Сям’я з Янкавічаў займаецца лозапляценнем з пажыццёвай гарантыяй

Соцыум

У рамках тыдня традыцыйнага мастацтва былі арганізаваны выязныя майстар-класы. Адзін з іх правялі Сяргей і Марына Беленькія на ўласнай сядзібе ў в. Янкавічы. 

На ўласным прыкладзе тэхналогію лозапляцення прадэманстравала Марына Беленькая

Сяргей і Марына ўжо як тры гады жывуць на стаўбцоўскай зямлі і займаюцца лозапляценнем. Сяргей пераехаў сюды са сталіцы, у мінулым – прафесійны ваенны. Пасля арміі шаснаццаць гадоў працаваў вадзіцелем-міжнароднікам. Аб’ехаў амаль увесь свет, валодае шасцю замежнымі мовамі. Марына – ураджэнка Украіны. Яшчэ з юнацтва яна разам з бацькам пачала ездзіць у Беларусь на заробкі, а з часам пераехалі ў нашу краіну на пастаяннае месца жыхарства. Марына з дынастыі прафесійных лозапляцельшчыкаў. На яе радзіме, у Закарпацкай вобласці, гэтым промыслам займаюцца ўжо амаль шэсць стагоддзяў. Сама ж жанчына пачала перанімаць гэтую справу з дзяцінства. Першы яе настаўнік – бацька Васіль Міхайлавіч Вакараў, які, як і Марына, з’яўляецца членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.

Тут, на беларускай зямлі, Марына і пазнаёмілася з будучым мужам Сяргеем. Іх аб’яднала не толькі каханне адзін да аднаго, але і агульная справа – захапленне лозапляценнем. Сяргей яшчэ навічок у гэтым рамястве. Працэс даволі складаны і патрабуе  часу і вытрымкі.

У сям’і Беленькіх усе абавязкі падзелены. Муж займаецца пераважна падрыхтоўкай сыравіны, яе апрацоўкай, а жонка з лазовых пруцікаў стварае прыгожыя кошыкі, сумачкі, посуд. Вось і падчас майстар-класа з падрыхтаванай Сяргеем лазы Марына прадэманстравала асноўныя тэхналогіі лозапляцення. На нашых вачах майстар стварыла прыгожую хлебніцу. Таксама гасцям расказалі пра структуру лазы, яе віды. Асаблівасцю сваіх вырабаў майстры лічаць пажыццёвую гарантыю на іх. Гаспадары заўважаюць, што да гэтага часу не было ніводнага звароту і скаргі.

Гаспадар сядзібы Сяргей Беленькі

Цяпер у планах сям’і – папулярызацыя традыцыйнага мастацтва на Стаўбцоўшчыне, а таксама добраўпарадкаванне і развіццё ўласнай аграсядзібы. Сяргей тут адчувае сябе камфортна, спакойна:

– У мегаполісе – жыццё на асфальце, дзе нічога не расце, акрамя шматпавярховых каробак.  А тут – усё па-іншаму: ведаеш суседзяў, цесна кантактуеш з людзьмі і прыродай.

Назіраючы за сямейнай парай, бачыш, якія яны натхнёныя і па-сапраўднаму шчаслівыя. Заўсёды побач з бацькамі іх маленькі сын, а яны – побач з ім.

Творчасць і агульнае захапленне – менавіта гэта яднае двух людзей з рознымі лёсамі.  У вёсцы Янкавічы на Стаўбцоўшчыне яны знайшлі новы дом і напоўнілі яго цеплынёй і спакоем.

Ксенія РУБІН, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *