«Толькі пілы звінелі». На Стаўбцоўшчыне выбралі лепшых вальшчыкаў лесу

Главное Эканомiка

Увесь дзень на паляне побач з турбазай «Высокі бераг» не змаўкалі пілы – спаборнічалі вальшчыкі лесу Мінскай вобласці.

Абласныя спаборніцтвы вальшчыкаў лесу «Лесаруб-2020» ладзяцца ўжо ў 26 раз,  сёлета – на базе Стаўбцоўскага лясгаса. Прызначаныя павышаць прафесійнае майстэрства вальшчыкаў і распаўсюджваць перадавы вопыт высокапрадукцыйнай і бяспечнай працы, спаборніцтвы праходзяць у адпаведнасці з міжнароднымі правіламі Сусветнага чэмпіянату лесарубаў.

Распілоўка камбінаваным рэзам

Адмыслова да спаборніцтваў Стаўбцоўскім лясгасам былі створаны на турбазе пляцоўкі-стэнды, на якіх ажыццяўлялася распілоўка камбінаваным і дакладным рэзам, абрэзка сукоў, замена ланцуга пілы. На дзялянцы ў Апечкаўскім лясніцтве была арганізавана валка лесу. Вынікі на розных этапах аператыўна ўносіліся ў экран спаборніцтваў. Ад яго, дарэчы, на працягу ўсяго дня не адыходзілі ўдзельнікі конкурсу і тыя, хто іх суправаджаў.

Абрэзка сукоў

Удзел у спаборніцтвах узялі каманды ўсіх 20 лесагаспадарчых устаноў Міншчыны, а таксама Крупскага ваеннага лясгаса, Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа і Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Парадак выступлення быў вызначаны падчас жараб’ёўкі.

Не падвялі ўдзельнікі каманды Стаўбцоўскага лясгаса Вячаслаў Півавар, Міхаіл Віткоўскі і Дзяніс Лапко

– Нашай камандзе дастаўся 14 нумар, і мы пачалі з выступлення на стэндах. У склад каманды ўвайшлі Вячаслаў Півавар з Прудского вопытнага лясніцтва, Дзяніс Лапко і Міхаіл Віткоўскі з Акінчыцкага лясніцтва. Усе трое выступілі роўна, без збояў. Адчувалася хваляванне, але вынік добры,  – расказаў намеснік дырэктара Стаўбцоўскага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Шарапа. 

У гутарцы з удзельнікамі стаўбцоўскай каманды высветлілася, што Вячаслаў Півавар бярэ ўдзел у падобных спаборніцтвах з 1999 года. Значны вопыт у гэтай справе і ў Міхаіла Віткоўскага, а вось яго калега Дзяніс Лапко выступаў упершыню. Разам з тым, і ў яго, навічка, – добры настрой і ўпэўненасць у сваіх навыках.

Замена ланцуга пілы

Па выніках спаборніцтваў першае агульнакаманднае месца заняў Вілейскі вопытны лясгас, другое – Бярэзінскі лясгас, трэцяе – Барысаўскі вопытны лясгас. Каманды-пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі і кубкамі, вальшчыкі лесу – грашовымі падарункамі.

Названы і так званы аўтсайдар спаборніцтваў, Крупскі ваенны лясгас, якому, згодна з традыцыяй, прыйдзецца прымаць у наступным годзе абласныя спаборніцтвы вальшчыкаў лесу.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *