Месячнік «Белы кій»

Важное Соцыум

На Стаўбцоўшчыне жывуць 254 інваліды па зроку. Сярод іх, на жаль, ёсць і дзеці. Каб даць ім надзею, дапамагчы адаптавацца і не згубіць пэўныя стасункі з асяроддзем, і працуе раённая арганізацыя інвалідаў па зроку. Сумеснымі намаганнямі з тэрытарыяльным цэнтрам, Стаўбцоўскай ЦРБ для невідушчых людзей шмат чаго ў нашым горадзе зроблена. Да прыкладу, на ўстановах з’явіліся шыльды, напісаныя шрыфтам Брайля, і кропкі выкліку, арганізавана суправаджэнне інвалідаў першай групы. У гасцініцы «Зара» прадугледжаны нумар для людзей з інваліднасцю.

Нездарма кажуць, што белы кій для сляпога – яго вочы. Праз дотык кія ён атрымлівае інфармацыю і рухаецца. У горадзе і раёне для гэтай катэгорыі інвалідаў ствараецца безбар’ернае асяроддзе, а менавіта ўкладваюцца тактыльная плітка і паніжаныя бардзюры, устанаўліваюцца гукавыя святлафоры. Радуе, што становіцца нормай здача ў эксплуатацыю новабудоўляў з пандусамі, пад’ёмнікамі і г.д.

Нагадаю, што белы кій вядомы з 1921 года, але ўпершыню дзень белага кія стаў сусветным у 1964 годзе. У Савецкім Саюзе ён пачаў адзначацца з 1987 года. У Стоўбцах пасля першай сусветнай вайны 1914–1916 гадоў пасялілася больш за тысячу сляпых, якія страцілі зрок пасля газавых атак. У горадзе (тады ён называўся мястэчкам) існавала бальніца, дзе выдавалі бясплатныя лекі невідушчым салдатам. Побач з цяперашняй плошчай Бессмяротнасці стаяў будынак, у якім знаходзілася арганізацыя Чырвонага Крыжа. Працавалі 12 сясцёр міласэрнасці, многія з іх былі набліжаны да імператарскай сям’і.

З 1875 года існуе ўзнагарода за дапамогу сляпым, таварыства інвалідаў па зроку з’яўляецца старэйшым сярод іншых грамадскіх арганізацый на постсавецкай прасторы. У Стоўбцах гэта таварыства пачало адраджацца ў 1947 годзе.

За апошні час раённай арганізацыяй інвалідаў па зроку шмат чаго зроблена, але шмат чаго трэба  ажыццявіць усім нам, талакой, каб у жыцці невідушчых з’явілася хоць кропелька святла. Тым больш, у рамках месячніка, 13 лістапада, будзе адзначацца дзень сляпога чалавека. Гэта нагода ахвяраваць, бо даваць заўжды прыемней, чым прасіць. Заклікаю інвалідаў па зроку ўступаць у нашу арганізацыю. Разам мы ўсё зможам.

Аляксандр КЛІМАШ, старшыня раённай арганізацыі інвалідаў па зроку          



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *