Выхавала 10 пакаленняў вучняў

Адукацыя Главное

Для Марыі Міхайлаўны Сянько з Новага Свержаня першая нядзеля кастрычніка асаблівая. Яна ўжо шмат гадоў на пенсіі, але ў Дзень настаўніка па-ранейшаму прымае віншаванні і падарункі. Так выказваюць ёй сваю павагу і любоў былыя вучні.

Марыя Міхайлаўна з дзяцінства марыла стаць настаўніцай. Любоў да дзяцей і захапленне вучэбным працэсам натхнілі яе на выбар гэтай прафесіі. Прыкладам прафесіяналізму і павагі да вучняў стала яе настаўніца нямецкай мовы Роза Сулейманаўна Віткуп. Яна была для Марыі Міхайлаўны ўвасабленнем сапраўднага педагога, аб гэтым яна ўспамінае і цяпер:

– У яе было асобае стаўленне да прадмета. Яна любіла і цаніла сваіх вучняў, мела да кожнага індывідуальны падыход, заўсёды дапамагала ім. Ведала, як зацікавіць прадметам і данесці яго да кожнага вучня. Я захаплялася ёю як майстрам сваёй справы.

Пасля заканчэння сярэдняй школы № 1 г. Стоўбцы Марыя Міхайлаўна паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў на факультэт англійскай і нямецкай мовы. Пасля яго заканчэння вярнулася ў родныя Стоўбцы, у родную школу.

Прыступіўшы да працы ў 1958 годзе, маладому педагогу многае было ў навінку. Аднак на яе жыццёвым шляху заўсёды сустракаліся яркія асобы. Адным з іх быў намеснік дырэктара сярэдняй школы № 1 – Леанід Іосіфавіч Сіткевіч. Ён наведваў  урокі, падказваў і даваў каштоўныя парады маладой настаўніцы. З часам Марыя Міхайлаўна і сама стала ўзорам для вучняў і для калектыву. У ёй спалучаліся якасці сапраўднага настаўніка: патрабавальнасць і дабрыня. Яна ўмела заахвоціць сваіх вучняў да вывучэння прадмета:

– У мяне не было вучняў, якія б не хацелі ведаць англійскую мову. Кожнаму я старалася прывіць любоў да яе.

На уроках у Марыі Міхайлаўны заўсёды панавала дысцыпліна, хоць настаўніца не дазваляла сабе павышаць голас. Заўсёды лічыла, што кожны павінен вучыцца па меры сваіх магчымасцяў, не ўсе могуць быць выдатнікамі, галоўнае – каб вырас добры чалавек.

З асобай цеплынёй Марыя Міхайлаўна ўспамінае пра пазаўрочныя мерапрыемствы, прысвечаныя англійскай мове:

– Настаўнікі і вучні рыхтаваліся да іх, прадумвалі праграму. На вечарах англійскай мовы мы заўсёды арганізоўвалі невялікія тэатралізаваныя прадстаўленні. Гэта было захапляльна і відовішчна.

Цяпер, як лічыць Марыя Міхайлаўна, педагогі працуюць зусім у іншых умовах. З’явіліся камп’ютарныя тэхналогіі, якія дапамагаюць у вучэбным працэсе, але, разам з тым, сучасныя дзеці нярэдка трапляюць у залежнасць ад інтэрнэту. «Педагог выхоўвае асобу ў кожным вучні, таму нясе адказнаць за яго», – зазначае настаўніца.

За гады работы Марыя Міхайлаўна была неаднаразова адзначана за добрасумленную працу. У свой час яна ўзначальвала курсы ўдасканальвання настаўнікаў англійскай мовы ў раёне. За шматгадовую добрасумленную працу ўзнагароджана медалём «Ветэран працы».

Цяпер Марыя Міхайлаўна любіць успамінаць школу, перагортваючы фотаздымкі. За 42 гады яна выпусціла 10 пакаленняў вучняў. Яны памятаюць свайго класнага кіраўніка: наведваюць дома, запрашаюць на вечары сустрэч. З асобай гордасцю Марыя Міхайлаўна расказвае пра вучняў, якія пайшлі па яе слядах.

Пасля выхаду на песнію Марыя Міхайлаўна яшчэ доўгі час працавала ў Навасвержанскай сярэдняй школе. Там жа працаваў і яе муж, Аляксандр Аляксандравіч, які выкладаў гісторыю.

Цяпер Марыя Міхайлаўна ў шаноўным узросце, але, як і раней яна прываблівае сваёй абаяльнасцю і інтэлегентнасцю. А яшчэ больш бадзёрасці жанчыне надаюць дачка і ўнук, якія жывуць у Светлагорску. Яны часта прыязджаюць. У Дзень настаўніка таксама завітаюць да любімай матулі і бабулі, каб павіншаваць са святам.

Ксенія РУБІН, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *