Цвітуць кветкі – душа радуецца

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

Праязджаючы па вуліцы Школьнай у Любкаўшчыне, немагчыма не запыніць позірк на ўчастку перад вокнамі аднаго з трохкватэрных жылых дамоў, якія размяшчаюцца на цэнтральнай сядзібе сельгаставарыства. Ён патанае ў квецені. Да таго ж, на невялікім па памеры кавалку зямлі, так бы мовіць, на палянцы, створана з гіпсавых фігурак цікавая кампазіцыя на вясковы матыў. Зроблены ўмелымі рукамі драўляны млын удала ўпісваецца ў агульны інтэр’ер невялікага дворыка. Кветкі вісяць і ў вазонах на верандзе.

У кватэры нумар пяць, а менавіта так пазначана на шыльдачцы, жывуць спадары Рымашэўскія. Іна Міхайлаўна працуе загадчыцай мясцовай сталовай, а Эдуард Мечыслававіч – вадзіцелем у сельгаставарыстве. Як расказвае гаспадыня, яна вельмі любіць кветкі. Першую пакаёвую купіла дваццаць гадоў назад, калі атрымалі кватэру. Затым у пакоі з’явіўся другі вазон. І пайшло-паехала. Дзясяткі розных відаў экзатычных раслін нагадваюць аранжарэю. Яны стаяць і на падаконніках, і на падлозе. Непрыкметна захапленне перакінулася на вулічныя кветкі.

– Бачыла, як людзі ўпрыгожваюць свае прысядзібныя ўчасткі, і мне захацелася так зрабіць, хоць і не маю вялікага асобнага двара, – сказала Іна Міхайлаўна. – Пасадзіла ружы, астры, гваздзікі, ліліі, рамонкі, хрызантэмы – усе яны цвітуць і радуюць вока. Выходзіш на ганак  – душа радуецца. А млын зрабіў муж. Ён у мяне майстравы. Зайдзіце, падзівіцеся, якую альтанку ладную паставіў за домам.

І сапраўды ўтульнае атрымалася збудаванне, прыгожа аздобленае і ўмяшчальнае.

За круглым сталом можна пасядзець з сябрамі за кубкам кавы, адпачыць з задавальненнем.

Гаспадыня запрашае зайсці ў кватэру, каб паказаць хатнія кветкі. Адначасова запыняю позірк і на мностве мяккіх цацак, вялікіх і маленькіх. Іх цэлая калекцыя. Іншага слова і не падабраць, яны літаральна акупіравалі ўсе канапы. 

– Дзе ні бываю,  абавязкова купляю мяккую цацку,  проста не магу прайсці міма, – тлумачыць жанчына. – Пэўна, азарт гэты перадаўся ад мужа. Эдуард, такое ў яго захапленне, большую палову цацак выйграў у аўтаматах. І самае цікавае, што гэта ў яго добра атрымліваецца. 

– Рука ўжо набіта, – з жартам дадае Эдуард Мечыслававіч. – А ўвогуле, уся гэтая прыгажосць, што створана на вуліцы і ў хаце, – заслуга маёй любай палавінкі. Я толькі ажыццяўляю ўсе  задумы. Рамонт у хаце зрабілі адмысловы  –   дызайн яна сама выбірала. Вось плануем звонку кватэру сайдынгам аздобіць і плот з металапрофілю паставіць, каб яшчэ прыгажэй глядзелася.

Дарэчы, добраўпарадкаваннем у вёсцы займаюцца многія жыхары. Стараюцца, каб іх населены пункт выглядаў годна. І ўсе яны, як і Рымашэўскія, заслугоўваюць добрых слоў. Бо гэта таксама праца, і нялёгкая. А калі вакол чыста, акуратна, растуць кветкі, то і стомленасць знікае, паляпшаецца настрой. Адным словам, і самім прыемна, і людзям. 

У фае сталовай Іна Міхайлаўна таксама вырошчвае кветкі. Даглядаюць іх усе работнікі. Вазоны надаюць памяшканню ўтульнасць і, можаце пагадзіцца альбо не, павялічваюць апетыт. Але незалежна ад таго, хто як думае, абеды тут вараць смачныя – талеркі наведвальнікі вяртаюць пустымі. Зразумела, гэта не захапленне, а работа. Але выконвае яе кожны па-рознаму. У Іны Міхайлаўны «праколаў» не бывае. І нельга тут будзе не дадаць, што Іна Міхайлаўна не толькі выдатны повар, а і кулінар адмысловы. Свае здольнасці ў гэтай справе яна неаднойчы праяўляла падчас  конкурсаў, розных мерапрыемстваў. З густам накрые святочны стол і заўсёды любіць парадаваць мужа і сына, асабліва на Новы год, новай стравай.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *