Даступнасць аб’екта – абавязковае патрабаванне

Важное Соцыум

На Стаўбцоўшчыне 100-працэнтнай даступнасцю для людзей з інваліднасцю можа пахваліцца  ДУ «Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў», а большасць сацыяльных, гандлёвых і іншых аб’ектаў пакуль толькі на шляху да гэтага.

100-працэнтная даступнасць аб’екта – гэта гарантыя таго, што інвалід-калясачнік або невідушчы чалавек зможа трапіць на яго без старонняй дапамогі. І тут размова ідзе не толькі пра пандус – ужо звычны для многіх элемент безбар’ернага асяроддзя, а пра комплекснае вырашэнне праблемы з дапамогай разнастайных дадатковых сродкаў, такіх як моўныя інфарматары, парэнчы, тактыльная плітка і т. п.

Акрамя Мікалаеўшчынскага дома-інтэрната яшчэ Стаўбцоўскі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі набліжаецца да максімальнага ўзроўню даступнасці. Аднак нельга не заўважаць, што нават нядаўна ўведзеныя ў эксплуатацыю гандлёвыя аб’екты горада не адпавядаюць сучасным патрабаванням безбар’ернага асяроддзя.

– Статыстыка па інваліднасці расце, нягледзячы на паляпшэнне ўмоў жыцця, таму даступнасць усіх аб’ектаў (адукацыі, культуры, медыцыны, гандлю, жылога фонду) – абавязковая ўмова, – заўважыла намеснік старшыні райвыканкама Жанна Лысая падчас сумеснага пасяджэння міжведамаснага савета па праблемах інвалідаў пры райвыканкаме і камісіі па ўзаемадзеянні і кантролі за выкананнем мерапрыемстваў па стварэнні безбар’ернага асяроддзя ў Стаўбцоўскім раёне.

З прыведзеных лічбаў варта вылучыць найбольш красамоўныя: з амаль 39 тысяч чалавек, якія пражываюць на Стаўбцоўшчыне, 2272 – людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Кожны з іх хацеў бы адаптавацца ў грамадстве і адчуваць сябе паўнацэнным яе членам, не заставацца сам-насам у чатырох сценах.

Для вырашэння гэтых пытанняў у раёне зацверджаны план мерапрыемстваў па рэалізацыі падпраграмы 4 «Безбар’ернае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна-аслабленых асоб» Дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016–2020 гады. Для яго выканання прыцягваюцца сродкі як раённага і абласнога бюджэтаў, так і суб’ектаў гаспадарання.

Да прыкладу, у адпаведнасці з планам і з улікам фінансавання ўстаноўлены накладны пандус у рэстаран «Нёман». Уладкаваны прыпыначны пункт у Сцяцках, зроблена паніжэнне бардзюраў на двух пешаходных пераходах у межах горада на аўтадарозе Стоўбцы – Івацэвічы – Кобрын. У Стаўбцоўскай ЦРБ зроблены неабходныя рамонты ў санвузлах, каб туды маглі трапіць інваліды-калясачнікі. У плане забеспячэння даступнасці ўстаноў працуюць тэрытарыяльны цэнтр, раённы Цэнтр культуры. На даны момант у Стоўбцах завяршаецца рэканструкцыя аўтавакзала, і там будзе забяспечана безбар’ернае асяроддзе.

Нарэшце змянілася сітуацыя і ў жыллёвым будаўніцтве – яшчэ пры праектаванні 70-кватэрнага і 60-кватэрнага дамоў, якія ўзводзяцца ў Стоўбцах, былі прадугледжаны пандусы і паніжаныя бардзюры. Дарэчы, закладзены гэтыя элементы безбар’ернага асяроддзя і ў праекце новай, чацвёртай, школы.

На пасяджэнні была звернута ўвага на безбар’ернае асяроддзе ў гасцініцах раёна. У планах на 2021–2025 гады – прывядзенне ў адпаведнасць з нормамі па стварэнні даступнага асяроддзя для людзей з інваліднасцю адміністрацыйных будынкаў выканаўчых органаў улады.

Узнімаліся і праблемныя пытанні. Так, дому № 3 па вуліцы Міру ў Стоўбцах, дзе пражывае малады чалавек з інваліднасцю, неабходны пад’ёмнік, неабходны фінансавыя сродкі. У райвыканкам паступілі два звароты адносна выдзялення іншага жылля, якое адпавядае патрабаванням безбар’ернага асяроддзя. Гэтыя пытанні знаходзяцца на кантролі райвыканкама.

Прысутныя былі азнаёмлены са справаздачай Камітэта дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь па выніках аўдыту эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных сродкаў на стварэнне безбар’ернага асяроддзя, у якой выказана прапанова стварэння абменнага фонду, прыстасаванага для інвалідаў-калясачнікаў.

Ад усіх зацікаўленых службаў патрабуюцца адказнасць і ўзаемадзеянне ў вырашэнні актуальных задач, сярод якіх – штогадовы маніторынг сітуацыі па стварэнні безбар’ернага асяроддзя, вядзенне цэнтралізаванага банка даных сем’яў з дзецьмі-інвалідамі і з бацькамі-інвалідамі, максімальны ахоп дзяцей і моладзі з асаблівасцямі развіцця дадатковай адукацыяй, валанцёрская дапамога.

– Працуем не для камісій, а для людзей, – расставіла акцэнты Жанна Лысая.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *