Гледачам Італіі і Славакіі – мастацкія прывітанні ад Стаўбцоўшчыны

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

Кожны калектыў хоча і імкнецца зрабіць так, каб іх ведалі не толькі на Радзіме, але і за мяжой. Таму кіраўнікі  арганізоўваюць творчыя паездкі на міжнародныя фестывалі. Так і наш кіраўнік Наталля Антонаўна Захарава арганізавала ў гэтым годзе выдатную паездку ў Італію, дзе мы прынялі ўдзел у шостым Міжнародным фальклорным фестывалі «Рыміні-2014». Наша падарожжа пачалося на тэрыторыі Славакіі. Гэтую краіну мы наведалі нездарма, бо ў красавіку 2013 года прымалі ўдзел у фестывалі «Дзень танца» ў Славакіі ля падножжа Татр (найвышэйшая частка гор Карпаты, якая знаходзіцца ў Славакіі і Польшчы). Славакія зачаравала нас не толькі сваёй прыгажосцю, але і незвычайнымі традыцыямі, дзіўнымі гісторыямі, якія  з асаблівым энтузіязмам распавядала нам экскурсавод Раіса. Беларуска па паходжанні, яна пераехала ў Славакію каля 17 гадоў таму. Разам з ёй мы наведалі Кошыцэ і Прэшоў, а таксама Будапешт.

Сёлета мы пабывалі і ў сталіцы Славакіі. У Браціславе  наведалі Браціслаўскі Град, Сабор Святога Марціна, Галоўную плошчу, Старую ратушу, помнік героям Другой сусветнай вайны. Пасля Браціславы нас чакала доўгая дарога ў сонечную Італію.

Калі мы прыехалі ў Рыміні, нас засялілі ў гасцініцу з выглядам на Адрыятычнае мора. Адкрыццём фестывалю стала шэсце, на якім прадстаўнікі кожнай краіны былі апранутыя ў нацыянальныя касцюмы і неслі свае сцягі. На нашых плячах ляжала вялікая адказнасць: мы прадстаўлялі не толькі свой калектыў, але і  Беларусь. Хацелася б падкрэсліць, што на фестываль прыбыло нямала прафесійных і самадзейных харэаграфічных калектываў з розных краін. Кожны з іх выступаў не менш за 10 хвілін, у выніку чаго фестывальная праграма доўжылася на працягу пяці гадзін. Наш калектыў выступіў у ліку апошніх, аднак, нягледзячы на стомленасць гледачоў і нашых дзяўчат, якія доўга чакалі сваёй чаргі, нас прынялі на «ўра». Сапернікі былі вельмі добра падрыхтаваны, і мы павінны былі паказаць сябе з найлепшага боку. Мы здолелі гэта зрабіць – усіх гледачоў здзівілі сваімі арыгінальнымі касцюмамі, добрай харэаграфічнай школай і ансамблевай вывучкай.

За нашы старанні мы  ўзнагароджаны дыпломам першай ступені.

Рыміні – самы вялікі марскі курорт на ўзбярэжжы Адрыятычнага мора, таму мы атрымлівалі сапраўднае задавальненне, купаючыся і загараючы на пясчаным  пляжы. Пляжная зона курорта ў ліку самых прыгожых у Еўропе! На наступны дзень пасля фестывалю ў нас была запланавана паездка ў Сан-Марына – адну з самых маленькіх дзяржаў у свеце, якая з усіх бакоў акружана тэрыторыяй Італіі. Гуляючы па старадаўніх вулачках сталіцы, якая зручна размясцілася на схіле гары Монтэ Тытана, мы зачароўваліся прыгажосцю прыроды. На вяршыні Монтэ Тытана любаваліся трыма крэпасцямі-вежамі: Гуаіта, Чэста і Мантале. Наступным прыпынкам на нашым шляху была выдатная Венецыя. Агорнутая лёгкай смугой, выкліканай пастаяннай вільготнасцю, Венецыя здаецца казачнай. Прайшоўшы па вузкіх вулачках да плошчы Святога Марка, мы, не хаваючы свайго захаплення, глядзелі на палацы, галоўную водную вуліцу Венецыі – Вялікі канал, з яго гандоламі і гандальерамі, з маленькімі крамкамі, у якіх прадаюцца венецыянскія карнавальныя маскі. Вяртаючыся на мацярык на карабліку, мы ўсе кінулі манеткі ў мора, каб абавязкова вярнуцца сюды.

Заключным горадам у нашай паездцы была Вена. І не выпадкова. Мы ўсе шмат чулі пра тры «жамчужыны Дуная», тры сталіцы дзяржаў: Будапешт, Браціславу і Вену. Нам, як і іншым, хацелася наведаць іх усе тры. Вена, як і дзве папярэднія сталіцы, уразіла нас сваёй прыгажосцю. Гэта горад раскошных палацаў, велічных плошчаў, маляўнічых вулачак. Ва ўсіх сталіцах існуюць месцы, якія кожнаму турысту варта наведаць. У Вене гэта: Венская Дзяржаўная Опера, Парк Фольксгартэн (Парк руж), Музей Коней, Палац Ліхтэнштэйн, Сабор Святога Стэфана.  Нам не было часу сумаваць. Перадконкурсная падрыхтоўка, шэсце, выступленне ўдала сумяшчаліся з экскурсіямі (варта аддаць належнае арганізатарам, якія зрабілі для нас займальную праграму) і звычайным курортным адпачынкам – купаннем, загараннем. Але, як кажуць, у гасцях добра, а дома – лепш. І мы шчаслівыя, з дыпломам першай ступені фестывалю, з сувенірамі, уражаннямі і надзеяй на новыя цікавыя паездкі вярталіся на Радзіму. Там нас чакала апошняе  выступленне ў гэтым навучальным годзе – справаздачны канцэрт у Нацыяльнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь.  Мы дзякуем бацькам, якія прафінансавалі нашу паездку, нашаму любімаму кіраўніку і ўсім дарослым, якія суправаджалі і акружалі нас сваім клопатам падчас паездкі.

Наталля КУТАС, удзельніца ўзорнага харэаграфічнага ансамбля танца «Гарошынка»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *