«Да адзінаццацітысячнай вяршыні». ТАА «СЖК «Налібакі» держыць курс наперад

Главное Сельская гаспадарка

Па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ТАА «СЖК «Налібакі» – адно з лепшых таварыстваў раёна. На працягу доўгага часу гаспадарка з’яўляецца флагманам па надоях малака, прадукцыйнасць дойнага статка тут самая высокая. З пачатку года атрымана ў сярэднім ад кожнай каровы звыш сямі тысяч кілаграмаў малака, прыбаўка склала каля 200 кілаграмаў. Дасягнуты пэўныя поспехі ў мясным цэху. Ладзяцца справы ў раслінаводчай галіне.

Аператар машыннага даення Святлана Рынкевіч (злева) – прызнаны майстар сваёй справы, на працягу доўгага часу з’яўляецца адной з лепшых даярак не толькі ў таварыстве, але і ў раёне. Жывёлаводы МТФ «Церабейнае» пастаянна знаходзіцца на лідзіруючай пазіцыі. Нядаўна ўліліся ў калектыў і добра працуюць ветфельчар Уладзімір Качаноўскі і аператар машыннага даення Ірына Мігно

– Мы будзем і надалей прырастаць па паказчыках, бо зніжаць вытворчасць малака і мяса няма прычын, – гаворыць дырэктар таварыства Віталій Кушнер. – Для плённай працы жывёлаводаў у нас створана нядрэнная матэрыяльная база. У мінулым годзе пабудавалі новы малочнатаварны комплекс з даільнай залай. Паказчык тут самы высокі ў гаспадарцы, надоена ў сярэднім ад каровы 8424 кілаграмы малака, дасягнутая прыбаўка – амаль 900 кілаграмаў. Да канца года жывёлаводы перакрыюць адзінаццацітысячны рубеж. У перспектыве будаўніцтва яшчэ аднаго такога ж комплексу. Зладжана працуюць работнікі ўсіх нашых фермаў – малочнатаварных і жывёлагадоўчых. Пастаянна на высокім ўзроўні работа тэхнікаў-асемянятараў.

Галоўны аграном Георгій Яўсейчык (справа) мае багаты вопыт у прафесіі і працуе ў таварыстве больш за сорак гадоў. У інжынера-механіка Віктара Дошчачкі таксама немалы стаж работы, з надыходам напружаных уборачных кампаній ён з году ў год шчыруе на камбайне

Адначасова ў гаспадарцы праводзяцца рэканструкцыі. Сёлета завершаны рамонт жывёлагадоўчага памяшкання пад утрыманне буйной рагатай жывёлы на глыбокай падсцілцы. Рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва «клюшачніка» і сянажна-сіласнай траншэі.

Няпростым выдаўся год у раслінаводчай галіне, але валавы збор збожжа атрымалі вышэйшы за леташні – намалацілі разам з грэчкай 5880 тон збожжавых і зернебабовых.

Вопытныя аператары машыннага даення Галіна Чыжэўская (злева) і Ганна Саланкевіч працуюць на МТФ «Целяхі» і дабіваюцца высокіх паказчыкаў. Жанчыны ўваходзяць у топ-15 лепшых аператараў машыннага даення раёна

Кармавая база – адна з галоўных задач. Сёлета, як і ў папярэднія гады, яна абавязкова будзе вырашана. Для гаспадаркі вельмі важна мець паўтарагадовы запас кармоў, бо гэта аснова стабільнай работы. Здолелі нарыхтаваць у дастатковай колькасці сенажу, бо летась правялі перазалужэнне сенажацяў на вялікай колькасці плошчаў. Гэтымі днямі ўбіраецца кукуруза, ураджайнасць якой у бягучым годзе неблагая.

Механізатар Яўгеній Чэмка выконвае на даручаным трактары розныя работы. Падчас жніва працаваў
на камбайне і намалаціў звыш тысячы тон збожжа. Гэтымі днямі рупіцца на ворыве глебы

Ёсць ў таварыстве таварная прадукцыя, а значыць – і грошы. Фінансавае становішча стабільнае, што дазваляе весці будаўніцтва і закупляць новую сучасную тэхніку. Сёлета машынна-трактарны парк папоўніўся кормаўборачным камбайнам, двума энерганасычанымі трактарамі «Беларус-3522» і «Беларус-920», прычапнымі агрэгатамі.

Настасся Юргель (злева) выконвае зараз абавязкі брыгадзіра на перадавой МТФ «Налібакі», адначасова спалучаючы абавязкі спецыяліста па ідэнтыфікацыі жывёлы і ветфельчара. Святлана Бандаровіч (у цэнтры) і Наталля Лапкоўская сваёй добрасумленнай працай прымнажаюць дасягнутыя паказчыкі, маюць самы высокі вынік па надоях малака ад каровы сярод аператараў машыннага даення раёна

Працуюць у таварыстве і над вырашэннем кадравай праблемы – будуюць жыллё для працаўнікоў.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *