Поспех залежыць ад камбайнераў

Нумары Ураджай-2014

На мінулым тыдні ў ААТ «Шашкі» ладзілі  «Зажынкі».

Сонечны ліпеньскі дзень. На пятачку ля мехдвара ў поўнай гатоўнасці тэхніка – камбайны і аўтамашыны. Побач, у чаканні выехаць на збажыну і пачаць жніво, выстраіліся камбайнеры і вадзіцелі. Сёння гэтае свята менавіта для іх, чыімі рукамі вырошчваецца  і ўбіраецца хлеб – сімвал добранадзейнасці кожнай дзяржавы. Гэтыя людзі прысвяцілі жыццё адной з самых паважаных прафесій на зямлі і заслугоўваюць павагі за сваю нялёгкую і пачэсную працу.

Па традыцыі першы жытнёвы снапок сёлетняга ўраджаю ўручаецца дырэктару таварыства Валерыю Ільюшэнку, для якога гэта ўборачная кампанія першая ў таварыстве. Зразумелае і хваляванне кіраўніка, які пастараўся прыкласці максімум намаганняў для таго, каб жніво прайшло паспяхова.

– Многа зроблена вашымі мазолістымі рукамі падчас веснавой сяўбы, нарыхтоўкі кармоў і падрыхтоўкі тэхнікі да ўборкі, – сказаў Валерый Васільевіч. – Але вы з гонарам вытрымалі ўсе выпрабаванні. Усім вялікі дзякуй за шчырую працу. І вось сёння мы пачынаем жніво, якое вянчае працу хлебароба. Напружанне вялікае, спатрэбяцца майстэрства і цярпенне. Усё, што будзе залежаць ад кіраўніцтва, а гэта ў першую чаргу пастаўкі паліва, мы пастараемся вырашыць. Жадаю, каб справа ладзілася і ўраджай быў убраны своечасова, без страт.

У якасці галоўнага агранома сёлета і  Святлана Таўстая. У яе першая ўборачная кампанія. Вялікая адказнасць ускладзена на плечы маладога спецыяліста, але  дзяўчына ўпэўнена, што ўсё ў яе атрымаецца, уборачная пройдзе паспяхова. Ёсць такая ўпэўненасць і ў галоўнага інжынера Георгія Радзіона, які адзначыў, што будучае гаспадаркі, паказчыкі яе работы, з году ў год залежаць менавіта ад таго, якім будзе канчатковы намалот.

Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Іван Загдай нагадаў, што хлеб –  усяму галава, і застаецца пераадолець апошні рубеж –  убраць яго поўнасцю і ў тэрмін. Пажадаў, каб запоўніліся залацістым збожжам склады, быў багатым стол, дастойнай  – заработная плата. Ад імя райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу да ўдзельнікаў свята звярнулася яго старшыня Тамара Калошыч:

– Сёння для вас гучаць добрыя словы і песні. Кіраўніцтва пастаралася арганізаваць сапраўднае тэатралізаванае свята. У першую чаргу хачу пажадаць вам здароўя і ўдачы, каб тая планка, якую вы намецілі для сябе, была абавязкова ўзята.

Тамара Іосіфаўна ўручыла дырэкцыі таварыства і кожнаму экіпажу майкі і кепкі з лагатыпам ад абкама прафсаюза работнікаў АПК і нагадала аб важнасці выканання правілаў аховы працы і тэхнікі бяспекі. Са шчырымі словамі віншаванняў і пажаданняў спрыяльнага надвор’я і важкіх намалотаў звярнулася да прысутных  старшыня Шашкоўскага сельвыканкама Святлана Якаўлева.

Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце  Вольга Халюта і старшыня прафкама Ядвіга Радзіон уручылі камбайнерам важкі духмяны каравай. Ад  камбайнераў выступіў Леанід Бельскі, які прыгадаў сваю першую ўборачную ў якасці памочніка трыццаць сем гадоў назад. Не было раней такой сучаснай тэхнікі, якой сёння аснашчаны камбайнавы парк гаспадаркі. З яе дапамогай можна ўбіраць хлеб  да самага апошняга каласка. Экіпажы ўкамплектаваны надзейнымі хлопцамі, таму можна спадзявацца, што ўсё складзецца ўдала.

Затым дырэктар таварыства ўручыў ключы ад новага камбайна «КЗС-1218», з пажаданнямі высокіх намалотаў, адныму з лепшых механізатараў гаспадаркі Валерыю Калею.

Прагучала каманда: «Па машынах!» З блаславеннем Божым, а асвяціў камбайны на добры ўраджай настаяцель Шашкоўскай царквы айцец Віталій, «стэпавыя караблі» рушылі на палеткі. Наперадзе хлебаробаў чакала сапраўдная барацьба за хлеб. А лёгкага хлеба, як вядома, ніколі не бывае. Пажадаем іх удачы.

Аздабляў свята песнямі народны ансамбль «Гарэзы» Шашкоўскага дома культуры.

Надзея БАТАЛКА

На здымках:  уручэнне снапа новага ўраджаю дырэктару Валерыю Ільюшэнку; спяваюць «Гарэзы»; экіпажы камбайнераў на старце жніва.

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *