Увосень работ восем

Главное Сельская гаспадарка

Ажыўлена гэтымі днямі на палетках ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Як кажуць у народзе, «Увосень работ восем», і ўсе яны важныя. З раніцы да позняга вечара не спадае напружанне, руплівыя працаўнікі клапоцяцца своечасова ўбраць вырашчаны ўраджай кукурузы і пасеяць азімыя збожжавыя.

На парадку дня ўборка кукурузы, бо нарыхтоўка кармоў з’яўляецца адной з найважнейшых кампаній. Ураджайнасць «каралевы палёў» тут самая высокая ў раёне, з кожнага гектара атрымліваюць звыш 400 цэнтнераў зялёнай масы.

Галоўны аграном Аляксей Чандакоў (у цэнтры) правярае спеласць пачаткаў, (злева направа) механізатар Уладзімір Пявец, камбайнер Генадзій Янскі, брыгадзір Аляксандр Бушма і механізатар Уладзімір Шахаў

– Нам неабходна ўбраць на сілас 550 гектараў кукурузы і 70 – на зерне. Гэта кармавая культура сёлета радуе, спадзяёмся нарыхтаваць жывёле ў дастатковай колькасці пажыўнага і якаснага корму, – адзначае галоўны аграном Аляксей Чандакоў. – Высявалі гібрыды пераважна ўкраінскай селекцыі, якія занялі плошчу 450 гектараў, на астатняй – вядомых замежных фірм Байер і Лімагрэйн. І не прагадалі. Дарэчы, падчас хімпраполак кукурузы ад пустазелля мы не прымянялі прэпараты, якія ўтрымліваюць рымсульфурон і гарманальныя.

На кормаўборачных камбайнах працуюць Генадзій Янскі, у распараджэнні якога «Ягуар», і Юрый Масель – яму даручылі напачатку зялёнага жніва новы «КВК-800». На адвозцы шчыруе зладжаная каманда вадзіцеляў і механізатараў. Кругласутачна на «Амкадорах» трамбуюць зялёную масу Генадзій Янскі (старэйшы) і Васілій Леўкавец.

Аграном Андрэй Фартоцкі, механізатар Міхаіл Ванагель і брыгадзір Алена Філіповіч зацікаўлены атрымаць высокі ўраджай азімых збожжавых

На дзень наведвання гаспадаркі былі запоўнены дзве сіласныя траншэі на тры тысячы тон кожная на МТФ «Пагарэлае» і МТФ «Жыгалкі», а таксама завяршалася закладка траншэі на 1,5 тысячы тон на МТФ «Грабёнаўшчына».

Усяго згодна з заданнем корманарыхтоўшчыкам таварыства неабходна закласці 17 тысяч тон сіласу. Пры сёлетняй ураджайнасці «каралевы палёў» цалкам магчыма план перавыканаць. Папоўняць і запасы сенажу, якога ўжо нарыхтавалі практычна пад поўную патрэбнасць – 13 200 тон. Галоўны аграном адзначае, што ў гаспадарцы многа сеяных траў. Падрастаюць на вопытным полі травасумясі – папярэдне на гэтых сенажацях правялі чатыры ўкосы, будзе і пяты.

Выдатны настрой у вагаўшчыцы Лідзіі Рымашэўскай і трактарыста Генадзія Янскага

Надвор’е спрыяе вясковым працаўнікам, але як гаворыцца, кукурузу ўбірай, а пра азімыя не забывай. Пад азімыя збожжавыя культуры ў таварыстве адведзена 1100 гектараў, што на 120 гектараў больш, чым летась. Ураджайнасць збожжавых і зернебабовых атрымалі сёлета неблагую, намалацілі 47,3 цэнтнера збожжа з кожнага гектара, і па гэтым паказчыку занялі трэцяе месца сярод гаспадарак раёна. Працаўнікі прыкладаюць старанні, каб у наступным годзе атрымаць вышэйшы паказчык. Задзейнічаны на пасяўной два камбінаваныя пасяўныя агрэгаты. Рупяцца Міхаіл Ванагель і Віталій Ждановіч. На ворыве глебы шчыруюць Уладзімір Калевіч і Марат Берташ.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *