Вялікі хлеб агранёманцаў

Нумары Ураджай-2014

image_pdfimage_print

Агранёманскія хлебаробы ў ліку першых пачалі і першымі завяршылі ўборку збожжавых і зернебабовых культур на ўсіх 2422 гектарах. Сабрана каля 11700 тон. Ураджайнасць склала звыш 48 цэнтнераў збожжа з гектара. Такі высокі паказчык у гаспадарцы атрыманы ўпершыню.

Добры настрой у намесніка дырэктара па раслінаводстве Івана Скварчэўскага.

– Мы пастараліся зрабіць усё для таго, каб атрымаць багаты каравай, – сказаў Іван Іванавіч. – Азімыя пасеялі своечасова і веснавую пасяўную правялі на ўзроўні. Зрабілі ўсе фунгіцыдныя апрацоўкі, у чым заслуга агранома-аграхіміка Аляксандра Булаша. І гэта дало плён. Убралі вырашчаны хлеб без страт. Сёлета надвор’е як ніколі было даволі спрыяльным для развіцця раслін і іх уборкі. І хоць жніво выдалася спякотным, але нашы камбайнеры і вадзіцелі спрацавалі выдатна і справіліся з пастаўленай задачай. Вялікі ім дзякуй за працу ў такіх нялёгкіх  умовах.

Кіраўнік раслінаводчай галіны падкрэсліў пры гэтым, што ўраджай быў бы вышэйшым, калі б унеслі пад яравыя патрэбную колькасць мінеральных тукаў.

Найбольш ураджайнымі ў гаспадарцы ўдаліся азімыя культуры. Яны перазімавалідобра,у час росту атрымлівалі неабходныя падкормкі. Самае ўмалотнае азімае трыцікале, якое аддзячыла 60 цэнтнерамі збожжа з гектара, а асобныя ўчасткі давалі і па 70 цэнтнераў. Таварыства з’яўляецца элітгасам па вырошчванні насення збожжавых культур, таму высявалі якаснае насенне самых перспектыўных сартоў з уласнага гадавальніка размнажэння — эліту і суперэліту.

Збожжа сёлета практычна не патрабавала дасушвання, у самым пачатку жніва дапрацоўвалі толькі ячмень. 

Уборачная кампанія прайшла ў таварыстве на належным узроўні і практычна без паломак тэхнікі. Не было перабояў і з палівам  дзякуючы арганізатарскім здольнасцям дырэктара Іосіфа Меляшкевіча. Восем з дзесяці камбайнавых экіпажаў намалацілі звыш тысячы тон збожжа. Гэта Валерый і Андрэй Жукі, на рахунку якіх, разам з насеннем рапсу, 2084 тоны. Аляксей Пальчык (правёў усе фунгіцыдныя апрацоўкі збожжавых) і Аляксей Славінскі намалацілі 1432 тоны, Аляксандр Фалюк і Уладзімір Астахновіч – 1359, Міхаіл Таяноўскі і Юрый Сідорык – 1299, Анатолій Казлоўскі і Уладзімір Крэнь – 1060. Маладыя экіпажы Аляксандр Гярлоўскі і Аляксандр Новік, Віктар Семянько і Аляксей Шабуневіч намалацілі адпаведна 1166 і 1001 тону. Тысяча тон на рахунку вопытнага Генадзя Цвіркі, які правёў сваё сорак дзявятае жніво. Працуе Генадзь Адамавіч з памочнікам Валянцінам Гайдукевічам на камбайне «Ліда-1300». У мінулы панядзелак зусім нямнога не хапіла, каб стаць тысячнікамі Міхаілу Мазюкевічу і Сяргею Ясяновічу, Аляксею Чаркашыну і Дзмітрыю Евушку. Але ўборачная ў раёне працягваецца. Агранёманскія экіпажы запрасілі да сябе на дапамогу вішняўчане. Сярод вадзіцеляў вызначыліся і перавезлі звыш тысячы тон збожжа Анатолій Турко, Ігар Капшай і Іван Каробка.

Гэтымі днямі ўся ўвага хлебаробаў скіравана на будучы ўраджай. Шпаркімі тэмпамі вядзецца ўборка саломы і падрыхоўка глебы. Запланавана пасеяць паўтары тысячы гектараў азімых збожжавых, 150 – азімага рапсу і 100 – азімай свірэпіцы. Па словах Івана Іванавіча,  у таварыстве думаюць перагледзець структуру пасяўных плошчаў і замест жыта пасеяць больш ураджайныя трыцікале і пшаніцу. Нягледзячы на тое, што вырошчванне гэтых культур больш затратнае, прыбытак ад іх рэалізацыі, і гэта падлічана, будуць мець  вышэйшы. Надыходзяць аптымальныя тэрміны для сяўбы азімых рапсу і свірэпіцы. Будзем спадзявацца, што «нябесная канцылярыя» зноў будзе прыхільнай да  хлебаробаў і запрагназавала ў бліжэйшы час ападкі.

Надзея БАТАЛКА

На здымку: перадавы экіпаж камбайнераў «двухтысячнікаў» у складзе Валерыя і Андрэя Жукоў.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *