У наш час, калі жыццё напоўнена бясконцымі цяжкасцямі, праблемамі і клопатамі, хочацца чагосьці асаблівага – светлага і добрага. І вось гэта асаблівае ствараюць работнікі культуры. Нездарма гавораць, што культработнікі — гэта людзі, без якіх «сумавала» б планета і шчасце было б няпоўным. Дом культуры – гэта месца, дзе можна адпачыць душой, сустрэцца з сябрамі, пабыць у ролі артыста або паглядзець творчасць сваіх дзяцей на сцэне, не думаць пра паўсядзённыя справы.
На тэрыторыі нашага раёна функцыянуюць 44 установы культуры розных накірункаў дзейнасці – Цэнтры культуры, сельскія Дамы культуры, бібліятэкі, дзіцячыя школы мастацтваў і музей-сядзіба»Дзяржынава», – расказвае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыкакама Дзмітрый Слесарчык. – У гэтай няпростай сферы працуюць больш за 320 чалавек – людзі творчыя, прафесіяналы сваёй справы, якія праслаўляюць не толькі наш раён і Мінскую вобласць, а і Рэспубліку Беларусь. Яны апантаныя сваёй справай і сумленна, з душой выконваюць ускладзеныя на іх абавязкі.
Ва ўстановах культуры раёна налічваецца 32 народныя і ўзорныя калектывы, у склад якіх уваходзяць творчыя людзі розных прафесій, нераўнадушных да песні. Я добра ведаю работнікаў, усе яны ўлюбёныя ў прафесію і, нягледзячы на цяжкасці, працу ў выхадныя і да позняга вечара, адданыя ёй без астатку.
Дзіцячыя ўзорныя калектывы – гэта наша маладое пакаленне, якое пастаянна развіваецца, удасканальваючы разам з настаўнікамі сваё майстэрства. Звяртаем асаблівую увагу на выяўленне таленавітай моладзі. Сярод пяці школ мастацтваў самая вялікая – Стаўбцоўская дзіцячая школа мастацтваў. У кабінетах і пакоях займаюцца музыкай і танцамі звыш 720 адораных вучняў. Сёння ўмовы работы для педагогаў некалькі сцесненыя, таму хацелася б, каб у кожнага быў асобны кабінет, а для танцавальных калектываў – прасторныя раздзявалкі. У сувязі з правядзеннем ў нашым раёне свята хлебаробаў «Дажынкі-2022», Мінскім аблвыканкамам прынята рашэнне дапамагчы фінансава ў рэканструкцыі казарм былой вайсковай часці, што дазволіць палепшыць ўмовы для заняткаў і дасць магчымасць набраць у групы больш дзяцей. Мінскім аблвыканкамам распрацавана праграма, згодна з якой штогод выдзяляюцца бюджэтныя сродкі, за якія закупляюцца музычныя інструменты для школ мастацтваў і Дамоў культуры. Гэта дазваляе на высокім узроўні праводзіць заняткі. Вялікі дзякуй спонсарам, якія падтрымліваюць нас і дапамагаюць матэрыяльна, выдзяляюць сродкі на касцюмы. Гэта сельскагаспадарчыя прадпрыемствы: ААТ «Агранёманскі» (дырэктар Дзяніс Захарчук), ААТ «Рубяжэвічы» (Дзмітрый Сахарэвіч), ААТ «Жацерава» (Аляксандр Дударэвіч), ААТ «Вішнявецкі-агра» (Іван Краўчук), ААТ «Каганец» (Пётр Малахаў), ВУ «Стоўбцыгаз» (дырэктар Іван Шпілеўскі).

Іванам Крупко (справа) і камбайнерам ААТ «Агранёманскі»Генадзіем Цвірка
Без належнай матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізаваць мерапрыемствы дастойнага ўзроўню немагчыма. Немалаважную ролю адыгрывае і тое, у якім стане знаходзіцца установа культуры.Трэба адзначыць, што матэрыяльная база культустаноў неблагая. Дастойная яна і ў раённым Цэнтры культуры. У планах развіваць яе надалей. Закупіць светлавое абсталяваннне для залы, дзе праводзяцца дыскатэкі. Запрашаю моладзь іх наведваць. У летні перыяд працавала пляцоўка «Вербачка».
Мы стараемся па меры магчымасці рабіць усе рамонты грунтоўна і прыгожа. Кожны год знаходзім сродкі для таго, каб правесці касметычны і капітальны рамонт будынкаў. Сёлета абнавілі сельскі Дом культуры ў аг. Налібакі, дзе знаходзіцца і сельская бібліятэка, добраўпарадкавалі тэрыторыю. У планах рамонт памяшканняў бібліятэк. Паралельна вядзём бягучы рамонт у гарадской дзіцячай бібліятэцы. Аднавілі электраабсталяванне першага этажа, рамонт у пакоях, замянілі старыя вокны на шклопакеты. Гэта трэба рабіць, бо кніга была і застаецца запатрабаванай у дзяцей і дарослых.
Дарэчы, у нас сёлета распрацаваны чатыры маршруты бібліобуса – перасоўнай бібліятэкі. Работнікі раённай бібліятэкі выязджаюць у населеныя пункты і прывозяць кнігі людзям. Нягледзячы на тое, што ў сучасным свеце асноўнай крыніцай інфармацыі прынята лічыць інтэрнэт, роля бібліятэк у нашым грамадстве не змянілася. Мы сумясцілі работу бібліобуса і аўтаклуба. У нас ёсць творчыя калектывы, якія суправаджаюць выезд бібліятэкараў і даюць невялікія канцэрты для наведвальнікаў. Работа ў даным накірунку пачалася з гэтага года, але ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй прыйшлося план некалькі падкарэкціраваць.

Дастойны аб’ект культуры музей-сядзіба «Дзяржынава». Тут працуюць спецыялісты высокага ўзроўню, прафесіяналы сваёй справы, якія прымаюць розныя дэлегацыі і праводзяць цікавыя экскурсіі.
Ёсць у нас аддзяленні, якія заўсёды на вышыні і пацвярджаюць свае поспехі пастаянна. Гэта духавы аркестр «Віціны» ДУА «Стаўбцоўская дзіцячая школа мастацтваў», які ўдастоены звання заслужаны аматарскі калектыў. Неаднойчы яго ўдзельнікі і кіраўнік Аляксандр Нічыпаровіч даказвалі свой прафесіяналізм і майстэрства на розных пляцоўках – абласных, рэспубліканскіх і сусветных. Гэта і мастацкае, і фартэпіяннае, і народнае аддзяленні. Нашы калектывы паказваюць сваю творчасць і сёння. Прымаюць удзел у конкурсах дыстанцыйна і заваявалі звыш 200 дыпломаў – ад абласных да міжнародных.
Свабодных вакансій ва ўстановах культуры у нас няма. Прыходзяць і застаюцца працаваць маладыя спецыялісты. Запатрабаваны і ветэраны працы, якія маюць багаты вопыт і перадаюць яго маладым. Гэта Людміла Новікава, Лідзія Варывоцкая, Галіна Азановіч, Анатолій Шалькевіч, Зоя Драбышэўская, Міхаіл Міткевіч. Працуюць у аддзеле культуры сем’і Зянько, Крамко, Несялоўскіх, Лубчонкаў. Заслугоўваюць удзячных слоў кіраўнікі дзіцячых танцавальных калектываў: Людміла Несцярук і Ала Ярмак, кіраўнік народнай студыі жывапісу Святлана Калкоўская і многія іншыя. Выказваю шчырыя словы падзякі ўсім спецыялістам, якія працуюць на ніве культуры раёна. Яны шукаюць новыя формы зносін з аўдыторыяй, пераасэнсоўваюць накоплены вопыт, прыдумваюць цікавыя мерапрыемствы, каб стварыць людзям камфортны культурны адпачынак.
Надзея БАТАЛКА
Фота аўтара і Таццяны ПЯТКЕВІЧ