Дзіцячы сад – гэта свет радасці, дзе кожнае дзіця ўнікальнае, непаўторнае. Днямі мы завіталі ў ДУА «Шашкоўскі дзіцячы сад». Для дзяцей гэтая ўстанова – другі дом, дзе ім утульна і цёпла.
Ва ўстанове адукацыі шчыруюць 13 работнікаў, педагагічных – чатыры. У дзіцячым садзе функцыянуюць дзве групы – рознаўзроставая (ад двух да чатырох гадоў) і група інтэграванага навучання і выхавання (ад чатырох да шасці гадоў). Наведваюць установу 22 выхаванцы.

Тэрыторыя дзіцячага сада ўпрыгожана тэматычнымі кампазіцыямі, малымі архітэктурнымі формамі (лесавічок, сям’я соў). Ёсць экалагічная сцяжынка, дарожка здароўя, гульнявыя і спартыўная пляцоўкі.
Завітаўшы ў дзіцячыя пакоі, мы ўбачылі гульнявыя цэнтры. «Аўтазапраўка», «Крама», «Кафэ «Бульбашык», «Банкамат», «Барбі дом», «Цырульня» заўсёды выклікаюць цікавасць у выхаванцаў, вабяць разнастайнасцю гульнявой атрыбутыкі, дазваляюць фантазіраваць, дзякуючы чаму ўзнікае вялікая колькасць новых сюжэтаў. Апынуўшыся на пляцоўцы бяспекі, было бачна, як у выхаванцаў з’яўляецца ўнікальная магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі пажарнага-выратавальніка, доктара і міліцыянера, мадэліраваць разнастайныя жыццёвыя сітуацыі і дзейнічаць адпаведна з імі.

Добрай падмогай з’яўляюцца рэсурсныя цэнтры, створаныя намаганнямі бацькоў і педагогаў: «Пакой бяспекі» і «Пляцоўка бяспекі», міні-музей «Вытокі».
Часта можна пачуць ад выхавальнікаў, што каралевай дзіцячых гульняў з’яўляецца сюжэтна-ролевая гульня. Пра яе асаблівасці пагутарылі з выхавальніцай дашкольнай адукацыі дзіцячага садка Людмілай Бізгень:
– Педагогамі нашай установы адукацыі распрацавана цэлая сістэма работы ў зададзеным накірунку. Важнейшая ўмова ўсебаковага развіцця асобы дзіцяці – стварэнне развіццёвага прадметна-прасторавага асяроддзя, якое б раскрывала магчымасці кожнага дзіцяці, забяспечвала актывізацыю дзейнасці выхаванцаў.

– Як арганізуецца работа з выхаванцамі?
– Сюжэтна-ролевыя гульні праводзяцца ў залежнасці ад тэмы тыдня. Такія гульні ўзнікаюць стыхійна, дзеці бяруць на сябе ролі, дзейнічаюць, будуюць дыялогі. Аднак якасць і складанасць сюжэтнай лініі залежыць ад непасрэднага кіраўніцтва дарослага.

– Якую мэту ставіць выхавальнік, арганізуючы сюжэтна-ролевыя гульні?
– Асноўным вынікам гульні нашых дзяцей з’яўляюцца задаволенасць і радасць, атрыманыя ад самога працэсу гульні. Разам з гэтым існуе і другі, схаваны ад дзіцяці, вынік – гэта ўзбагачэнне і замацаванне ўяўленняў дзяцей аб жыцці, дзейнасці і адносінах людзей, а таксама фарміруюцца таварыскія адносіны паміж дзецьмі, сістэма асобасных якасцяў, разнастайныя пазнавальныя інтарэсы і разумовыя здольнасці.
Падчас сумеснай гульні з аднагодкамі дзеці вучацца зносінам, уменню ўлічваць жаданні і дзеянні іншых, адстойваць сваё меркаванне, а таксама сумесна будаваць і рэалізоўваць планы. А ва ўмовах рознаўзроставых і груп інтэграванага навучання і выхавання адбываецца і пераемнасць дзеянняў: малодшыя вучацца ў старэйшых, пераймаюць вопыт.
Такім чынам, у сюжэтна-ролевай гульні адбываецца станаўленне асобы, таму яе педагагічная каштоўнасць залежыць ад таго, якая гэта гульня і як у яе гуляюць дзеці.
Марына КУТАС, фота аўтара