галоўнага агранома Надзеі Мікалаеўны Трушко сёлетняя ўборачная другая. Пасля заканчэння сельскагаспадарчага каледжа малады спецыяліст была накіравана ў гаспадарку на працу. Без адрыву ад вытворчасці паступіла ў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, якую ў наступным годзе заканчвае.

Надзея Трушко шчыра прызнаецца, што вельмі хвалюецца. Жніво –  гэта завяршаючы этап напружанай гадавой працы ўсяго калектыву. Таму і турбуецца пра тое, як складзецца ўборка, які вынік  атрымаюць.

– Ведаеце, лягчэй  дзесяць разоў пасеяць, чым адзін раз убраць.

Магчыма, гэта і так, але ад таго, як заправіш глебу, калі пасееш, якім насеннем і як пасевы дагледзіш –  такі і ўраджай пажнеш. А па ўраджаі відаць, што зроблена ўсё гэта  ў таварыстве сумленна.

Падчас нашага прыезду ў гаспадарцы ўбіралі ячмень. Для маладога камбайнера Віталія Ганчарэнкі гэтая ўборачная шостая, а ў якасці камбайнера – другая.

Хлопец вучыцца на інжынера-механіка ў Беларускім дзяржаўным аграрным універсітэце. Пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы вернецца ў таварыства на працу. Віталій з’яўляецца калгасным стыпендыятам.

– Раней працаваў у адным экіпажы з бацькам, а сёлета ў мяне памочнікам Сяргей Каспаровіч, – сказаў малады камбайнер. – Прыходзіцца нялёгка, бо вельмі спякотна, але выручае кандыцыянер. Убіралі спачатку рапс, затым пшаніцу, якая выдалася даволі ўмалотнай – на адным полі ўраджайнасць даходзіла да 50 цэнтнераў з гектара. Працуем са сцеблапад’ёмнікам, бо нямала палегліцы. Памочнік убірае яе  і  ўручную.

Віталій і Сяргей мясцовыя. Да сялянскай работы звыклыя. Але для Сяргея сёлетняе жніво ў якасці памочніка першае. І ён адчуў, як нялёгка даецца хлеб.

Працаваць прыходзіцца з ранку да позняга вечара. Нават і ноччу, пры святле фар, дажыналі поле.

Шчыра працуюць экіпажы ў складзе вопытных Ігара Рокаша і Мікалая Амельчыца, Аляксандра Ганчарэнкі і Мікалая Міхайлоўскага, маладых Сяргея Амельчыца і Віктара Тарасевіча, Максіма Леўкаўца і Мікалая Каралёва.

Адвозяць збожжа ад камбайнаў на аўтамашынах Мікалай Дударэвіч, Уладзімір Аўласін, Іван Гілейша і Часлаў Сідаровіч. Задзейнічана і машына прыватнага прадпрымальніка.

Вынікі работы занятых на жніве падводзяцца ў гаспадарцы штодзень. Па тэмпах жніва і па ўраджайнасці жацераўскія хлебаробы ў ліку лідараў.

Надзея БАТАЛКА

На здымках: маладзёжны экіпаж у складзе Віталія Ганчарэнкі і Сяргея Каспаровіча; задаволена ўраджаем галоўны аграном Надзея Трушко.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *