На мінулым тыдні забудоўшчыкі жыллёва-вытворчага будаўнічага кааператыва «Стоўбцы-4» атрымалі ключы ад пабудаваных імі з дзяржаўнай падтрымкай кватэр. Святочнае мерапрыемства ладзілася на пляцоўцы ля новага дома, якому дастаўся № 13. Тут сабраліся будучыя насельнікі, а дакладней сказаць, ужо паўнапраўныя яго жыльцы. Мамы, таты і дзеткі з нецярпеннем чакалі таго моманту, калі змогуць адчыніць дзверы свайго ўласнага жылля. Хваляваліся і бацькі навасёлаў, якія разам са сваімі дзецьмі чакалі гэтага моманту. Стварыўся кааператыў у 2010 годзе з грамадзян, якія стаялі ў аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Летась пачалося яго будаўніцтва, і працаўнікі ПМК-233 узвялі дом літаральна за год.
Шчаслівых навасёлаў сустрэлі хлебам-соллю. Старшыня кааператыва Іна Юхнель павіншавала прысутных з радаснай падзеяй у іх жыцці.
– Сёння ў вас хвалюючы дзень, – сказала начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама Таццяна Юнцэвіч. – І для мяне таксама, бо гэта першы будаўнічы кааператыў, які прымаю па доўгу службы. Жадаю ўсім здароўя.
Таццяна Леанідаўна праінфармавала, што ў наступным годзе будзе праводзіцца конкурс на лепшы дом у горадзе. Ёй хацелася б бачыць сярод пераможцаў і ЖВБК «Стоўбцы-4». І дадала, што жадаючыя расшырыць метры могуць звяртацца ў аддзел і станавіцца на ўлік маючых у гэтым патрэбу. Аднак пры ўмове, калі ў сям’і з’явіцца яшчэ адно дзіця.
Шчасця і радасці пад дахам новага дома пажадалі жыльцам начальнік аддзела архітэктуры райвыканкама Наталля Цярэня, галоўны інжынер упраўлення капітальнага будаўніцтва Андрэй Панашчык, прадстаўнік генпадраднай арганізацыі ПМК-233 Сяргей Каршакоў. Іна Юхнель выказала падзяку ўсім вышэйназваным арганізацыям, якія прымалі самы непасрэдны ўдзел у будаўніцтве дома. У іх ліку і ААТ «ААБ «Беларусбанк».
Настаяцель Свята-Аннінскай царквы айцец Аляксандр блаславіў навасёлаў на доўгае і шчаслівае жыццё і асвяціў дом са словамі:
– Збудаванне – гэта толькі сцены, а вось чым напоўніцца кожная яго ячэйка – залежыць ад вас. Мы гаворым, што сям’я – гэта малая царква, а кожная кватэра – маленькі храм. Жывіце ў сваіх маленькіх храмах так, як належыць хрысціяніну. І ўсё ў вас будзе добра.
Надышоў, нарэшце, самы хвалюючы і доўгачаканы момант. Урачыста перарэзана чырвоная стужачка. Адзін за адным навасёлы атрымліваюць ключы. З нецярпеннем адчыняюць дзверы. І дом напаўняецца вясёлымі дзіцячымі галасамі. Жадаем шчаслівага сямейнага жыцця ўсім яго насельнікам!
Надзея БАТАЛКА
Фота Васіля ЗЯНЬКО