«Мікалай Мікалаевіч у трэцім пакаленні». Маторабудаўнік з цікавай гісторыяй

Важное Соцыум

Мікалай Трацяк – маторабудаўнік у першым пакаленні, але, як ён прызнаецца, філіял ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы займае ў яго жыцці знакавае месца.

– З маторным заводам звязана ўсё маё працоўнае жыццё, – канстатуе Мікалай Мікалаевіч. – Пасля службы ў арміі тут знайшоў сваё першае рабочае месца. Пазнаёміўся на заводзе з жонкай, Святланай Віктараўнай. Між іншым, сёлета ў нас 30-годдзе сумеснага жыцця. У свой час як малады спецыяліст атрымаў ад завода кватэру ў Стоўбцах…

Мікалай Трацяк нешматслоўны, але кожнае слова ў яго да месца, нясе думку.  Ён адчувае сябе завадчанінам, спецыялістам, чый уклад у агульную справу вельмі канкрэтны і… высокадакладны. Працуючы ў аўтаматна-тэрмічным цэху наладчыкам шостага разраду, ён абслугоўвае 14 станкоў, на якіх апрацоўваюць нават такія дэталі, як, да прыкладу, шатунны болт велічынёю 11 мікрон ці танчэйшы за чалавечы волас.

Умелыя рукі наладчыка здольныя на многае, у тым ліку і на творчасць. Мікалай Трацяк ва ўласнай майстэрні ў вольны ад работы час стварае прадметы экстэр’ера і інтэр’ера з дрэва. А пачалося ўсё ад дзядулі, які калісьці навучыў унука плесці карзінкі. Гэта рамяство было ў іх спрадвеку сямейным, таму і Мікалай Мікалаевіч далучыў да яго ўласных дзяцей (а іх у сям’і трое, двое старэйшых сыноў – ужо дарослыя). Жонка надае вырабам эстэтычны шарм. За аснову ўзяты прыродны матэрыял, таму кожны выраб атрымліваецца непаўторным.

Пры знаёмстве майстар прадстаўляецца так: «Мікалай Мікалаевіч у трэцім пакаленні». Сапраўды, так звалі яго дзеда і бацьку. У сыноў Мікалая Мікалаевіча ўжо іншыя імёны, але ад бацькі ім перадаліся такія ж сур’ёзныя адносіны да справы, ураўнаважаны характар, павага да людзей, здаровы лад жыцця.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *