Алена Конюх — медык з 40-гадовым вопытам працы

Важное Медыцына

Хто хоць раз лячыў зубы ў Стаўбцоўскай ЦРБ, не можа не ведаць Алену Конюх. Алена Іванаўна амаль сорак гадоў працуе ў медыцыне, і большую палову часу – у стаматалагічным аддзяленні медсястрой гаспадарча-разліковага ці, як кажуць пацыенты, платнага кабінета. Для большасці яна стала добрай знаёмай, з якой прыемна павітацца пры сустрэчы і па-за сценамі бальніцы.

У свой час Алена Конюх, ураджэнка Брэсцкай вобласці, закончыла Мінскае медвучылішча № 1 і была размеркавана на Стаўбцоўшчыну. Пачынала з такім прафесіяналам, як Ніна Малюшкіна, а, з выхадам Ніны Іосіфаўны на заслужаны адпачынак, працуе з маладымі, але граматнымі і мэтанакіраванымі ўрачамі-стаматолагамі. Паслугі іх запатрабаваныя.

– Вяду запіс жадаючых, дапамагаю доктару пры лячэнні пацыентаў, – заўважае пра свае абавязкі медсястра, якая, ведаю гэта па асабістым досведзе, заўсёды імкнецца падабраць зручны для пацыента час наведвання, даць падрабязную інфармацыю, а ў выпадку экстраннай сітуацыі знайсці «акно» для кансультацыі з доктарам.

Жадаючых трапіць у платны кабінет нямала. Фактычна запіс іх вядзецца ўжо на лістапад. Лячэнне ў кабінеце адбываецца на сучасным абсталяванні, з прымяненнем матэрыялаў вытворчасці Германіі. Створаны ўсе ўмовы, каб пацыенты адчувалі сябе камфортна, атрымлівалі якасныя медыцынскія паслугі і былі здаровымі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *