Закурылі на мехдвары

Нумары РАНС інфармуе

Уборачная кампанія набірае абароты. Для работнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, як і для хлебаробаў, гэта таксама гарачая пара. Нашы супрацоўнікі штодзень наведваюць сельскагаспадарчыя арганізацыі і праводзяць маніторынгі гатоўнасці збожжаўборачнай тэхнікі да жніва. Работнікі інспекцыі наведалі шэсць сельгаставарыстваў. Устаноўлена, што пярвічнымі сродкамі пажаратушэння ў поўным аб’ёме забяспечана збожжаўборачная тэхніка ААТ “Каганец”, “Рубяжэвічы” і ААТ АБФ “ПМК-74 – Налібакі”. У астатніх трох – ААТ “Аталезь-агра”, “Шашкі” і “Дзераўное” – тэхніка недаўкамплектавана нарматыўнай колькасцю сродкаў пажаратушэння. Устаноўлена таксама, што аператар збожжасушыльнага комплексу, які размешчаны ў Дзераўной, не праходзіў навучанне па праграме пажарна-тэхнічнага мінімуму (адсутнічаюць элементарныя веды выкліку пажарных падраздзяленняў).

У мінулую суботу паблізу вёскі Крамец працавалі два камбайны ААТ “Вішнявецкі-агра” без прыкрыцця прыстасаванай для тушэння пажару тэхнікай. Хоць такая  спецтэхніка ў гаспадарцы ёсць, але прыбыла яна на поле асобна ад камбайнаў. Да таго ж, з дзвюх аўтамашын, якія перавозілі збожжа, толькі адна была ўкамплектавана сродкамі пажаратушэння, а ў другой замест двух вогнетушыцеляў у наяўнасці быў толькі адзін. Такія ж парушэнні выяўлены ў ААТ “Шашкі” падчас работы чатырох камбайнаў каля Трылеса. У ААТ “Аталезь-агра” і ААТ “Дзераўное” на камбайнах у наяўнасці толькі па аднаму вогнетушыцелю. Не ўкамплектаваны пярвічнымі сродкамі пажаратушэння збожжасушыльныя комплексы ў ААТ “Радзіма Дзяржынскага” і “Дзераўное”.

Як высветлілася падчас праверкі, не ўсе работнікі сельгаспрадпрыемстваў адказна адносяцца да выканання правілаў пажарнай бяспекі. Так, былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу два работнікі ААТ “Радзіма Дзяржынскага”, якія падчас сустрэчы з інспектарамі закурылі на тэрыторыі мехдвара.

Супрацоўнікі РАНС яшчэ раз нагадваюць аб неабходнасці няўхільнага прытрымлівання правілаў пажарнай бяспекі – толькі пры такой умове ўборачная кампанія пройдзе паспяхова.

Таццяна ТАРАСЕВІЧ, інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *