На прасторах Стаўбцоўшчыны

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

ПРЫНЯЛІ БРАТОЎ-СЛАВЯН

У нашым  раёне, а менавіта ў Новай Вёсцы, пасяліліся тры сям’і бежанцаў з Украіны: дзве з Данецкай і адна з Луганскай абласцей.  Кіраўніцтва ААТ «Вялікі Двор» не толькі выдзеліла ім  жыллё, а і забяспечыла неабходнай мэбляй і бытавой тэхнікай, бялізнай. Прынялі ў сваю вялікую сям’ю і адгукнуліся на бяду братоў-славян вяскоўцы,  дапамаглі абжыцца. Яно і зразумела, бежанцы страцілі на сваёй радзіме ўсё нажытае гадамі. Знайшлася ў гаспадарцы для іх і работа. «Навасёлы» ўжо паспелі ацаніць гасціннасць мясцовых людзей, іх дабрыню і спагадлівасць. 

 

«ДАБРО» НА ПЛАВАННЕ 

У гэтым годзе падраздзяленні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь папоўніліся новай структурай – да іх была далучана Дзяржаўная інспекцыя па маламерных суднах.

У сувязі з пераўтварэннямі пад эгідай раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях працуе ў Стоўбцах прадстаўнік гэтай інспекцыі – дзяржінспектар Іосіф Грыгарцэвіч, які абслугоўвае не толькі наш раён, а і чатыры суседнія – Дзяржынскі, Уздзенскі, Нясвіжскі і Клецкі. Гэта дасведчаны спецыяліст. Працяглы час  ён разам з інспектарскай работай паспяхова сумяшчаў  грамадскую дзейнасць – узначальваў раённую арганізацыю Таварыства выратавання людзей на водах. За гэты час  арганізацыя «прырасла» пярвічкамі, на гарадскім возеры быў адкрыты выратавальны пост, і ў цэлым таварыства заняло лідзіруючыя пазіцыі ў Мінскай вобласці.

Цяпер, у сезон адпачынку на вадзе, найбольш запатрабаваны такія паслугі як тэхагляд і рэгістрацыя лодак і іншых маламерных суднаў, ідзе набор курсантаў на навучанне ваджэнню на маламерных суднах і т. п. Дні прыёму: аўторак – чацвер з 08.00 да 12.00. Адрас: г. Стоўбцы, вул. Сацыялістычная, 40-а (у памяшканні цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Стаўбцоўскага райсельгасхарча).

Пр

 

СІСТЭМНЫ ЗБОЙ

Той, хто мае справу з камп’ютарам, добра разумее выраз: сістэмны збой. Што датычыць спартыўнага дзейства, то тут збой адназначны – паражэнне. Хаця ў кожным няўдалым выпадку можна знайсці апраўданне.

Прайграла футбольная каманда «Нёман-Агра» ў дванаццатым туры першынства вобласці. Лік 2:3 сведчыць аб напружанай барацьбе. Яно так і было, гульня выдалася роўнай, але гаспадарам поля ФК «Капыль» пашанцавала больш. Яны і дабіліся перамогі. Светлым момантам для нашых хіба што можа стаць чарговы гол Дзмітрыя Даўбейкі – цяпер на яго рахунку 19 праведзеных мячоў у сезоне ў вароты сапернікаў.

Увогуле ж у стаўбчан засталося 21 набранае ачко. Расклад такі: шэсць перамог, па тры нічые і паражэнні. Наша каманда ўваходзіць у чацвёрку мацнейшых у падгрупе. Умова неабходная, каб на другім этапе працягнуць барацьбу за чэмпіёнства ці прызавыя месцы. Але не дрэмлюць і сапернікі – найперш каманды «Гарадзея-2», «Зорка-РФАЦ-Вікторыя», ФК «Клецк» і «Любань». Усе яны разам са стаўбчанамі прэтэндуюць на ўваход у запаветную чацвёрку. А лідзіруе са значным адрывам ад сапернікаў ФК «Старыя Дарогі».

Заўтра каманда «Нёман-Агра» прымае на стадыёне «Юнацтва» ФК «Нясвіж». Сапернік, у адрозненне ад знакамітай «Гарадзеі», не надта грозны – займае апошняе месца ў турнірнай табліцы. Але загадзя ніхто не здаецца. Варта сабраць увесь асноўны састаў ігракоў, каб упэўнена змагацца за перамогу.

Ф. ФЯДОТАЎ

 

«ШАРМ» – У НОВЫМ БУДЫНКУ

Цырульня райспажыўтаварыства «Шарм», якая працуе на прывакзальнай плошчы, справіла наваселле – пераехала ў новы ўтульны будынак, які знаходзіцца акурат побач з былой залай. Дзеля гэтых мэт было пераабсталявана адно з памяшканняў, дзе раней размяшчаўся інтэрнат хлебазавода.

На гэтым тыдні адбылося ўрачыстае адкрыццё. У ім прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Уладзімір Місько і  намеснік па эканоміцы Ірына Пашкевіч, якія адзначылі, што цырульня абсталявана з густам і на сучасны манер. У дзвюх  прасторных залах, мужчынскай і жаночай, па два пасадачныя месцы. Майстры цырульні чакаюць сваіх наведвальнікаў і гатовы прапанаваць самыя модныя стрыжкі і прычоскі. Аказвае цырульня і новыя паслугі – тут адчыніўся кабінет, дзе можна зрабіць манікюр і педыкюр, нарошчванне пазногцяў,  будзе працаваць і майстар па правядзенні дэпіляцыі валасоў на целе. Адчыніцца  таксама і масажны кабінет.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *