Максім Губанаў: «На творчасць натхніў Уладзімір Караткевіч»

Главное Моладзь Стаўбцоўшчыны

«Акцёрскае майстэрства – гэта песня, якая ніколі не канчаецца»

У Мінску падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». З больш чым 15 тысяч заявак і ў ходзе пяці адборачных тураў у заключны этап прайшлі пятнаццаць фіналістаў. Сярод іх – і вучань 9 «А» класа СШ № 2 г. Стоўбцы Максім Губанаў. На рэспубліканскім конкурсе ён узнагароджаны дыпломам ІІІ ступені.

– Максім, раскажы, як прыйшла ідэя паўдзельнічаць у конкурсе чытальнікаў «Жывая класіка»?

– Калі толькі пачынаўся прыём заявак, мая настаўніца па беларускай мове і літаратуры Алена Раманаўна Шабуня прапанавала мне паўдзельнічаць. Я люблю творчасць, таму адразу згадзіўся. У фінале выступіў з творам Уладзіміра Караткевіча «На Беларусі Бог жыве». Упершыню пачуў гэты верш на ўроку беларускай літаратуры. Ён запаў мне ў душу. Таму абраць верш для дэкламавання на конкурсе было не складана. Сімвалічна тое, што сёлета адзначаецца 90-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча.

– Для конкурсу быў зняты відэаролік. Як ты ствараў яго?

– Відэаролік прысвечаны Беларусі. Ствараць яго было нескладана. Здымаў ролік у сваёй кватэры, аздобіў яго беларускімі краявідамі, музыкай. Верш наклаў на музыку. У сукупнасці відэа атрымалася цэльным і змястоўным.

– Максім, калі ў цябе з’явілася цяга да творчасці і сцэны?

– З дзяцінства люблю выступаць на публіцы. З пачатковай школы пачаў наведваць аддзяленне народных інструментаў у дзіцячай школе мастацтваў, якое селёта закончыў. Аднак мае жыццё кардынальна змянілася ў шостым класе, калі пачаў наведваць тэатральнае аддзяленне ў гэтай жа школе. Раней марыў стаць праграмістам, цяпер жа ўпэўнены, што буду акцёрам, захапляюся кінематографам.

– Якія эмоцыі ты адчуваешь пасля заняткаў ў тэатральным аддзяленні?

– Тэатральнае аддзяленне я наведваю ўжо трэці год і з кожным годам адчуваю ўсё большую апантанасць. На занятках мы з Вольгай Георгіеўнай Навіцкай – сапраўдная сям’я. Нас перапаўняюць творчы ўздым, пазітыўныя эмоцыі, натхненне. Абстаноўка на занятках падобная на дамашнюю.

Да падрыхтоўкі кожнага спектакля рыхтуемся сур’ёзна, спрабуем пражыць жыццё кожнага персанажа. Гэта дае ўпэўненасць на сцэне. Ёсць і перамогі ў шматлікіх конкурсах, напрыклад «Зорны праект», Art Kids, «Сымонкавыя нашчадкі», дзе я заваяваў узнагароды і званні вышэйшай ступені.

– Максім, ты рознабаковая асоба. Як ставішся да музыкі?

– Выступаю прадзюсерам-бітмейкерам. У свае 15 гадоў пабываў на музыкальным лэйбле Believe Music, пасупрацоўнічаў з папулярнымі сярод моладзі артыстамі (T1ONE, ARCHI, ИНТЕРНАЛ), якія трапілі ў чарты (ВКонтакте, Apple Music, Яндекс музыка і г. д.). На гэтым не збіраюся спыняцца. Працэс стварэння інструментальнай музыкі патрабуе крапатлівага падыходу.

– Якія планы на будучыню?

– У мяне ёсць мэта, да якой імкнуся. Планую вучыцца на акцёра тэатра і кіно. І на музычным шляху спыняцца не збіраюся. Няма межаў дасканаласці.

– Спадзяюся, у цябе ўсё атрымаецца!

Ксенія РУБІН



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *