Без адміністрацыі не бывае школы

Адукацыя Главное

Са свайго саракагадовага працоўнага стажу Ала Сянько большую палову выкладала ў пачатковых класах, а з 2003 года яна, вопытны і ўлюбёны ў сваю справу педагог, выконвае адміністрацыйныя абавязкі на пасадзе намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. Ала Анатольеўна нарадзілася на Стаўбцоўшчыне, у вёсцы Асіпаўшчына, закончыла Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага і раз і назаўсёды звязала сябе з сельскай установай адукацыі – ДУА «Дзераўнянская сярэдняя школа». Сціплая, як сапраўдны інтэлігент, і амаль не публічная, яна непрыкметна стварае ў школе тую асаблівую атмасферу, якая яднае вучняў, бацькоў і педагогаў, якая выводзіць школьны соцыум далёка па-за сцены ўстановы адукацыі, і ўсё дзеля галоўнай мэты – каб моладзь ішла ў жыццё падрыхтаванай, устойлівай да выклікаў сучаснага свету.    

– Вельмі люблю дзяцей, разам з імі расце і настаўнік, – кажа Ала Анатольеўна, – але некаму неабходна выконваць

і адміністрацыйную працу. Калісьці мне прапанавала яе дырэктар школы Марыя Шумчык. Падтрымала мяне, бо на першых парах было няпроста. Увогуле адміністрацыя ў нашай школе – гэта згуртаваная каманда.  Дырэктар – выдатны спецыяліст і чалавек, а мы, двое намеснікаў (Святлана Прыгожая – намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце – рэд.) – яе памочнікі. На першым месцы ў нас – узаемавыручка. Якая б сітуацыя ў школе ні здарылася, шукаем выйсце разам, утраіх.

– Ала Анатольеўна, а калі раптам уявіць, што нехта з вас застанецца адзін?.. Як будзеце дзейнічаць?

– Такі выпадак здарыўся напрыканцы мінулага вучэбнага года ў сувязі з пандэміяй… Упершыню мне адной з адміністрацыі прыйшлося праводзіць урачыстую лінейку. Прызнаюся, слёзы падступілі, хоць ніводнага разу за сорак гадоў працы ў мяне такога не было. Магчыма, ад той адказнасці, якую прыйшлося ўзяць на сябе.

– Лінейка для вас – гэта своеасаблівае падвядзенне вынікаў, погляд у будучае?   

– Кожная лінейка – нешта новае, арыгінальнае ў сцэнарыі, тэксце. У нас усе школьныя мерапрыемствы праходзяць на ўзроўні. Пра тое, як граматна іх спланаваць, думаю і падчас водпуску. На базе школы дзейнічае 13 аб’яднанняў па інтарэсах, у тым ліку шэсць – ад дома творчасці дзяцей і моладзі. Імкнемся, каб усе 200 вучняў школы іх наведвалі, бралі ўдзел у конкурсах, перамагалі. І гэта схема спрацоўвае. У нас што ні гурток – то пэўны вынік, поспех.

– У гэтым плане Дзераўнянская школа на слыху. Што выступае рухавіком: унутрышкольнае ўзаемадзеянне ці адміністрацыйны рэсурс, які ў вас, безумоўна, ёсць, і даволі ўнушальны?

– Кіраўнік я патрабавальны, але не строгі. Вітаю ініцыятыву, таму яна ідзе не толькі ад мяне. Увесь калектыў школы – творчы. Да прыкладу, у гэтым навучальным годзе згодна з метадычнымі рэкамендацыямі ў нас пачне працаваць бацькоўскі ўніверсітэт. Яго пасяджэнні плануе кожны класны кіраўнік. Дапамогу аказваюць спецыялісты сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы. Цесны кантакт наладжаны з бібліятэкарам, загадчыцай музея. У школе на працягу многіх гадоў дзейнічаюць два сямейныя клубы. Нашы вучні свядома ўступаюць у рады БРПА, БРСМ. Мы ўсе працуем над тым, каб прывіваць ім прававую культуру, законапаслухмянасць.

– Ваша школа славіцца моцнай сувяззю з соцыумам. Гэта сумесныя мерапрыемствы, прафілактычная работа.

– Так, вакол школы створаны соцыум, тое асяроддзе, якое дапамагае ажыццяўляць выхаваўчы працэс. Удзел у бацькоўскіх сходах, саветах прафілактыкі і іншых формах работы бяруць фактычна ўсе мясцовыя ўстановы (дзіцячая школа мастацтваў, цэнтр культуры, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, касцёл, участковая бальніца, сельвыканкам). ААТ «Дзераўное» і аграбудфірма «ПМК-74 – Налібакі» аказваюць школе і матэрыяльную дапамогу.

– Вы адкрытыя для навучэнцаў?

– Дзеці бягуць да мяне ў кабінет з рознымі пытаннямі. Бачу, што ў кожным з іх ёсць іскрынка, якую трэба запаліць. Асаблівыя пачуцці – да першакласнікаў. У душы я па-ранейшаму застаюся настаўнікам пачатковых класаў. Памятаю, што ўрок для мяне быў як тэатральнае дзейства. Хацелася зацікавіць, паклікаць у казку…

– Школе вы аддаяце ўсё, што маеце: ідэі, здольнасці, час… А як уласная сям’я?

– Не лічуся з асабістым часам. Муж мне ні разу не сказаў, што дома нешта не зроблена. Ён сам, калі трэба, прыгатуе ежу. На шчасце, нашы дзеці ўжо былі самастойнымі, калі я пайшла на пасаду. У школе знаходжуся з 8 да 18, працую і ў шосты школьны дзень. У нас так уся адміністрацыя – разам прыходзім і выходзім, а той, хто дзяжурыць па школе, – яшчэ пазней, пасля закрыцця групы падоўжанага дня.

– Кім сталі вашы ўласныя дзеці?

– Абодва сыны – будаўнікі. Пабудавалі ўласныя дамы. Канешне, не без дапамогі бацькі. Нам пашанцавала з нявесткамі. У нас трое ўнукаў…

– Чым будзеце займацца, калі вырашыце развітацца са школай і пайсці на заслужаны адпачынак?

– У сваім доме занятак заўсёды знойдзецца. У мяне шмат кветак. Люблю ружы. А зімою?.. Буду чытаць кнігі! Здароўе дазволіць, дык змагу весці гадзіны, каб не губляць сувязь з роднай школай. Я яе старажыл. Калі пачынала, у аддзеле адукацыі тады працавалі Г. І. Грэкава, Я. І. Мазуркевіч, Л. В. Карпуць і многія іншыя аўтарытэты ў нашай сферы. Кожная іх парада, заўвага былі такімі важнымі, тактоўнымі, што іх нельга не ўспомніць з удзячнасцю і праз гады…

– Са святам Вас, а таксама педагогаў усіх пакаленняў, якія працавалі і сёння працуюць на Стаўбцоўшчыне! Дзякуючы вам, грамадства развіваецца і свет змяняецца да лепшага. Няхай нялёгкая праца прынясе вам радасць!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *