Працаўнікі ААТ «Вялікі Двор» лідзіруюць па збору цукровых буракоў

Главное Сельская гаспадарка

Пад цукровымі буракамі ў ААТ «Вялікі Двор» сёлета занята 250 гектараў. Убрана даная прапашная культура больш, як з чвэрці пасеяных плошчаў. Як і ў мінулыя гады ўраджайнасць тут самая высокая сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна, накопваюць звыш 500 цэнтнераў салодкіх караняплодаў на круг.

Папаўняюцца бурты салодкімі карэннямі

Падчас наведвання гаспадаркі буракаводы працавалі на цукровых палетках ля вёскі Падлессе. Капалі сярэднеспелы гібрыд замежнай селекцыі «Сі Бадзіа». Цукрыстасць буракоў склала 17,32 працэнта.

– Гэты гібрыд мы высяваем на працягу некалькіх гадоў і ніводнага разу ён нас не падвёў, – расказвае галоўны аграном таварыства Генадзій Бязушка, – расце ў любых умовах надвор’я, добра пераносіць засуху і розныя хваробы. Ужо прыступілі да ўборкі гібрыда «эфеса» – ён выдаўся больш ураджайным.

Задаволены ўраджаем в.а. дырэктара таварыства Максім Стульба і камбайнер Фінат Саітгарэеў

Генадзій Генадзьевіч гаворыць, што ўсяго вырошчвалі ў гэтым годзе шэсць гібрыдаў: раннія, сярэднія і познія. Адгрузка салодкіх карэнняў на Гарадзейскі цукровы камбінат ажыццяўляецца па графіку. Вывозяцца караняплоды аўтамабілямі перапрацоўшчыкаў. На палетках працуе і пагрузчык, які згодна з дагаворам прадастаўляе кіраўніцтва камбіната. Улік зробленых рэйсаў вядзе аграном па ахове раслін Алена Сіняк. Яна малады спецыяліст. Працуе пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.

На ўборцы цукровых буракоў задзейнічаны Фінат Саітгарэеў, які працуе на буракаўборачным камбайне. Стаж работы ў таварыстве дбайнага працаўніка налічвае больш за дваццаць гадоў. Вопытны механізатар вясною пасеяў насенне і зараз убірае буракі. Салодкія карэнні важкія і буракавод задаволены ўраджаем.

Адвозіць цукровыя буракі механізатар Віктар Лапко

На адвозцы цукровых буракоў ад камбайна ў бурты заняты Віктар Лапко. Ён таксама малады спецыяліст. Скончыў Мар’інагорскі аграрны каледж. Падчас ўборкі збожжавых і зернебабовых культур шчыраваў памочнікам камбайнера. Кіраўніцтва таварыства адзначае яго добрасумленныя адносіны да даручанай работы. Адвозіць буракі і адзін з лепшых механізатараў гаспадаркі Уладзімір Пячонаў. Работа спорыцца.

– Мы прыклалі шмат намаганняў для таго, каб вырасціць больш багаты ўраджай, шчыра даглядалі пасевы, але летняя засуха ўнесла свае карэктывы, – працягвае размову галоўны аграном. – Караняплоды дрэнна прыбаўлялі ў вазе, але, як прайшлі дажджы, пачаўся іх актыўны рост. Спадзяёмся, што нам ўдасца сабраць каля 600 цэнтнераў салодкіх цукровых буракоў з гектара.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *