Працягваецца нарыхтоўка кармоў у гаспадарках раёна

Важное Сельская гаспадарка

У ААТ «Вішнявецкі-агра» працягваецца нарыхтоўка кармоў для грамадскай жывёлы.

Запасы папаўняюцца за кошт кукурузнага сіласу. На ўмоўную галаву жывёлы ў гаспадарцы прыпадае звыш 18 цэнтнераў кармавых адзінак, што больш, чым у мінулым годзе і вышэй за сярэднераённы паказчык. «Каралева палёў» была пасеяна сёлета на адной тысячы гектараў – адна з самых вялікіх плошчаў у раёне.

Камбайнер Максім Паплаўскі (у цэнтры) гутарыць з вадзіцелямі Аляксандрам Дзікавіцкім і Уладзімірам Гапонавым

На ўборцы кукурузы заняты два звяны. На кормаўборачных камбайнах працуюць Максім Паплаўскі і Аляксандр Маеўскі. На адвозцы зялёнай масы заняты вадзіцелі Аляксандр Дзікавіцкі, Уладзімір Гапонаў, Міхаіл Астравух, Уладзімір Ярашэвіч, механізатары Аляксандр Рачок, Сяргей Ханенка, Анатолій Грышан і Уладзімір Новік. На трамбоўцы шчыруюць Мікалай Руцкі, Сяргей Пашкевіч і Валерый Ясенка. Ураджайнасць кукурузы адносна невысокая, таму працаўнікі прыкладаюць намаганні для таго, каб убраць яе своечасова і закласці сакавіты, пажыўны сілас. Спачатку запоўнілі траншэі на МТК «Вішнявец» і жывёлагадоўчай ферме «Мархачоўшчына № 1». Цяпер кормаўборачны атрад папаўняе запасы кармоў на МТФ «Мархачоўшчына № 2».

На трамбаванні зялёнай масы заняты трактарысты Мікалай Руцкі і Сяргей Пашкевіч

Палявыя работы вядуцца ў комплексе. Таварыства адным з першых прыступіла да ўборкі цукровых буракоў і за здадзеную ў раннія тэрміны высокацукрыстую прадукцыю атрымае надбаўку да фіксаванай цаны. Убрана большая палова плошчаў. Пачалася на гэтым тыдні і ўборка бульбы. Бульбаводы накопваюць на круг каля 180 цэнтнераў клубняў. Адначасова вядзецца сяўба азімых збожжавых культур.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *