Удзячнае слова ў дзень юбілею

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

Гэты здымак зроблены ў маі 1966-га. Пасля апошняга званка ў Старасвержанскай СШ  нас дома, у Стоўбцах, на вуліцы Стадыённай, чакала наш класны кіраўнік Ірына Міхайлаўна Гайко. Чакала, узрадавалася і зрабіла ўсё магчымае, каб сустрэча была і прыемнай, і карыснай, і вельмі-вельмі цёплай, шчырай, хвалюючай. На памяць аб шчаслівых хвілінах сустрэчы застаўся фотаздымак.

…Далёка не ва ўсіх у класе матэматыка была любімым прадметам. Пакуль да нас не прыйшла Ірына Міхайлаўна. Не ведаць, не ўмець, не хацець рашаць складаныя задачы было немагчыма. Класная дошка на ўроку «працавала» ад званка да званка, а дзяжурныя своечасова спяшаліся данесці яшчэ крэйды, бо яна хутка спісвалася ў руках настаўніка і вучняў. Затое колькі радасці мы адчувалі: тэму зразумелі ўсе, спісваць сорамна, будзем самі выконваць усе заданні!

А яшчэ Ірына Міхайлаўна ў старэйшых класах стала нашым класным кіраўніком. Нам так хацелася зрабіць ёй прыемнае, і мы самі рыхтавалі палітінфармацыі і розныя мерапрыемствы, не толькі класныя, але і агульнашкольныя, і запрашалі на іх Ірыну Міхайлаўну. Яна ў той час была мамай двух малых сыночкаў, ды і дабірацца на работу ёй было няпроста. Мы гэта разумелі і стараліся не засмучаць нашу класную. Бо любілі яе, даражылі яе даверам, радаваліся яе тактоўным, вельмі далікатным адносінам да нас, захапляліся яе жыццялюбствам. А яшчэ адчувалі цеплыню і павагу да кожнага з нас, незалежна ад таго, як хто вучыцца, з якой сям’і. Толькі пазней прыйшло разуменне, што лёс падарыў нам у школьныя гады настаўніка і выхавацеля ад Бога, што мы мелі шчасце пражыць пэўны час побач з цудоўным чалавекам, прыгожай жанчынай. Не ведаем, ці атрымлівала Ірына Міхайлаўна якія-небудзь заахвочванні за сваю працу, ці адзначана хоць якім чынам яе прафесійная дзейнасць. Але цвёрда ўпэўнены: для многіх вучняў Старасвержанскай школы яна была і застаецца любімым настаўнікам.

5 жніўня ў Ірыны Міхайлаўны – прыгожы юбілей. Мы шчыра віншуем дарагога нам чалавека, жадаем не стамляцца на жыццёвай дарозе, адчуваць сябе шчаслівай, радавацца кожнаму світанку, захоўваць душэўную цеплыню і аптымізм. Удзячны ёй заўсёды і сцвярджаем:

Вы ў гэты свет прыйшлі,

Штодзённа каб дарыць любоў

І быць патрэбнай і карыснай людзям,

Тварыць дабро, дарыць цяпло

Без лішніх, непатрэбных слоў –

І гэтым упрыгожвацьнашы будні.

Каб гэты свет змяніць,

Зрабіць яго святлей, чысцей

І мірным –  вось жыцця аснова,

Быць прыкладам для ўнукаў і дзяцей,

Жанчынай у высокім сэнсе слова.

Ад імя выпускнікоў школы 1966 года Ганна і Анатоль Навіцкія, Яўгенія Васілевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *