Сёння газета «Прамень» адзначае Дзень нараджэння

Главное Соцыум

Дваццаць другога верасня наша раённая газета «Прамень» адзначыць сваю 81 гадавіну з дня выхаду першага нумара газеты.

«Прамень»– гэта выданне, СМІ, які расказвае пра падзеі, што адбываюцца на Стаўбцоўшчыне, г. зн. піша яе летапіс. Мы імкнемся расказваць пра кожную вёсачку, пра вас, паважаныя падпісчыкі, пра вашых родных і блізкіх, пра вашыя захапленні, працоўныя калектывы.

У нашай рэдакцыі заўсёды працавалі людзі нераўнадушныя, адданыя сваёй справе. А праца журналісцкая не з лёгкіх: трэба сабраць матэрыял, напісаць, вычытаць, набраць, звярстаць і надрукаваць. А матэрыялы могуць яшчэ і перапрацоўвацца, дапрацоўвацца… Журналісту не абысціся без скрупулёзнасці, уседлівасці, уедлівасці, цярпення. У той жа час патрэбны як аптымізм, так і павага да свайго суразмоўніка, каб публікацыі былі аналітычныя і… лірычныя. У наш час з’явілася шмат крытыкаў, блогераў, людзей, якія разбіраюцца ва ўсіх прафесіях. Даюць парады і нам, журналістам, пра што пісаць і як пісаць. Да канца не дачытваючы газетны артыкул, робяць вывады на карысць сабе, пішуць некарэктныя каментарыі ў сацсетках. Сябры, давайце будзем паважаць у першую чаргу сябе і працу сваіх калег.

Сёння я хачу выказаць словы ўдзячнасці за працу ветэранам раёнкі Святлане Жыбуль, Васілю Зянько, Лёнгіну Ваяводскаму, Ганне Бычынскай, Раісе Клімко, Таццяне Шалькевіч, Міхаілу Мазуру, Тамары Казей, Галіне Паўловіч, якія і сёння падтрымліваюць імідж «Праменя». Нізка схіляем галовы перад светлай памяццю Фёдара Бандаровіча, які амаль паўвека прысвяціў газеце, з іх 37 гадоў – на пасадзе намесніка рэдактара. Помнім. Смуткуем.

Але час не стаіць на месцы. Сёння калектыў абнаўляецца, маладзее. Хачу, каб гэта быў калектыў аднадумцаў, майстроў сваёй справы. Сёння ў калектыве сплаў вопыту і маладосці. Намеснік рэдактара Таццяна Пяткевіч, карэспандэнт Надзея Баталка – з багатым журналісцкім стажам. Цікавы падыход да сваёй справы і ў нашых маладых супрацоўнікаў: рэдактара інтэрнэт-рэсурса Ксеніі Рубін і адказнага сакратара Марыны Кутас. Скрупулёзнасцю, прафесіяналізмам выдзяляецца старшы карэктар Вольга Васільева, а вось аператары электроннага набору і вёрсткі Наталля Клыгач і Яна Гудзілава – сапраўдныя наватары ў сваёй справе, у якой  спалучаюцца творчае мысленне і дзелавітасць.

Плённа працуе з нашымі партнёрамі, рэкламадаўцамі спецыяліст па рэкламе Галіна Уласік, а галоўны бухгалтар Юлія Зяленка  робіць усё магчымае, каб газета займала стабільнае фінансавае становішча. Свой уклад у работу калектыву ўносіць і вадзіцель Віктар Варажун.

Свой дзень нараджэння «Прамень» сустракае з добрымі паказчыкамі ў рабоце. Галоўны з іх – прызнанне чытачоў. Словы шчырай падзякі за супрацоўніцтва адрасую аддзелу па рабоце са СМІ галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, раённаму выканаўчаму камітэту, раённаму Савету дэпутатаў, установам сацыяльнай сферы, аграпрамысловага комплексу, праваахоўным органам, асабліва РАУС, які падпісвае нашу раёнку ўсім калектывам.

Газета ніколі не цуралася эксперыментаваць, не перарывала адбор «нестандартных» тэм, знаходзіцца ў пастаянным пошуку. Самае галоўнае для нас – захаваць сваё месца ў сэрцах чытачоў, ствараць сучаснае, інфармацыйна насычанае выданне. Газета «Прамень» мае свой сайт pramen-news.by, які аператыўна расказвае аб жыцці рэгіёна і вобласці.

Прыходзьце да нас, тэлефануйце, пішыце.

Спадзяюся, што вы, паважаныя падпісчыкі і чытачы, не забыліся аформіць падпіску на IV квартал 2020 года. Памятайце, што «Прамень» – газета для ўсёй сям’і і кожнага з вас.

Шчыра віншую калектыў рэдакцыі, ветэранаў друку, падпісчыкаў нашай любімай газеты «Прамень» з днём нараджэння. Спадзяюся, што наша выданне знойдзе яшчэ больш сяброў і прыхільнікаў. Будзем разам!

З павагай Нэлі Астрэйка, рэдактар, выдатнік друку Беларусі

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *