Рухацца па рэйках часу

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

У першыя выхадныя жніўня чыгуначнікі адзначаюць сваё прафесійнае свята. Пара для іх адказная, напружаная, асабліва ў плане пасажырскіх перавозак. Аднак работа станцыі Стоўбцы застаецца нязменна стабільнай.

– Працуем у звычайным рэжыме зладжаным калектывам, які амаладжаецца і пры гэтым не губляе сваіх лепшых традыцый, – адзначае в. а. начальніка станцыі Таццяна Санько.

У ліку лепшых традыцый – добрыя паказчыкі, дасягнутыя чыгуначнікамі з пачатку бягучага года. Прыгарадны пасажырапаток у параўнанні з  леташнім  вырас на 101 працэнт. Калі ўявіць, што ён імкнецца вышэй і вышэй з году ў год, то і чарговы прырост на адзін пункт  – гэта тысячы новых пасажыраў. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца электрапаязды эканом-класа, але і так званыя «штадлераўскія» хуткасныя электрычкі па-ранейшаму запатрабаваныя, білеты на іх раскупляюцца загадзя. У летні перыяд на чыгунцы актыўна вядуцца пуцявыя рамонтныя работы, у сувязі з чым здараецца адмена электрычак, заяўленых у раскладзе. Гэта, безумоўна, стварае пасажырам пэўныя нязручнасці, аднак гэтыя меры апраўданы, у далейшым яны паслужаць нашаму бяспечнаму і камфортнаму руху. Крыху «ўпалі» сёлета  міжнародныя перавозкі, але прычына гэтага не звязана з Беларускай чыгункай. Такім негатыўным чынам адбіваюцца падзеі ва Украіне.

На добрым узроўні наладжаны на станцыі грузаперавозкі. За паўгоддзе, напрыклад, адгрузка металалому павялічылася на 121 працэнт, розных піламатэрыялаў, апілак, драніцы – вырасла на 154 працэнты. Такі груз як збожжа традыцыйна адгружаецца хлебапрыёмным прадпрыемствам, але, у сувязі з увядзеннем на прадпрыемстве ўласных складоў для яго захоўвання, адгрузкі ідуць паступова, на працягу ўсяго года. У цэлым, усё, што напрацавана, спрыяе агульнаму дабрабыту чыгуначнікаў. 

– Таццяна Георгіеўна, якія новыя тэхналогіі прыйшлі на чыгунку  апошнім часам?

–  Без новых тэхналогій нельга рухацца наперад. Напрыклад, са Стаўбцоўскім доследным лясгасам мы перайшлі на прыём заявак на пагрузку праз электронна-лічбавыя подпісы. Некаторыя кліенты ўжо ажыццяўляюць перавозку грузаў, у прыватнасці, будаўнічых, па электронных дакументах. У сувязі з гэтым неабходна сказаць, што мы вучымся, адапціруемся да новых формаў работы з грузаадпраўшчыкамі і заўважаем іх эфектыўнасць для абодвух бакоў.

Сучасныя напрацоўкі прапануем таксама і  пасажырам. Напрыклад, плата за праяздныя дакумены ажыццяўляецца па банкаўскіх пластыкавых картках. На любы накірунак, куды пажадае паехаць пасажыр, цяпер можна купіць білет праз сетку інтэрнэт.

– У пярэдадзень прафесійнага свята каго з работнікаў станцыі вы хацелі б адзначыць у газеце? 

– Такіх людзей многа, назаву толькі некаторых прадстаўнікоў з кожнага падраздзялення. Бесперабойную работу па пропуску паяздоў забяспечваюць вопытныя дзяжурныя па станцыі – Надзея Гузава, Людміла Клочка і іншыя. Свой уклад уносяць саставіцелі паяздоў, такія як, напрыклад, Вадзім Грыгаровіч, Ігар Якаўлеў. На добрым рахунку прыёмаздатчыкі грузаў – Ганна Галімская, Наталля Калоша, Людміла Янкоўская, Ала Трапейка. Стараюцца нашы таварныя касіры: Жанна Макарэвіч, Аксана Паўлоўская, Ірына Бойка, а таксама касіры білетных касаў: Алена Казакевіч (старшы білетны касір), Тамара Варакса, Святлана Грыгаровіч, Людміла Парфенчык, Таццяна Ісмаілава.  Кожны з вас, бываючы на станцыі, не можа не заўважаць, як у нас сочаць за парадкам, убіраюцца перон і электрапаязды. Гэта праца тэхнічнага персаналу: станцыйных рабочых Валянціны Станілевіч, Алены Бычкевіч, Іны Сыч, Людмілы Місюра, Веры Шчурок, Валянціны Баравік, Юліі Енза.

У сувязі з прафесійным святам чыгуначнікаў віншую ўвесь калектыў станцыі, нашых ветэранаў-чыгуначнікаў. Жадаю моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, спаўнення таго, што яшчэ не збылося.   

Гутарыла

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКАХ: вопыту і старання не займаць прыёмшчыцы грузаў і багажу Людміле Янкоўскай і таварнаму касіру Ірыне Бойка; з добрым настроем працуе і старшы таварны касір Жанна Макарэвіч.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *