Людзі, якія дораць святы

Важное Культура

Напярэдадні Дня работнікаў культуры глядзельная зала ДУА «Стаўбцоўская дзіцячая школа мастацтваў» сабрала таленавітых людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё сферы культуры.

Усіх тых, хто сваёй творчасцю і любоўю да прафесіі стварае для нас свята, запальвае сэрцы, расчыняе дзверы ў свет прыгожага, напаўняе незабыўнымі ўражаннямі кожны дзень нашага жыцця.

Дзмітрый Слесарчык уручыў канцэртмайстару Людміле Новікавай грамату галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы,
культуры і па справах моладзі аблвыканкама

Адкрыў святочнае мерапрыемства начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Дзмітрый Слесарчык, які павіншаваў прысутных са святам, пажадаў аптымізму, невычэрпнай энергіі і далейшых поспехаў на ніве нялёгкай творчай прафесіі. І адзначыў, што менавіта работнікі культуры зараджаюць усіх пазітыўным настроем, захоўваюць народныя традыцыі, адкрываюць і развіваюць таленты нашых дзяцей. Асаблівыя словы прызнання былі выказаны паважаным ветэранам працы, якія і сёння ўносяць важкі ўклад ў развіццё галіны, дзеляцца творчым вопытам і жыццёвай мудрасцю з маладымі работнікамі. Шчырыя словы віншаванняў выказалі прысутным старшыня Стаўбцоўскага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Ларычаў і старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Алена Каралец.

Падзячнымі пісьмамі старшыні райвыканкама ўзнагароджаны дырэктар Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Курмышава (у цэнтры), настаўнікі Сяргей Крамко і Аксана Гідаятханава

Па традыцыі самыя дастойныя прадстаўнікі сферы культуры, музеяў і бібліятэк, кіраўнікі і педагогі дзіцячых школ мастацтваў, кіраўнікі народных творчых калектываў, удзельнікі мастацкай самадзейнасці былі адзначаны заслужанымі ўзнагародамі.

Затым на сцэну запрасілі маладых спецыялістаў, сёлета іх прыехала на працу дзевяць чалавек. Дзмітрый Слесарчык пажадаў усім плённай працы і ўручыў падарункі.

І як жа ў такі дзень без музыкі! Цудоўны канцэрт падарылі прысутным навучэнцы і работнікі ўстаноў культуры раёна. На гэты раз віноўнікі ўрачыстасці былі гледачамі і адчувалі сябе трошкі нязвыкла, бо гэта яны самі заўсёды дораць святы.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *