У хора «Журавы» ёсць будучыня

Важное Культура

Амаль 40 гадоў працуе пры Стаўбцоўскім раённым цэнтры культуры хор ветэранаў «Журавы». Прыходзяць і становяцца яго ўдзельнікамі людзі «залатога» ўзросту, улюбёныя ў песню, якія замест сядзення на лавачцы ля пад’езда аддаюць перавагу актыўнаму творчаму жыццю.

Шмат гадоў спяваюць у хоры Станіслаў Грывачэўскі (стараста), Ніна Захаранка, Вацлава Дзядзейка, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Ганна Клімаш, сямейная пара Тамары і Мікалая Данец, Таццяна Хамраева, Марыя Дамброўская, Любоў Пераваева. У гэтым годзе ў хор прыйшлі Святлана Кот, Ірына Пальчэўская, Георгій Пальчэўскі, Валянціна Каспяровіч.

У рэпертуары калектыву – рускія і беларускія народныя песні, песні савецкіх кампазітараў, сучасныя эстрадныя песні. Хор – гэта калектыў, дзе мы разам не толькі спяваем, але і адпачываем за кубачкам чаю, адзначаем дні нараджэння.

Хор «Журавы» не раз выступаў на раённай сцэне падчас канцэртаў, прысвечаных Дню пажылога чалавека, Дню маці, а таксама выязджаў з канцэртнымі праграмамі ў дамы-інтэрнаты ў Мікалаеўшчыну і Куль, з поспехам гастраляваў па раёне падчас святаў вёсак.

Нас вельмі цёпла прымае публіка і заўважана, калі ўдзельнікі хору  пачынаюць спяваць, то на вачах маладзеюць. Здаецца, ад іх надоўга «ўцякаюць» усе балячкі і надакучлівая старасць.

На жаль, час няўмольны, і нас становіцца менш. Мы запрашаем у хор усіх аматараў песні, хто хоча быць сярод аднадумцаў. Прыходзьце, мы будзем рады вам!

Заняткі праходзяць па чацвяргах і суботах у 10.00 (кант. тэл. 8-029-711-68-76).

Не забывайце, што песня падаўжае жыццё. Давайце спяваць і радавацца кожнаму новаму дню!

Людміла СІНЬКЕВІЧ, хармайстар хора ветэранаў «Журавы»



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *