«Віціны» – на турыстычным злёце

Год гасцiннаcцi Нумары

image_pdfimage_print

“Год гасціннасці на Міншчыне” – такая тэма першага абласнога турыстычнага злёту. Каманды раёнаў, якія прадстаўлялі спецыялісты сацыяльнай сферы райвыканкамаў, размясціліся ў сапраўдным палатачным гарадку. Вырас ён у адначассе ва ўрочышчы Чартонава на ўзбярэжжы ракі Вілія. 24 каманды, больш за 400 удзельнікаў – усё гэта было шматфарбна, маляўніча. Але галоўнае – спаборніцтва, дзе асноўны прынцып: перамагае мацнейшы.

Адкрыў злёт, звяртаючыся з прывітаннем да ўдзельнікаў, намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандр Юшкевіч. Ён, у прыватнасці, сказаў: «Ідэя правесці падобныя мерапрыемствы ўзнікла яшчэ летась. І вось, дзякуючы найперш маладзечанцам, якія сёння гасцінна прымаюць нас на сваёй зямлі, яе ўдалося ажыццявіць. Упэўнены, што гэтыя тры дні праляцяць хутка, і вы з нецярпеннем будзеце чакаць наступнага лета, каб зноў падрыхтаваць каманды і паказаць сваё ўменне.

Размяшчэнне ўдзельнікаў, знаёмствы, і – дадзены старт дзейству. Пачалося яно з прадстаўлення кожнай каманды падрыхтаванай візітоўкай. У нашай, якая выбрала назву “Стаўбцоўскія віціны”, зразумела, прысутнічала і тэма старадаўняга плавальнага сродку на Нёмане, які сімвалічна прадстаўлены на гербе Стоўбцаў. Творчую частку спаборніцтваў складаў і конкурс на лепшую нацыянальную страву. Нашы кулінары пастараліся падрыхтаваць апетытны пачастунак на засланым саматканым абрусам  стале. Ацэньвала журы і афармленне турыстычных лагераў. Па колькасці балаў стаўбчане тут сталі шостымі.

На наступны дзень каманды распачалі гарачыя спартыўныя спаборніцтвы. Самай складанай была праграма тэхнікі пешага турызму. Чатыром удзельнікам, сярод якіх былі тры мужчыны і жанчына, належала адолець пераправы – навясную і па бервяне, забалочаную мясціну і нават вынесці “пацярпелага” ў выніку такіх баталій. Налічаныя ачкі дазволілі калектыву Стаўбцоўшчыны заняць у гэтым відзе месца ў першай дзясятцы.

Спраўнымі былі нашы ў турніры па валейболе – чацвёртае месца, трапнымі ў дартсе – пятае месца. Хуткасці і спрактыкаванасці дзеянняў патрабаваў конкурс па распальванні кастра. Час, затрачаны на гэта турыстамі “Віцін”, аказаўся пятым з усіх камандаў. Весела было тым, хто назіраў, і няпроста ўдзельнікам конкурсаў у скачках праз скакалку і ў фігурным ваджэнні веласіпеда. Адным словам, пацвярджалася ісціна: турыст усё ўмее.

Такім чынам спаборніцтвамі на Маладзечаншчыне дадзены пачатак традыцыі правядзення абласных турыстычных злётаў. Неўзабаве на бераг Нёмана пакліча турыстаў і наш раённы злёт. Цудоўныя мерапрыемствы з мэтай папулярызацыі здаровага ладу жыцця.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *