Па добрай традыцыі ў Дзень маці старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Колясень запрасіў на сустрэчу шматдзетных матуль, узнагароджаных ордэнам маці.
Атмасферу свята з кветкамі і падарункамі дапоўніў і ўрачысты момант: дзвюм жанчынам, стаўбчанкам Алене Голад і Алене Янкоўскай, акурат былі ўручаны ордэны маці. Указ аб іх узнагароджанні падпісаў Прэзідэнт краіны літаральна гэтымі днямі.
Знаёмства са шматдзетнымі матулямі адбывалася ў нефармальнай абстаноўцы, за салодкім сталом. Старшыня раённай арганізацыі ГА ”Беларускі саюз жанчын” Святлана Блашко пастаралася зрабіць усё, каб удзельнікі сустрэчы адчувалі сябе камфортна, змаглі бліжэй пазнаёміцца, выказаць свае праблемы і прапановы.
Дзяніс Колясень, вітаючы жанчын, назваў іх паважанымі мамамі з вялікай літары:
— Рады, што вы, такія запатрабаваныя, знайшлі час на гэту сустрэчу. Мне прыемна быць сярод вас. Высока цаню ваш статус. Разумею, як няпроста ўскласці на сябе абавязкі шматдзетнай матулі”.
Сапраўды, у гэтых матуляў-гераіняў – пяць, а то і шэсць дзяцей. Клопатаў у кожнай дастаткова. Аднак радуе тое, што ў іх сем’ях вырашана жыллёвая праблема, і ў пераважнай большасці — з падтрымкай дзяржавы. Жанчыны выказалі просьбу, каб жыллё для шматдзетных сем’яў здавалася “пад ключ”, з унутранай аддзелкай, таму што ў вялікай сям’і цяжка знайсці сродкі на рамонт.
Ад адной з маладых шматдзетных матуляў прагучала просьба дапамагчы з набыццём аўтамабіля. Маўляў, вадзіцельскае пасведчанне ёсць, а аўто – няма. Трэба сказаць, што заканадаўствам такі від дапамогі не прадугледжаны. На пакупку сямейнага аўтамабіля ці той жа мэблі ў новую кватэру не можа быць выкарыстаны і мацярынскі капітал, права на які маюць сем’і, у якіх выхоўваюцца трое і больш дзяцей.
Каб палепшыць дабрабыт сям’і, шматдзетныя матулі не сядзяць дома, працуюць, прычым некаторыя – адразу на некалькі ставак. “Няма калі адпачываць”, — жартам казалі яны. А калі сур’ёзна, то актуальнасць мае пытанне невысокіх заробкаў жанчын пасля выхаду з адпачынку па догляду за дзіцем. “Будзем агучваць яго перад дэпутацкім корпусам, каб вырашыць шляхам унясення змен у заканадаўства”, — зазначыў Дзяніс Колясень.
У размове была звернута ўвага, што для шматдзетных сем’яў важнае значэнне маюць скідкі, якія маглі б прапаноўваць у Стоўбцах уласнікі дзіцячых атракцыёнаў і забаў. Гэту прапанову органы мясцовай улады падтрымалі і па магчымасці абяцалі садзейнічанне.
За кубачкам чаю шматдзетныя матулі падзяліліся і асабістым — сваімі захапленнямі, з гонарам яны расказвалі пра дзяцей і ўнукаў.
Марына Рыштоўская з Залужжа, да прыкладу, казала пра тое, што любіць працу ў агародзе (мае тры парнікі!), а ў летні перыяд збірае ў лесе ягады. Сын Стасік дапамагаў прадаваць іх і, такім чынам, зарабіў сабе на веласіпед.
Галіна Цярэшка з Заямнага – не толькі шчаслівая матуля шасцярых дзяцей, але і бабуля 12 унукаў. “Рада кожнаму з іх”, — прызнаецца жанчына. Яна, хоць і на пенсіі, працягвае працаваць у дзіцячым садзе.
Тамара Бурлачэнка са Стоўбцаў шчыруе ў Стаўбцоўскай ЦРБ, яе старэйшая дачка – ужо студэнтка, двое дзяцей наведваюць школу, двое малодшых — дзіцячы сад.
Стаўбчанка, маладая матуля пяцярых дзетак Кацярына Галімская надзвычай энергічная, актыўная і, як трапна заўважыў Дзяніс Колясень, у апошні час стала проста медыйнай персонай.
У сям’і Алены Голад здарыліся не так даўно дзве падзеі: нараджэнне шостага дзіцяці і перасяленне ў сваю кватэру.
Стаўбчанка Алена Янкоўская выклікала добрую зайздрасць: дома ў яе кожны дзень – свята, бо яна, матуля, — кандытар па спецыяльнасці. З мужам яны пабудавалі свой дом, стараюцца ўсё рабіць разам, дружна.
Падводзячы вынік гэтага незвычайнага прыёму, варта сказаць пра ўсведамленне важнасці звычайных сямейных каштоўнасцяў. Так, у шматдзетных бацькоў ёсць складанасці, але галоўнае – мір у сям’і. Асобая роля ў гэтым належыць жанчыне.
— Шматдзетная матуля прыходзіць з работы дамоў, і ёй трэба ўсіх накарміць, праверыць у дзяцей урокі, папрацаваць над сабой, каб выглядаць прыгожа і дарыць цяпло блізкім, — падкрэсліла Святлана Блашко.
Працягваючы тэму, у тым ліку яе дэмаграфічны кантэкст, Дзяніс Колясень выказаў ўпэўненасць: “Толькі вы, шматдзетныя матулі, можаце сваім прыкладам натхніць і падтрымаць іншых бацькоў у стварэнні здаровых і шчаслівых сем’яў”.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ
Фота Ксеніі РУБІН
Поздравляю, вы этого достойные, побольше бы таких смелых женщин в наше время!
Рейтинг комментария:
0
0