УМАЛОТНЫ ЛУБІН
У ААТ «Каганец», які з’яўляецца элітгасам па вырошчванні лубіну, атрымана з гектара 51,1 цэнтнера зерня гэтай высокабялковай каштоўнай культуры. Высявалі суперэліту, ранняспелы беларускі сорт «Першацвет», і намалацілі амаль 90 тон эліты.
– Будзем рэалізоўваць насенне жадаючым, – сказаў галоўны аграном Дзмітрый Вашкевіч. – І надалей плануем займацца вырошчваннем лубіну.
У ААТ «Вялікі Двор» зернебабовыя далі сёлета 49,9 цэнтнера. У ААТ «Агранёманскі», дзе імі засеялі 200-гектарную плошчу, намалочана 40 цэнтнераў, найбольш ураджайнымі выдаліся аўсяна-гарохавыя сумесі.
ПЕРСПЕКТЫЎНЫЯ ГІБРЫДЫ
Кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Сула» Уладзімір Радзевіч займаецца не толькі вырошчваннем бульбы. Высявае на сваіх палях збожжавыя культуры і рапс. У прыватнасці, летась пасеяў 90 гектараў азімага рапсу. Пасевы добра перазімавалі. Вясною расліны падкармілі і апрацавалі эфектыўнымі замежнымі прэпаратамі.
Ураджайнасць фермер атрымаў неблагую, намалочана 38 цэнтнераў масланасення з гектара. Уладзімір Уладзіміравіч расказвае, што высяваў два замежныя перспектыўныя гібрыды – нямецкі «Ситро» і амерыканскі «Экзекутив», а таксама два сарты беларускай селекцыі – «Капітал» і «Дабрадзей». Вышэйшай ураджайнасцю аддзячыў амерыканскі гібрыд – на круг выйшла 42 цэнтнеры. Усё насенне, а намалочана звыш 340 тон, ужо рэалізавана спажыўцам. Гэтымі днямі ў гаспадарцы ўбіраюцца збожжавыя. Ураджай неблагі, 40-42 цэнтнеры з гектара. Задзейнічаны на жніве камбайн, на якім працуе Сяргей Ніканчук. Дарэчы, пакуль даспявалі ячмень і яравая пшаніца, камбайнер паспеў папрацаваць на збожжавых палетках суседняй гаспадаркі ААТ «Каганец». З кіраўніцтвам гэтай гаспадаркі ва Уладзіміра Радзевіча добрыя стасункі і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва.
ПЯЦЬ НОВЫХ КАМБАЙНАЎ
У пачатку ўборачнай кампаніі камбайнавы парк раёна папоўніўся пяццю новымі збожжаўборачнымі машынамі «КЗС-1218» айчыннай вытворчасці. Два «стэпавыя караблі» набыў ААТ «Вішнявецкі-агра». Даручылі новую тэхніку Аляксандру Якімовічу, для якога, у якасці камбайнера, гэтая ўборачная першая, і Віталію Шоду. У ААТ «Радзіма Якуба Коласа» камбайн атрымаў вопытны Уладзімір Пявец. Пакуль тэхніка была, так бы мовіць, у дарозе, Уладзімір Уладзіміравіч адвозіў на сваім трактары збожжа ад камбайнаў. Але з нецярпеннем чакаў камбайн, і адразу ж уключыўся ў работу. З задавальненнем прыняў новую тэхніку Сяргей Лабун з ААТ «Рубяжэвічы», які працуе на ёй разам з сынам Аляксандрам. А ў ААТ «Шашкі», як ужо паведамлялі раней, ключы ўручылі Валерыю Калею.
ТАКТЫКА СЯБЕ АПРАЎДВАЕ
У ААТ «Шашкі» цярэбяць лён. На першых пятнаццаці гектарах выкарыстоўвалася свая тэхніка. Але яна недасканалая, яе патрэбна мяняць на сучасную. З гэтай мэтай дырэктар ААТ «Шашкі» Віталій Ільюшэнка дамовіўся з кіраўніцтвам ААТ «Валожынскі льнокамбінат» аб пастаўцы на выпрабаванне льноўборачнага камбайна «Ліда-U 30». Шчыруюць на палетках дзве такія машыны. І тактыка дырэктара зразумелая. Перад тым, як набыць тэхніку, Віталій Васільевіч хоча пабачыць яе ў рабоце непасрэдна на палетках таварыства. Нядаўна на выпрабаванні тут працаваў апырсквальнік.