Багаты каравай велікадворскіх хлебаробаў

Нумары Ураджай-2014

image_pdfimage_print

У ліку першых у раёне намалаціў тысячу тон збожжа экіпаж камбайнераў з ААТ «Вялікі Двор» у складзе бацькі і сына Сяргея і Аляксандра Сенькаў. Павіншаваць хлебаробаў з працоўнай перамогай прыехалі на поле першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Іван Загдай і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Тамара Калошыч. Са шчырымі словамі ўдзячнасці за плённую працу і пажаданнем дасягнуць у далейшым яшчэ вышэйшых намалотаў яны ўручылі перадавікам падзячныя пісьмы райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў АПК і падарункі.

Як і ў мінулыя гады, працаўнікі таварыства атрымліваюць самую высокую ўраджайнасць у раёне. Гэтымі днямі з кожнага гектара тут намалочваюць 56 цэнтнераў. Самыя  ўраджайныя трыцікале і піваварны ячмень, гэтыя культуры даюць  больш за 60 цэнтнераў  збожжа на круг. Умалотная і пшаніца.

Галоўны аграном Генадзь Бязушка расказвае, што ўборачная кампанія ў гаспадарцы праходзіць у напружаным рытме. Здараюцца і паломкі тэхнікі, бо камбайнавы парк патрабуе абнаўлення. Аднак людзі стараюцца ўбраць вырашчанае хутчэй і без страт. Хлеб вырас неблагі, прыкладна на такую ўраджайнасць і разлічвалі. Уборцы спрыяе надвор’е.

Хлебаробам гаспадаркі сёлета неабходна ўбраць 1230 гектараў збожжавых. Па тэмпах уборкі яны ў лідзіруючай групе. Намалочана звыш пяці тысяч тон збожжа. Рупяцца ў полі сем экіпажаў, тры з якіх ужо сталі «тысячнікамі». Услед за Сенькамі дасягнулі высокага паказчыка Генадзь і Дзмітрый Райскія, Мікалай Тарабэш і Аляксандр Мядзведзь. Гэтая планка днямі пакарыцца Фінату Саітгарэеву і Яўгену Масцеравенку. Перавезлі тысячу тон збожжа вадзіцелі Міхаіл Кірыкеш, Іван Ціткоў і малады Ігар Мядзведзь.

Для працуючых на жніве арганізавана трохразовае харчаванне: гарачы абед і  два сухія пайкі – раніцаю і ўвечары, таксама мінеральная вада. Распрацавана сістэма аплаты працы. Дзённы заробак у некаторых камбайнераў  больш за мільён 200 тысяч рублёў. Арганізавана спаборніцтва, вынікі якога падводзяцца штодзень.

Велікадворскія хлебаробы актыўна вязуць збожжа на хлебапрыёмнае прадпрыемства. Яны першымі выканалі дзяржзаказ па продажу пшаніцы і жыта, прыступілі да здачы піваварнага ячменю. Рэалізавалі патрэбную колькасць  масланасення рапсу, ураджайнасць якога склала 31,9 цэнтнера – другі паказчык сярод гаспадарак раёна. Адначасова закладваецца ў гаспадарцы і падмурак новага ўраджаю. Звозіцца салома. Рыхтуецца глеба –  на гэтай аперацыі заняты механізатар Аляксандр Райскі.

Надзея БАТАЛКА

На здымкУ: першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Іван Загдай і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч віншуюць з працоўнай перамогай экіпаж камбайнераў у складзе Сяргея і Аляксандра Сенькаў.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *