Межы адказнасці натарыуса

Афіцыйна

У нашай рэспубліцы 29 чэрвеня 2020 г. прыняты Закон «Аб змяненні законаў па пытаннях натарыяльнай дзейнасці», накіраваны на ўдасканаленне норм Закона Рэспублікі Беларусь «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці» (далей – Закон).

Адной з навел з’яўляецца замацаванне ў Законе паняццяў «натарыяльны акт» і «натарыяльны дакумент». Вызначаецца асаблівы статус натарыяльнага акта як дакумента, які з’яўляецца законным і пацвярджае правы, абавязкі і факты, якія маюць юрыдычнае значэнне, засведчаныя ў гэтым натарыяльным акце. Таксама ўстанаўліваецца, што сэнс натарыяльнага акта лічыцца сапраўдным, пакуль не даказана адваротнае.

Натарыяльнай таямніцы надаецца статус таямніцы, якая ахоўваецца законам.

Высокую практычную важнасць для ўдзельнікаў грамадзянскага абароту будуць мець агульнадаступныя звесткі пра засведчаныя даверанасцi, а таксама пра факт адмены даверанасці як аднаго з відаў публічных сэрвісаў на сайце Беларускай натарыяльнай палаты. Пры гэтым, улічваючы запатрабаванасць інфармацыі аб даверанасці, устанаўліваецца, што звесткі аб даверанасці, размешчаныя на афіцыйным сайце Беларускай натарыяльнай палаты ў глабальнай сетцы Інтэрнэт, не складаюць натарыяльную таямніцу.

У сувязі з неабходнасцю рэалізацыі юрыдычнымі асобамі сваіх правоў як правапераемнікаў суб’ектаў гаспадарання, якія былі рэарганізаваны ва ўстаноўленым парадку, правапераемнікі гэтых юрыдычных асоб надзяляюцца правам атрымання звестак, якiя складаюць натарыяльную таямніцу, а таксама дакументаў, якія іх змяшчаюць. Цяпер такія звесткі і дакументы можна будзе выдаваць і правапераемнікам гэтых юрыдычных асоб.

З прычыны асобай значнасці натарыяльнай дзейнасці ў механізме абароны правоў і законных інтарэсаў асобныя нормы прынятага Закона прысвечаны прававому рэгуляванню пытанняў, звязаных з грамадзянскай адказнасцю натарыуса за шкоду, прычыненую па яго віне маёмасці (у тым ліку маёмасным правам) грамадзяніна або юрыдычнай асобы ў сувязі з ажыццяўленнем натарыяльнай дзейнасці, і страхаваннем такой адказнасці. Упершыню замацоўваюцца падставы і межы адказнасці натарыуса.

Закон дапаўняецца новымі відамі натарыяльных дзеянняў, што здзяйсняюцца натарыусамі, у ліку якіх – засведчанне адмены дарэння, засведчанне заяў удзельнікаў таварыства з абмежаванай адказнасцю (таварыства з дадатковай адказнасцю) аб выхадзе з таварыства і інш.

Для зручнасці грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, і юрыдычных асоб з Закона выключаюцца нормы аб засведчанні дагавораў адчужэння нерухомай маёмасці і выдачы пасведчанняў аб праве ўласнасці мужу і жонцы (былым мужу і жонцы) у дачыненні да нерухомай маёмасці натарыусам натарыяльнай акругі, у межах якой размешчана нерухомая маёмасць. Такім чынам, наконт ажыццяўлення гэтых натарыяльных дзеянняў

можна будзе звярнуцца да любога натарыуса. Выключэннем, як і раней, застануцца пасведчанні аб праве ўласнасці, якія выдаюцца па месцы адкрыцця спадчыны ў выпадку смерці мужа ці жонкі (былога мужа ці жонкі).

Акрамя таго, Законам прадугледжваецца ўстанаўленне адзінага трохгадовага тэрміну для прад’яўлення выканаўчага надпісу натарыуса да прымусовага выканання.

Прынятым Законам у тым ліку ўдакладняюцца кампетэнцыя і віды натарыяльных дзеянняў, якія здзяйсняюцца ўпаўнаважанымі службовымі асобамі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі Рэспублікі Беларусь.

Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь і Закон Рэспублікі Беларусь «Аб пенсійным забеспячэнні» дапаўняюцца нормамі, якія забяспечваюць прававую рэгламентацыю пытанняў засведчання даверанасцяў грамадзян на атрыманне пенсіі і дапамог.

Пазітыўныя змены ў сувязі з прыняццем Закона накіраваны на вырашэнне актуальных патрэб грамадзянскай супольнасці, ліквідацыю прабелаў у заканадаўстве з улікам правапрымяняльнай практыкі, павышэнне якасці натарыяльнага абслугоўвання і закліканы ўзмацніць абарону правоў і законных інтарэсаў удзельнікаў грамадзянскага абароту. Прынятыя нормы абгрунтаваныя і падкрэсліваюць адказную пазіцыю натарыята, які імкнецца даць даступнае высокакваліфікаванае юрыдычнае абслугоўванне ў любым рэгіёне краіны.

Названыя змены ўступаюць у сілу праз шэсць месяцаў пасля афіцыйнага апублікавання Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні законаў па пытаннях натарыяльнай дзейнасці».

Паводле прэс-рэліза Мінскай абласной натарыяльнай палаты



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *