За парадак на Стаўбцоўшчыне

Добраўпарадкаванне Нумары

На пасяджэнні райвыканкама было разгледжана актуальнае пытанне: як наводзіцца парадак на Стаўбцоўшчыне?

З мэтай выканання даручэння Прэзідэнта краіны і Урада ў нашым раёне рэалізуюцца мерапрыемствы па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў. Прынята рашэнне ад 17 лютага 2014 года № 224, якім зацверджаны план мерапрыемстваў і заданняў па навядзенні парадку. З інфармацыяй па гэтым пытанні выступіў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Сарока. Ён адзначыў, што на першае паўгоддзе 2014 года ў плане мерапрыемстваў 62 пункты. На сёння ўсё намечанае выканана ў поўным аб’ёме. Так, па разгортванні і ўцягненні ў гаспадарчы абарот пустых сельскагаспадарчых зямель пры плане на год 130 гектараў у  раёне выяўлена і ўцягнута каля 250 гектараў. Пры планавым гадавым заданні ачысткі ад захламленасці абаронных прыдарожных палос працягласцю 250 км за першае паўгоддзе гэтыя работы праведзены на 480 км прыдарожных палос.

Але, нягледзячы на выкананне ўсіх колькасных паказчыкаў, у раёне застаюцца адкрытымі пытанні работы УП «Стаўбцоўскае АКС» па сістэме збору, уліку, вывазу, сартаванні і захаванні адходаў. На 23 ліпеня 2014 года не завершаны работы па рэкультывацыі выведзеных з эксплуатацыі міні-палігонаў. Неабходна адзначыць недастатковую работу па ўдасканальванні сістэмы збору і вывазу адходаў у сельскіх населеных пунктах, а таксама па заключэнні дагавораў і т. п.

Планавыя заданні па зносе непрыгодных і неэксплуатуемых сельскагаспадарчых аб’ектаў выкананы ў поўным аб’ёме. Але ў ходзе праведзеных паўторных праверак устаноўлена, што ў даным накірунку неабходна папрацаваць кіраўнікам ААТ «Аталезь-агра» (знос фермы паблізу Семенчыц), ААТ «Радзіма Якуба Коласа» (знос фермы паблізу Паласні), ААТ «Вішнявецкі-агра» (неэксплуатуемыя будынкі фермаў каля вёсак  Галавенчыцы і Падзерычы).

Вострым застаецца пытанне па  барацьбе з баршчэўнікам Сасноўскага. Кіраўнікам арганізацый у кароткія тэрміны неабходна прыняць меры па яго ліквідацыі на сваіх тэрыторыях.

Неабходна прадоўжыць работу па навядзенні парадку на фермах: па своечасовым вывазе арганікі і абкосе тэрыторый.

У нашым раённым цэнтры шмат робіцца па навядзенні парадку. Да гэтай работы прыцягваюцца і сродкі, заробленыя на суботніках. Так, па вуліцах Ленінскай, Танкістаў (работы працягваюцца), Камуністычнай, Царука пракладзены пешаходныя дарожкі, добраўпарадкавана тэрыторыя каля раённага Цэнтра культуры. Заасфальтаваны вуліцы Цвяточная, Калініна, частка завулка Сацыялістычнага, завулак Цяністы. Праведзены ямачны рамонт вуліц: Казінца, Ленінскай, Танкістаў, Свярдлова. Часткова абсталяваны прысядзібныя тэрыторыі па вуліцах Багінскага, 4; Калініна, 9; Свярдлова, 25. Устаноўлена 22 сметніцы, пасаджана 223 дрэвы, высаджана 15365 каліў кветак. Са станоўчага боку трэба адзначыць наступныя арганізацыі, якія праводзяць значную работу па добраўпарадкаванні сваіх тэрыторый: ААТ «Стаўбцоўская ПМК», ААТ «ААБ Беларусбанк», філіял «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат», РУ «Стоўбцырайгаз», філіял ААТ «ККХ «ММЗ» у г. Стоўбцы, філіял Мінскага РУП электраэнергетыкі «Мінскэнерга» Стаўбцоўскія электрасеткі. У той жа час застаецца праблема з навядзеннем парадку на тэрыторыі ніжняга склада ААТ «Маладзечналес» у вёсцы Новы Свержань, а таксама на нядзеючых аб’ектах гэтага прадпрыемства ў вёсцы Кляцішча. За нездавальняючы стан даных тэрыторый былога дырэктара М. І. Саванца неаднаразова прыцягвалі да адказнасці, але сітуацыя не змянілася.

Актывізаваць работу па навядзенні парадку на сваіх тэрыторыях патрэбна ААТ «Стаўбцоўскі РКБА», Стаўбцоўскаму РВПС  і іншым. Больш актыўнасці патрабуецца і ад дарожных службаў. Існуюць факты няякаснай уборкі, пакосу прыдарожных палос, якія абслугоўваюць ДЭУ-62 і ДРБУ № 135, а таксама стан размешчаных на іх прыпыначных пунктаў. У першую чаргу неабходна правесці ўборку і добраўпарадкаваць участкі ад Стоўбцаў да Новай Вёскі, Рубяжэвіч, Мікалаеўшчыны, Дзераўной, Новага Свержаня, Любкаўшчыны, Жыгалак, Падгорнай, прыпыначныя пункты вёсак Ніўнае, Ругаец, Слабодка, Яблынаўка, Цвіркі, Зарэчча, Дразды, Залужжа, Кнотаўшчына, аграгарадкоў Засулле і Стары Свержань.

Падводзячы вынікі работы пасяджэння, старшыня райвыканкама Уладзімір Місько даў канкрэтныя даручэнні РУП «Стаўбцоўскае АКС», сельвыканкамам, кіраўнікам сельгасарганізацый, дарожным службам па актывізацыі работ па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторый. Работа РУП «Стаўбцоўскае АКС», старшыняў сельскіх выканаўчых камітэтаў, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама ў пытанні навядзення належнага санітарнага парадку прызнана недастатковай.

У рабоце пасяджэння райвыканкама прымаў удзел старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Сяргей Трусаў.

Н. ЛЕАНІДАВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *