Новае абсталяванне закуплена ў стаматалагічным аддзяленні раённай бальніцы

Главное Медыцына

У стаматалагічнае аддзяленне УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» закуплена сучасная ўстаноўка для лячэння і пратэзіравання зубоў, з дапамогай якой пацыентаў абслугоўваюць хутчэй і якасней. Самі пацыенты звяртаюць увагу на камфортнае лячэнне.  

– Асаблівасць новага абсталявання – у наяўнасці ўбудаванага скейлера для зняцця зубных адкладанняў, што дазваляе доктару праводзіць гігіенічную чыстку зубоў на прафесійным узроўні, – падкрэслівае загадчык аддзялення Эдвард Станкевіч.

Стаўбцоўскія ўрачы-стаматолагі могуць пахваліцца і іншымі тэхнічнымі навінкамі ў сваёй дзейнасці. Да прыкладу, пад рукамі  ў іх – апекслакатары для лячэння каранёвых каналаў, эндадантычныя маторы для пламбіроўкі і распламбіроўкі каналаў, ультрагукавыя скейлеры. У абязбольванні лячэння зубоў па жаданні пацыентаў і пры неабходнасці выкарыстоўваецца ноу-хау – карпульны шпрыц.  Усе расходныя матэрыялы, якімі карыстаюцца нашы стаматолагі, – нямецкай якасці.

На новым абсталяванні працуюць спецыялісты – Ксенія Каспяровіч і Таццяна Чарнец. За змену кожная з іх прымае 10-12 пацыентаў.

Ксенія Каспяровіч у стаматалагічным аддзяленні шосты год, Таццяна Чарнец – чацвёрты. Абодва доктары – выхадцы са Стаўбцоўшчыны, у аддзяленні  яны праходзілі ў свой час інтэрнатуру. Іх настаўнікам быў і застаецца Эдвард Станкевіч, пад кіраўніцтвам якога калектыў стаматалагічнага аддзялення шэсць гадоў таму, адзін з першых у Мінскай вобласці, пачаў развіваць на сваёй базе паслугі па імпланталогіі.

Стаматалагічная служба Стаўбцоўскай ЦРБ прызнана адной з лепшых не толькі на Міншчыне, але і ў рэспубліцы (па выніках 2019 года). Яе паслугамі ахвотна карыстаюцца жыхары іншых абласцей рэспублікі і нават іншаземцы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *