«Праблемы грамадзян на кантролі». У райвыканкаме прайшла прамая тэлефонная лінія

Афіцыйна Важное

Адбылася  прамая тэлефонная лінія з кіраўніцтвам райвыканкама. З праблемнымі пытаннямі звярнулася адзінаццаць грамадзян.

Патэлефанавала жыхарка Стоўбцаў і выказала прапанову аб стварэнні веласіпеднай дарожкі або адпаведнай разметкі. Яна лічыць, што наш горад не адаптаваны да колавага механічнага транспарта (веласіпеды, самакаты і інш.). Таксама не ўсюды з гандлёвай кропкай ёсць парковачныя месцы для такога віду транспарту. Данае пытанне адрасавана ў адпаведныя службы для разгляду.

Праблемы добраўпарадкавання дарог і якасці вады застаюцца па-ранейшаму актуальнымі сярод жыхароў населеных пунктаў раёна. Таццяна Турко звярнулася на прамую лінію з праблемай няякаснага рамонту вуліцы ў вёсцы Белькаўшчына. Яўгенію Касель турбуе слабы напор вады ў доме № 4 па вуліцы Энгельса ў Стоўбцах. Пытанні будуць вывучаны з выездам на месца.

Хутка пачнецца ацяпляльны сезон, а лічыльнік уліку цяпла на шматпавярхоўным кватэрным доме яшчэ не ўстаноўлены – такую праблему акрэсліў жыхар вёскі Наваколасава Пётр Новак. У Стаўбцоўскім АКС патлумачылі, што прыборы зняты і знаходзяцца на паверцы перад ацяпляльным перыядам.  Данута Босая з в. Пруды звярнулася ад імя жыхароў вёскі, якія за ўласныя сродкі ўстанавілі электрычныя катлы і згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14.04.2020 № 127 ім павінны быць кампенсаваны выдаткі на электразабеспячэнне эксплуатуемага жыллёвага фонду. Вырашэнне данай праблемы даручана намесніку старшыні райвыканкама Аляксандру Цываку і начальніку фінансавага аддзела райвыканкама Наталлі Валявач.

На прамую лінію звярнулася Таццяна Курылёнак з в. Ругаец. Па суседству з яе падворкам знаходзіцца недагледжаны ўчастак, які належыць ААТ «Шашкі». Для разгляду пытанне накіравана дырэктару мясцовага таварыства. Генадзь Кавалеўскі з мікрараёна Акінчыцы просіць спілаваць аварыйнае дрэва побач з яго падворкам. Ён ужо звяртаўся ў Стаўбцоўскае АКС, але пакуль безвынікова.

Паступіў зварот аб неабгрунтаваным павышэнні ў індывідуальнага прадпрымальніка цэн на паслугу праверкі дымавых і вентыляцыйных каналаў.

Кожная з узнятых падчас прамых тэлефонных ліній праблем патрабуе ўвагі і вырашэння. Усім, хто звярнуўся, будуць дадзены пісьмовыя адказы.

Ксенія РУБІН



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *