ЗАГСам зарэгістравана па раёне сем шлюбаў. Зроблена шэсць адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі дзевяць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Ігнацій Свірыда, Віктар Скроб, Глеб Конан, Ягор Кандрацюк, Дзмітрый Емяльянаў, Валерыя Карабін, Раман Зайко, Соф’я Лапко і Кірыл Макарэвіч.
Зямны шлях закончыўся для 27 чалавек.
У пажарнай часці занатавалі адно вогненнае здарэнне. У мінулую нядзелю ў 23 гадзіны 50 хвілін паступіў сігнал з Прудоў аб загаранні дома. Ад пабудовы засталіся толькі сцены. 30 ліпеня, пасля апоўдня, на Нёмане, каля Драздоў, знойдзены труп жанчыны.
У перыяд жніва супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях працуюць у рэжыме павышанай гатоўнасці. На палетках дзяжураць пяць спецыяльных пажарных машын.
Міліцыяй зарэгістравана 161 паведамленне аб правапарушэннях. Узбуджана 12 крымінальных спраў, у сямі ўстаноўлены падазраваемыя. З тэрыторыі піларамы «Борлеспром» у Ператоках украдзена электрапомпа з палівачным шлангам. З дома гаспадара ў Вечатарове зніклі 200 долараў, а з дачы ў Пагарэлым – электронныя рэчы і інструменты. Абрабаваны дзве аўтамашыны, у адной з якіх гаспадар не далічыўся навігатара, мабільніка і грошай, у другой – VD-прайгравальніка «DVD-VIDEO». У Навапольцах нецвярозы злодзей украў з дома вяскоўца сталярны інструмент і іншыя рэчы, а ў Ругайцы – мабільны тэлефон. З берага Нёмана паблізу Мікалаеўшчыны зніклі рукзак з рэчамі і тры вуды. Двое грамадзян будуць адказваць за тое, што адзін без ведама гаспадара пакатаўся на матацыкле, а другі – на аўтамашыне.
Пракуратурай праведзена праверка выканання райвыканкамам і сельвыканкамамі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб мерах па ўпарадкаванні і скарачэнні колькасці пустых і старых дамоў у сельскай мясцовасці». Выяўлена, што работа гэтая вядзецца не на належным узроўні.
Суд прыгаварыў непрацуючага жыхара Мікалаеўшчыны да двух з паловай гадоў «хіміі» за спробу зрабіць грабеж, але ў сувязі з амністыяй тэрмін адбывання пакарання асуджанаму скарочаны на адзін год. Мінчанін, які кіраваў транспартным сродкам і адмовіўся ад праходжання медыцынскага агляду (на працягу года яго ўжо прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за падобнае парушэнне), атрымаў адзін год і тры месяцы абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Да яго прыменены штраф на суму 200 базавых велічынь, парушальнік пазбаўлены на пяць гадоў правоў кіравання з канфіскацыяй аўтамашыны «Рэно». За захоўванне брагі жыхар Дзярэчынцаў атрымаў штраф 750 тысяч рублёў. На шэсць базавых велічынь ашрафаваны жыхар райцэнтра, які знаходзіўся ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы. Сямейны скандаліст, які быў нападпітку і пагражаў фізічнай расправай сваёй жонцы, заплаціць штраф у памеры 750 тысяч рублёў.
ДАІ выявіла 207 парушэнняў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў сем нецвярозых вадзіцеляў, адзінаццаць бяспраўнікаў, 24 недысцыплінаваныя пешаходы. Адбылося дванаццаць дробных дарожна-транспартных здарэнняў.
«Хуткая» атрымала 194 выклікі аб медыцынскай дапамозе, пяць з якіх – да асоб у стане алкагольнага ап’янення, адзін медыкі палічылі неабгрунтаваным.
Падрыхтавала Надзея БАТАЛКА