На палетках Стаўбцоўшчыны

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

ЗБОЖЖА – ДЗЯРЖАВЕ

З кожным днём нарошчваюцца тэмпы здачы збожжа для дзяржаўных патрэб. Штодзень хлебапрыёмнае прадпрыемства прымае ад 600 да 700 тон. Першымі выканалі дзяржзаказ па пастаўках харчовай пшаніцы хлебаробы ААТ «Вялікі Двор». Справіліся з даведзенымі дзяржаўнымі заказамі па піваварным ячмені працаўнікі палёў ААТ «Агранёманскі», «Жацерава» і «Дзераўное». Пры плане чатыры тысячы тон здадзена амаль палова. Агранёманскія рупліўцы і работнікі ААТ «Каганец» закрылі і планы па продажу харчовага ячменю. Амаль палова гаспадарак прыступіла да здачы азімага жыта, якога неабходна паставіць 9 тысяч тон, пры мінулагоднім плане 5200 тон. Аператыўную дастаўку збожжа з сельгаспрадпрыемстваў забяспечваюць вадзіцелі аўтапарка № 17. Гэта вопытныя Міхаіл Цвік, Уладзімір Кіпічэнка, а таксама маладыя  – Аляксандр Каменка, Руслан Суднік і Аляксандр Бець. Шчыруюць і вадзіцелі нашага прадпрыемства Віталій Суднік і Дзмітрый Яўсейчык, якія робяць штодзень па 6-7 рэйсаў.

На 28 ліпеня гаспадаркамі прададзена дзяржаве чатыры тысячы тон збожжа.

Павел ЯРАХОВІЧ, старшы дыспетчар УП «Стаўбцоўскае хлебапрыёмнае прадпрыемства»

 

На палях раёна

На 28 ліпеня збожжавыя культуры абмалочаны ў раёне на плошчы 9866 гектараў – 39,5 працэнта. Намалочана 34743 тоны. Сярэдняя ўраджайнасць складае 35 цэнтнераў з гектара. У ААТ «Вялікі Двор» намалочваюць на круг  55 цэнтнераў збожжа, у ААТ «Жацерава» –  45, у ААТ «Агранёманскі» –  41 цэнтнер. Па тэмпах жніва лідзіруюць хлебаробы ААТ «Агранёманскі», на другім месцы ААТ «Жацерава» і на трэцім  –  ААТ «Рубяжэвічы», дзе за апошні дзень абмалочана 212 гектараў. У гаспадарках раёна пасеяна на зялёны корм 877 гектараў проса, жацераўцы перавыканалі план сяўбы.  Ільнасеючыя гаспадаркі прыступілі да цераблення льну. Актыўна вядуць ворыва пад азімую сяўбу ААТ «Рубяжэвічы»,  «Вялікі Двор», «Агранёманскі» і «Каганец».

 

УРАЧЫСТЫ СТАРТ, НАПРУЖАНЫЯ БУДНІ

Напярэдадні жніва кіраўніцтва ААТ «Дзераўное» правяло  для сваіх работнікаў свята хлебаробаў «Зажынкі». Дырэктар Мікалай Дронь шчыра падзякаваў працаўнікам, якія сёлета добра парупіліся на хлебнай ніве і вырасцілі важкі колас (па выніках веснавой пасяўной кампаніі ўсім, хто прымаў у ёй удзел, кіраўніцтва сельгаставарыства гэтымі днямі выплаціла прэмію). І падкрэсліў, што застаецца толькі ўбраць вырашчанае без страт. Плошча немалая, таму кіраўнік пажадаў экіпажам камбайнераў, вадзіцелям, машыністам збожжасушыльных комплексаў і іншым работнікам, занятым на ўборцы новага ўраджаю, спрыяльнага надвор’я і ўдачы. А старшыня прафкама Галіна Карповіч акрамя пажадання важкіх намалотаў нагадала і аб тым, каб усе строга прытрымліваліся правілаў аховы працы. Кожны ўдзельнік жніва, а ўсяго ў кампаніі бяруць удзел 103 чалавекі, атрымаў прадуктовы набор. Прысутных віншавалі песнямі, якія ўслаўлялі працу хлебаробаў, работнікі мясцовага Цэнтра культуры. У добры шлях удзельнікаў жніва блаславіў ксёндз Сяргей Лянга.

Адначасова, так супала, віншавалі з днём нараджэння вадзіцеля Станіслава Полацкага. Станіслаў Станіслававіч добрасумленна працуе ў гаспадарцы ўжо чвэрць стагоддзя і заўсёды дабіваецца высокіх вынікаў. Неаднойчы выходзіў пераможцам у спаборніцтве. І сёлета ён паказвае прыклад у працы. Вось ужо з пачатку жніва  перавёз ад камбайнаў тысячу тон збожжа –  лепшы паказчык у гаспадарцы. Гэтымі днямі на палетках гаспадаркі шчыруе дзевяць экіпажаў камбайнераў. Лідзіруюць па намалотах бацька і сын Валерый і Іван Гарэлікі. Ураджайнасць збожжавых складае звыш 39 цэнтнераў збожжа з гектара.

На  вызваленыя ад збожжавых палеткі вывелі свае трактары і аратыя. Яны закладваюць аснову пад будучы ўраджай – рыхтуюць глебу для сяўбы азімых. У іх ліку і перадавы механізатар Іван Жыбуль, які адзначыў на гэтым тыдні свой жыццёвы юбілей. Іван Васільевіч атрымаў каштоўны падарунак з пажаданнямі далейшага плёну ў працы.  

 

НОВАЯ ТЭХНІКА: УНІВЕРСАЛЬНЫ ПРЭС

У раёне працягваюцца мадэрнізацыя і тэхнічнае перааснашчэнне машынна-трактарных паркаў сельгаспрадпрыемстваў. На збожжавых палетках ААТ «Жацерава» задзейнічаны набыты нядаўна ў лізінг высокапрадукцыйны новы прэс-падборшчык-абмотчык рулонаў «Тарнада», вытворчасці ТАА «Біяком-Тэхналогія». Гэтай універсальнай тэхнікай у гаспадарцы зараз прасуюць у рулоны азімую і яравую салому. Пакуль яго будучы гаспадар Аляксандр Ганчарэнка заняты на жніве, работу на трактары «Беларус-3032» у счэпе з прэсам выконвае механізатар Сяргей Бандаровіч. З дапамогаю прэса кармы ўпакоўваюцца і ў стрэйч-плёнку. Ёсць такая манеўраная і кампактная машына таксама ў ААТ «Рубяжэвічы». Кіраўніцтвы вышэйназваных гаспадарак разумеюць, што без сучаснай тэхнікі, хоць і каштуе яна немалых грошай, сёння не абысціся. Хочаш, каб у далейшым павялічвалася вытворчасць малака – рыхтуй якасныя кармы.

 

АХОВА ПРАЦЫ : НА ЖНІВЕ ПРАЦУЮЦЬ МАБІЛЬНЫЯ ГРУПЫ

У рамках аб’яўленых у вобласці і раёне месячнікаў па забеспячэнні бяспечных умоў працы занятым на жніве і папярэджанні траўматызму, гаспадаркі раёна наведвае створаная пры райсельгасхарчы мабільная група. Яе члены  пабывалі ў ААТ «Рочавічы», «Рубяжэвічы», «Аталезь-агра» і «Шашкі». Ва ўсіх гэтых гаспадарках для працаўнікоў арганізавана гарачае харчаванне, абсталяваны душавыя. Механізатары перад выездам у поле праходзяць медыцынскі агляд.

Аднак  выяўлены і некаторыя парушэнні –  выдадзеныя спецабутак і спецадзенне выкарыстоўваюць не ўсе работнікі. Асаблівая ўвага ўдзяляецца непаўналетнім, якія працуюць на збожжатаках. А іменна, належна аформленай дакументацыі, якая дазваляе прыцягваць падлеткаў да работы. Члены мабільнай групы забяспечваюць спецыялістаў па ахове працы сельгаспрадпрыемстваў плакатамі і лістоўкамі па ахове працы і супрацьпажарнай бяспецы.

 

СЯЎБА: АСАБЛІВАЯ ЎВАГА – ЛЮЦЭРНЕ

Паралельна са жнівом у гаспадарках раёна абмалочваюцца насеннікі шматгадовых траў – раннія злакавыя і сярэдняспелыя травы. Справіліся з гэтай работай працаўнікі ААТ «Шашкі», дзе сабрана 21,1 тоны насення. Каля шасці цэнтнераў   насеннікаў на круг намалочваюць працаўнікі ААТ «Агранёманскі». Адначасова вядзецца і сяўба шматгадовых траў, якія занялі  плошчу звыш 2300 гектараў. Справа вельмі важная, бо травы  з’яўляюцца таннымі кармамі для жывёлы. Асаблівая ўвага ўдзяляецца люцэрне, 31,6 тоны насення якой набыта сёлета за бюджэтныя сродкі. Пасеяна 660 гектараў, больш за іншых у ААТ «Радзіма Якуба Коласа».

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *