Прыгараднае лясніцтва – у цэнтры добраўпарадкавання

Главное Эканомiка

Акінчыцкае лясніцтва так і хочацца назваць візітнай карткай Стаўбцоўскага лясгаса і Стаўбцоўшчыны.

Размешчанае ў знакамітых Коласавых мясцінах, па суседству з райцэнтрам і ажыўленымі аўтадарогамі, дачнымі таварыствамі, яно заўсёды прыцягвае турыстаў, аматараў грыбоў і ягад. Невыпадкова, што гэтай асенняй парой у лясных масівах лясніцтва шматлюдна.

– Расце лес і грыбы ў ім – гэта на радасць усім, – заўважае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Шарапа.

Мы знаходзімся ў 113 квартале, непадалёку ад турбазы «Высокі бераг». На высечцы сухастойных дрэў, уборцы захламленасці тут шчыруюць леснікі Анатоль Мядзведзеў і Дзмітрый Шуцько. Яны ствараюць умовы для росту больш прадукцыйнага лесу, бяспекі тых жа грыбнікоў і – немалаважна – пакідаюць пасля сябе парадак. За рабочы дзень кожны з іх выконвае паўтары-дзве нормы. Акрамя таго, яны выходзяць на абходы, каб не дапусціць у лесе самавольных высечак, папярэдзіць загаранні і інш.

На дзялянцы працуюць леснікі Дзмітрый Шуцько і Анатоль Мядзведзеў

Анатоль Мядзведзеў – самы вопытны ў лясгасе вальшчык. І, акрамя таго, дзесяць гадоў са свайго 24-гадовага стажу ён шчыруе ў статусе пенсіянера. Улоўліваем рабочы настрой Анатоля Аляксандравіча, якому цяжка не на працы, а – без працы. Разам з жонкай яны выгадавалі чацвёра дзяцей,  радуюцца унукам.

Дзмітрый Шуцько пачынаў у лясгасе 12 гадоў таму. Адразу шчыраваў у Налібацкім, Кляцішчанскім лясніцтвах. Перавёўся ў Акінчыцкае лясніцтва па сямейных абставінах – жаніўся, а ў апошні час сям’я пабудавала ў Стоўбцах кватэру. Дзмітрый прайшоў навучанне на вальшчыка лесу, завочна закончыў Барысаўскі каледж лясной гаспадаркі.

Расказваючы пра свае будні, леснікі прыгадваюць выпадак затрымання парушальніка, які вывез у лясны масіў смецце. У выяўленні падобных фактаў дапамагаюць ім так званыя фотапасткі, а таксама асветніцка-прафілактычная работа з насельніцтвам. Таму гэта і іх вынік працы, што смецця ў прыгарадных лясах стала значна менш.

У цэлым работы ў лесаводаў прыбавілася, таму што ў апошнія гады разліковая лесасека на высечках галоўнага карыстання павялічылася фактычна ў чатыры разы. «Няма калі расслабляцца, і кваліфікацыю неабходна ўвесь час павышаць, вывучаць тэхнічную дакументацыю», – гаворыць майстар лесу першага класа Вячаслаў Салдаценка. З лясной гаспадаркай Вячаслаў Вітальевіч цесна звязаны на працягу 23 гадоў.

З 2008 года ўзначальвае Акінчыцкае лясніцтва Міхаіл Цялушка. Вопытнаму лесаводу летась быў прысвоены першы клас ляснічага. На даны момант такіх спецыялістаў у лясгасе чатыры.

Ля мінідэндрапарка Акінчыцкага лясніцтва – майстар лесу Вячаслаў Салдаценка і ляснічы Міхаіл Цялушка

На службовай «Ніве» Міхаіл Мікалаевіч праязджае за дзень не адзін дзясятак кіламетраў лясных дарог. Асноўная задача – догляд маладога лесу, у тым ліку высечка дрэў, пашкоджаных караедам,  пасадкі лясных культур. Акінчыцкае лясніцтва ажыццявіла сёлета высечкі догляду ў маладняках на 290 га, і гэты паказчык – адзін з самых маштабных у Мінскай вобласці. Вясной на базе лясніцтва прайшоў Тыдзень лесу з удзелам кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Акінчыцкае лясніцтва праводзіць вялікую работу па добраўпарадкаванні прыдарожных палос, стварае ў лясных масівах месцы адпачынку, аказвае дапамогу гораду ў навядзенні парадку. «Сябруем з музеем», – адзначае Міхаіл Цялушка добрасуседскія адносіны лясніцтва і філіяла Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. І, акрамя таго, побач з сядзібай у Альбуці размешчана пасека лясніцтва.

У Акінчыцкае лясніцтва незалежна ад пары года ідуць людзі, каб атрымаць паслугу па дастаўцы дроў або адвядзенні дзялянкі для іх саманарыхтоўкі, набыць бярозавы сок і г. д.

– Калектыў лясніцтва стабільны. У нас такіх работнікаў, што «прыйшоў-пайшоў», – няма, – кажа Міхаіл Цялушка. – Працуе сямейная дынастыя леснікоў – бацька і сын Уладзімір і Сяргей Парчэўскія. Нельга не адзначыць леснікоў  Анатоля Бурновіча, Алега Філіповіча, Аляксандра Карповіча, Аляксандра Сідорыка, Дзмітрыя Пяткевіча, Юрыя Сідорыка. У лясніцтве самыя высокія паказчыкі ў вытворчай дзейнасці ў лесніка Міхаіла Кавалеўскага.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *