Новую кацельню наведаў міністр энергетыкі

Главное Эканомiка

Напярэдадні ацяпляльнага сезона новую кацельню на мясцовых відах паліва ў Стоўбцах наведаў міністр энергетыкі Рэспублікі Беларусь Віктар Каранкевіч.

Міністр энергетыкі Рэспублікі Беларусь Віктар Каранкевіч (другі злева) абмеркаваў з кіраўніцтвам раёна пытанні гатоўнасці новай кацельні

У ходзе размовы міністра з кіраўніцтвам раёна высветлілася, што аб’ект, які будзе забяспечваць цяплом горад Стоўбцы, падрыхтаваны да эксплуатацыі, на ім на даны момант завяршаюцца пуска-наладачныя работы. З 24 жніўня ў кацельні ўжо ажыццяўляецца падагрэў гарачай вады для жыльцоў шматпавярховага мікрараёна.

– Усе катлы прайшлі выпрабаванні. Атрыманы заключэнні Дзяржаўтаінспекцыі, Дзяржпрамнагляду і санітарнай службы, на стадыі дапрацоўкі – заключэнні экалагічнай службы, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, – патлумачыў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака.

Новая кацельня на мясцовых відах паліва выглядае па-сучаснаму і, здаецца, нічым не адрозніваецца ад аналагаў, якія працуюць на прыродным газе.

Міністр пазнаёміўся з работай абсталявання (яно ўсё – беларускай вытворчасці, працуе ў аўтаматызаваным рэжыме) і тэхналагічным працэсам, выказаў пажаданне эфектыўнасці ў дзейнасці новага аб’екта.

На яго ўзвядзенне выкарыстаны сродкі раённага і абласнога бюджэтаў, інавацыйнага фонду Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь. Паводле слоў Віктара Каранкевіча, рэалізацыя гэтага праекта служыць прыкладам узаемадзеяння прадпрыемства тарфяной галіны  і органаў улады.

Як падкрэсліў старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень, з будаўніцтвам у раёне ўласнай кацельні на мясцовых відах паліва і адыходам ад пакупкі цяпла ў філіяла маторнага завода, кошт гігакалорыі значна зменшыцца. Згодна з папярэднімі разлікамі, са 141 да 87 рублёў. Такім чынам плануецца эканомія ў памеры 2,5 мільёна рублёў у год. Гэта азначае, што гэтыя сродкі застануцца ў раённым бюджэце і пойдуць на сацыяльныя патрэбы.

Новая кацельня працуе на фрэзерным торфе, які пастаўляе мясцовае прадпрыемства – ААТ «ТБЗ «Нёман». Да канца 2020 года заключаны дагавор на пастаўку 7 000 тон гэтага віду паліва. Агульны аб’ём штогадовых паставак складзе 20 000–25 000 тон.

На даны момант РУП «Стаўбцоўскае АКС» завяршае падбор штату для новай кацельні.

Міністр энергетыкі таксама пабываў на ААТ «ТБЗ Нёман» і сустрэўся з калектывам. Больш падрабязна пра гэтую сустрэчу чытайце ў наступным нумары «Праменя».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Ксеніі РУБІН



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *