Ізноў працуе шпіталь

Главное Медыцына

З 29 верасня ва УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» разгарнуў сваю дзейнасць інфекцыйны шпіталь, падобны да таго, які дзейнічаў вясной, у пачатку пандэміі каранавіруснай інфекцыі.

– Шпіталь разлічаны на 89 ложкаў, у тым ліку 9 – рэанімацыйных, і з’яўляецца міжраённым. Паступаюць у асноўным пацыенты, якія маюць патрэбу ў стацыянарным лячэнні, з іншых раёнаў – Маладзечанскага, Валожынскага, Дзяржынскага, Уздзенскага, Нясвіжскага, – адзначае галоўны ўрач Святлана Глебка і запэўнівае, што для лячэння ёсць усе неабходныя лекавыя прэпараты. У складаных выпадках для прыняцця эфектыўнай стратэгіі лячэння медыкі кансультуюцца са спецыялістамі кафедры інфекцыйных хваробаў медуніверсітэта.

Святлана Здзіславаўна, ёсць цяжкія пацыенты, за жыццё якіх (як гэта было вясной) прыходзіцца змагацца?

– Пры неабходнасці пацыенты змяшчаюцца ў рэанімацыю, дзе атрымліваюць кіслародную падтрымку. Але ў цэлым, калі параўноўваць з сітуацыяй, якая была ў красавіку-маі бягучага года, пацыентаў з пагражальнай клінікай няма.

– У шпіталі нясуць дзяжурства ўрачы. Ці хапае медыцынскага персаналу?

– Персаналу дастаткова, хоць, зразумела, у шпіталі яго неабходна больш, чым у звычайным аддзяленні. Арганізавана пазменная работа. Усе мабілізаваны на тое, каб лячыць пацыентаў. Дастаткова кропак падключэння да кіслароду.

– Як абаронены тыя, хто працуе з інфіцыраванымі? Якія меры засцярогі  для наведвальнікаў паліклінікі?

– Індывідуальныя сродкі аховы для персаналу мы назапасілі яшчэ летам. Набыты медыцынскія маскі, касцюмы і т. п. З 1 кастрычніка бальніца перайшла на работу ў рэжыме эпідэміялагічнай сітуацыі, таму і ў паліклініцы прадугледжана раздзяленне зон. Тыя, хто прыходзіць з тэмпературай, кашлем – прымаюцца асобна. Раздзяленне наведвальнікаў адбываецца на ўваходзе ў паліклініку.

– Што можаце сказаць пра  ўзровень захваральнасці ў раёне? Які прагноз медыкаў?

– Звычайна ў асенні перыяд узровень эпідэміялагічных захворванняў расце. У цэлым у раёне ён зніжаны ў параўнанні з тым, вясеннім, перыядам. Мы, медыкі, псіхалагічна не адыходзілі ад COVID і летам, калі вірус меў значна меншую актыўнасць. Насілі касцюмы індывідуальнай аховы, апрацоўвалі рукі. Рабілі пацыентам тэсты.

Далейшая сітуацыя залежыць ад нас саміх. Пра заканчэнне каранавіруснай інфекцыі можна будзе казаць тады, калі ўсе пачнуць выконваць рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя: насіць маску, апрацоўваць дэзрастворам рукі, прытрымлівацца сацыяльнай дыстанцыі. У сучасных умовах павінна быць сорамна не насіць маску, а не наадварот. На даны момант пераадолець гэты псіхалагічны бар’ер – самае важнае.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *