Разумныя, творчыя, амбіцыйныя

Главное Моладзь Стаўбцоўшчыны

У раён прыехалі маладыя спецыялісты, якія хацелі б сцвердзіцца ў сваёй прафесіі. І першыя крокі паказалі, што яны здольныя не толькі на працу, але і на здзяйсненне ўчынкаў  

Напрыканцы жніўня – у пачатку верасня фактычна ва ўсе працоўныя калектывы прыходзіць маладое папаўненне. Як правіла, яго чакаюць, таму што развіццё і прагрэс нельга ўявіць без сучасных ведаў і мабільнасці, якімі валодае моладзь. На яе ўскладаюць вялікія надзеі. Як прынялі маладых спецыялістаў і што ім прапанавалі, дзе пасялілі і які заробак паабяцалі? На гэтыя і іншыя пытанні мы пагутарылі з дзяўчатамі і хлопцамі, у якіх на Стаўбцоўшчыне пачаўся сёлета адлік працоўнай біяграфіі. Большасць іх – работнікі бюджэтнай сферы, а менавіта ўстаноў культуры і адукацыі.

Марына Зубовіч, педагог па класу акардэона ДУА «Стаўбцоўская дзіцячая школа мастацтваў«:

– Пасля заканчэння з адзнакай Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа атрымала  размеркаванне ў сваю родную школу. Мяне сустрэў дружны калектыў. Яго дырэктар Т. І. Курмышава калісьці была маім першым педагогам.

Мне прадаставілі вялікі кабінет, новыя інструменты для работы – толькі самарэалізоўвайся і дапамагай рабіць гэта дзецям. Для навучання ўжо набраны восем чалавек. У школе мастацтваў яны пачаткоўцы. Радуе, што ўсе дзеці вельмі зацікаўленыя. Чакаюць урокаў. Настроены пазітыўна. Я стараюся даць ім усё, што ўмею сама. Рыхтуюся да конкурса «Віртуоз года». Ён будзе праходзіць у кастрычніку і я буду ўдзельнічаць у ім як выкладчык. Я іграю і спяваю, таксама як і мая матуля, выкладчык Старасвержанскай школы мастацтваў.

Жыву дома, таму ў мяне няма праблем у бытавым плане. Заработную плату яшчэ не атрымлівала, але маладым спецыялістам прадугледжана надбаўка. У планах – паступаць і вучыцца далей.

Руслан Тамілін, інструктар-метадыст ДУ «Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Стаўбцоўскага раёна»:

– Закончыў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «фізічная культура», таму працую акурат у сваёй сферы. Сам я спартсмен-універсал і магу нешта парэкамендаваць трэнерам ФАКа ў плане тэхнікі і інш. Пасля пандэміі  людзі сталі больш хадзіць у ФАК, аднавіліся і штодзённыя трэніроўкі па плаванні. Мне трэба сачыць за парадкам у басейне. Так здарылася, што ў першы тыдзень сваёй работы выхапіў з вады дзіця, якое танула…

Планую адкрыць новую секцыю – па флаг-футболу. У далейшым, магчыма, буду працаваць трэнерам, але ў любым выпадку хачу звязаць свой лёс са спортам. Дома мяне акружаюць настаўнікі – у школе працуюць бацька і сястра, мама – у дзіцячым садзе. Імкнемся адзін аднаго падтрымліваць.

Ульяна Сяледчык, выхавальнік ДУА «Дзіцячы сад № 8 г. Стоўбцы»:

– Я вучылася ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка па мэтавым накіраванні і вярнулася працаваць у свой раён. Сустрэлі вельмі добра ва ўпраўленні па адукацыі, спорце і турызме, у дзіцячым садзе. Ва ўпраўленні А. І. Варанецкая мне ўсё расказала, растлумачыла, пацікавіліся, дзе я хачу працаваць. Мне прапанавалі новы дзіцячы сад. Гэта – сапраўдны палац і для дзяцей, і для выхавальнікаў. Мне пашанцавала з настаўнікам – працую ў пары з вопытным педагогам А. М. Ясючэня. Вельмі люблю сваю прафесію. А пачуццё гэта прывілі мне з дзяцінства педагогі дзіцячага сада № 2 г. Стоўбцы.

Бытавых праблем няма, таму што мы з мужам жывем у бацькоў. Маем свой аўтамабіль. Узяліся разбудоўваць дом. У рабоце хачу набрацца вопыту.

Ксенія Грамыка, выкладчык тэатральнага аддзялення ДУА «Стаўбцоўская дзіцячая школа мастацтваў«:

– Праводжу заняткі ў дзяцей. Іх у мяне 19 чалавек. Пакуль знаёмімся, падбіраем рэпертуар. Кабінет для заняткаў ёсць. Жаданне ў дзяцей – таксама. Планую навучыць іх сцэнічнай мове і акцёрскаму майстэрству, каб напрыканцы вучэбнага года ўсе яны добра сябе паказалі на экзаменах.

Закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «сацыяльна-культурная дзейнасць». Работу знайшла сама. Мне пашанцавала. Школа мастацтваў – гэта мой другі дом. Калісьці сама вучылася ў тэатральным аддзяленні.

На рабоце ўсё задавальняе, адносіны добрыя. Жыву з бацькамі.

Ягор Даніленка, канцэртмайстар ДУА «Стаўбцоўская дзіцячая школа мастацтваў»:

– Працуецца выдатна, 15 жніўня афіцыйна прыступіў да сваіх абавязкаў. Мае бацькі жывуць у Мінскім раёне, а я прыехаў у Стоўбцы па размеркаванні пасля Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў (спецыяльнасць – «класічнае фартэпіяна»). Такі варыянт прапанавала мне завуч, і я згадзіўся. Ад Стоўбцаў блізка да дому. Мне выдзелілі арэнднае жыллё па вуліцы Міру – аднапакаёвую кватэру. Маю ўсе неабходныя ўмовы. Ад дома да работы – 10-15 хвілін пешшу. Для адпачынку ў горадзе ёсць парк, стадыён, басейн. Па выхадных езджу да бацькоў, маршрутка ходзіць часта.

Калектыў школы мастацтваў – добразычлівы, камунікабельны. У мяне добрая нагрузка. Атрымаў пад’ёмныя. Плата за кватэру невялікая.

З задавальненнем працую і з дзецьмі, і з педагогамі. На інструменце я іграю з шасці гадоў, фактычна большую частку свайго жыцця. Выступаў на розных конкурсах, у тым ліку і міжнародных. Мару пра выканальніцкую дзейнасць.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *