Рэдакцыя газеты прыняла ўдзел у маніторынгу санітарнага стану вуліц і тэрыторый

Важное Соцыум

З 1 кастрычніка абяўлены месячнік па навядзенні парадку на зямлі, таму няма сэнсу адкладваць гэтыя пытанні на невядомае «потым». Нашай увагі чакаюць двары і іншыя тэрыторыі горада і сельскіх населеных пунктаў. У спіс звычных спраў па санітарнай ачыстцы дабавіліся сезонныя клопаты, такія як уборка апалага лісця і засохлых кветак.

Будынак і тэрыторыя МРЭА ДАІ набылі сучасны імідж

Чарговы маніторынг санітарнага стану вуліц і тэрыторый, праведзены сумесна з памочнікам урача-гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Валерыяй Мартынавай з рэдакцыяй газеты «Прамень», паказаў, што большасць суб’ектаў гаспадарання і жыхароў Стоўбцаў з адказнасцю ставяцца да гэтага пытання. Дамініруе імкненне не толькі арганізаваць належную ўборку і догляд, але і ўкласці фінансавыя сродкі ў аздабленне і ландшафтны дызайн. Сярод такіх варта вылучыць Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат, Стоўбцыгаз і інш.

– Для горада характэрнай праблемай у апошні час стала несвоечасовая ачыстка кантэйнерных пляцовак, і гэта пытанне адрасавана ў першую чаргу Стаўбцоўскаму АКС, – тлумачыць Валерыя Мартынава.

Як пацвярджэнне – перапоўненыя кантэйнеры на вуліцы Бярозавай (мікрараён Усходні). Папяровыя і іншыя адходы разносяцца ветрам, і засмечваюць навакольную тэрыторыю.

Забудоўшчыкі з мікрараёна Паўночны выносяць на кантэйнерную пляцоўку буйнагабарытныя адходы і, больш таго, не ведаюць пра раздзельны збор адходаў

У разбудоўваемым мікрараёне індывідуальнай жылой забудовы Паўночны, дзе кантэйнеры пакуль не ўстаноўлены, забудоўшчыкі зносяць адходы на пустую бетаніраваную пляцоўку. Для яе ўборкі якраз пад’ехала машына-смеццявоз Стаўбцоўскага АКС, але прыбіраць прыходзіцца ўручную.

Бачым, што на пляцоўку без кантэйнераў вынесены і раслінныя рэшткі з агародаў, якія, як вядома. не адносяцца да цвёрдых камунальных адходаў. Добры гаспадар знойдзе ім прымяненне на ўласным участку, выкапаўшы кампостную яму, і праз год атрымае карыснае арганічнае ўгнаенне.

Выгадна вылучаюцца тыя сядзібы, дзе кветкі высаджаны і на вуліцы (вуліца М. Горкага)

На другім канцы мікрараёна Паўночны кантэйнерная пляцоўка ўстаноўлена, але тут, на жаль, назіраецца беспарадак. Вакол яе – буйнагабарытныя адходы, для вывазу якіх, згодна з правіламі, уладальнік павінен быў зрабіць заяўку ў камунальнае прадпрыемства. Відавочна, што забудоўшчыкамі ігнаруецца і раздзельны збор адходаў, хоць устаноўлены асобныя кантэйнеры для пластыку, шкла і цвёрдых камунальных адходаў.

Перапоўненыя кантэйнеры бачым і ля магазіна «Шкатулка» (вуліца Свярдлова, 11). На тратуары, побач са сметніцамі, валяюцца акуркі. Праз адмостку вакол будынка парасла трава.

Ля магазіна «Аўтазапчасткі» (вуліца Якуба Коласа, 27) таксама неабходна прыбіраць акуркі, своечасова падкошваць траву. Уладальніка прыватнай СТА па вуліцы Я. Коласа, 36, з якім адбылася размова, прадстаўнік санітарнай службы папярэдзіла прыкладна аб тым жа – абкошванні прылеглай тэрыторыі, уборцы смецця.

Будынак па вуліцы Свярдлова, 12 і прылеглая да яго тэрыторыя ўражваюць сваёй безгаспадарчасцю

Патрабуе добраўпарадкавання тэрыторыя былога дрэваапрацоўчага камбіната па вуліцы Кірава, пра што не раз пісала раённая газета. Уладальнікі не цікавяцца сваёй уласнасцю, і ўвогуле яны знаходзяцца па-за тэрыторыяй раёна, на сувязь не выходзяць, хоць зямельны падатак плацяць спраўна.

Выпадак з былым ДАКам можна назваць нехарактэрным для Стоўбцаў, дзе, як правіла, для навядзення парадку дастаткова вуснай заўвагі ці папярэджання спецыяліста санітарнай службы. Штрафныя санкцыі прымяняюцца да злосных парушальнікаў за сістэматычныя парушэнні санітарных правіл. З пачатку бягучага года сярод суб’ектаў гаспадарання такіх не выяўлена, сярод домаўладальнікаў — чацвёра. Усе яны прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Вучэбны цэнтр імкнецца аздобіць сваю тэрыторыю кветкавымі кампазіцыямі

Валерыя Мартынава падводзіць вынік:

– У ходзе наглядных мерапрыемстваў выдаюцца рэкамендацыі па ўхіленні парушэнняў, у выпадку невыканання якіх уласнікі зямельных участкаў і капітальных збудаванняў прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці згодна з артыкулам 21.14 КоАП Рэспублікі Беларусь («Парушэнне правіл добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў»). На фізічную асобу прадугледжаны штрафныя санкцыі ў памеры да 50 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – да 25 базавых велічынь, на юрыдычную асобу — да 100 базавых велічынь.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *