Як будзе развівацца Паўночны

Главное Эканомiка

Пра мікрараён індывідуальнай жылой забудовы Паўночны-2 жыхары Стоўбцаў упершыню пачулі прыкладна дзесяць гадоў таму. У 2012 годзе па заказу райвыканкама МАУП «Праектна-вытворчае архітэктурна-планіровачнае бюро» быў распрацаваны план яго дэталёвай забудовы, і фактычна ў тым жа годзе пачалася выдача зямельных участкаў для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрных жылых дамоў. Большасць участкаў атрымалі мясцовыя жыхары, якія стаялі на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў і пажадалі пабудаваць уласны дом. Як правіла, гэта маладыя сем’і, у тым ліку шматдзетныя. Усяго ў Паўночным-2 – 597 зямельных участкаў(плошча мікрараёна – 132,8 тысячы м2).

Маладзёжны пасёлак

У жылым масіве Паўночны-2 узводзяцца прыгожыя дамы з мансардамі, гаражамі паводле сучасных архітэктурных праектаў. На іх фасадах бачым падводы да прыроднага газу, за межамі ўчастка – скрыні з індывідуальнымі прыборамі ўліку электраэнергіі.

У некаторых дамах ужо вісяць фіранкі на вокнах, у некаторых яшчэ ідуць будаўнічыя работы. Дзе-нідзе сустракаюцца «пустыя» ўчасткі з фундаментам. Да ўсіх участкаў можна без праблем пад’ехаць па высыпанай «гравійцы».

Вуліцы прасторныя, з поўным наборам дарожных знакаў для вадзіцеляў і пешаходаў. Праўда, днём тут зусім мала і пешаходаў, і машын.

Выпадкова сустракаем жанчыну, якая прагульваецца на свежым паветры з дваіма дзецьмі. Хлопчык – з партфелем. Знаёмімся. Вераніка Кульгавік расказвае, што праводзіць сына да аўтобуснага прыпынку. Яму трэба дабрацца да СШ № 2.

«Ісці да прыпынку мінут 20. Далекавата, – робіць выснову жанчына. – Пакуль я ў водпуску, хочам апрабаваць маршрут у школу на гарадскім аўтобусе, а так звычайна я еду на аўтамабілі на работу і падвожу дзяцей у школу і дзіцячы сад».

Маладая сям’я Кульгавікаў засялілася ва ўласны дом месяц назад. «Больш за шэсць гадоў будаваліся», – заўважае Вераніка і фактычна абазначае агульную тэндэнцыю новага маладзёжнага мікрараёна. Цікавімся ў яе, з якімі праблемамі сутыкнулася сям’я пасля перасялення. Чуем: «Усё нармальна, але хочацца далейшага развіцця мікрараёна».

Будзе паркавая зона з дзіцячай пляцоўкай

Пра развіццё мікрараёна Паўночны-2 мы папрасілі расказаць начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Яўгена Кандратовіча:

– У бягучым годзе распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на вынас з мікрараёна лініі электраперадач 110 кВт. Неўзабаве гэтыя работы будуць выкананы, і на 34-х зямельных участках, якія былі пад ЛЭП, таксама можна будзе весці будаўніцтва.

– Яўген Іванавіч, мікрараён Паўночны-2 прывабны і для тых, хто жадае набыць зямельны ўчастак з аўкцыёну.

– Усе 597 участкаў забяспечаны інжынерна-транспартнай інфраструктурай. На кожнай вуліцы і завулку (іх 31) пракладзены за бюджэтныя сродкі сеткі вода-, электра- і газазабеспячэння. Прадпрыемствам «Белтэлекам» да кожнага фундамента бясплатна падведзены оптавалаконныя лініі сувязі. Выкананы праезды ў гравійным выкананні. На вуліцы Заводскай цяпер ажыццяўляецца апошняя, шостая, чарга будаўніцтва. Здача аб’екта запланавана ў пачатку 2021 года.

– Аднак у новым мікрараёне пакуль аднастайная карціна – дамы, дамы… Ці плануецца адкрыццё аб’ектаў сацыяльнай сферы і гандлю, паркавая зона?

– Згодна з дэталёвым планам на скрыжаванні вуліц Някрасава і Сталічнай прадугледжаны гандлёвы цэнтр з аб’ектам грамадскага харчавання. Гэты праект распрацаваны, выдзелена пляцоўка для будаўніцтва. Двойчы праходзіў аўкцыён, але не знайшлося інвестара, які б захацеў укласці сродкі ў аб’ект.

Акрамя таго, горадабудаўнічым праектам прадугледжана будаўніцтва ў мікрараёне аптэкі, аб’ектаў сувязі і бытавога абслугоўвання.

У цэнтры мікрараёна ёсць лясны масіў. Неабходна прыводзіць яго ў парадак. У рамках мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да абласных «Дажынак» 2022 года мяркуем устанавіць тут дзіцячую гульнявую пляцоўку, для чаго шукаем крыніцы фінансавання.

У напрамку аб’язной дарогі

– Нядаўна мікрараён быў уключаны ў маршрутную аўтобусную сетку горада. А што са стварэннем зручных сувязяў пасёлка з іншымі часткамі райцэнтра?

– Аўтобусны маршрут быў адкрыты з улікам пажаданняў людзей. У мікрараёне шэсць прыпынкаў грамадскага транспарту. На кожным устаноўлены адпаведны дарожны знак, вывешаны расклад руху. У планах – будаўніцтва трох сучасных аўтобусных павільёнаў і пешаходных сувязяў з удасканаленым цвёрдым пакрыццём па вуліцы Заводскай.

Для зручнасці тых, хто пражывае ў мікрараёне, праводзім праектна-пошукавыя работы па будаўніцтве аб’язной дарогі (вуліца Задвор’енская будзе працягнута і выведзена да аўтадарогі Р2), якая ўжо ў 2021 годзе напрамую злучыць мікрараён з дзіцячым садам № 8, школамі № 3 і № 4.

– Актуальнай для мікрараёна застаецца тэма добраўпарадкавання. Як змяняецца сітуацыя са зборам цвёрдых камунальных адходаў?

– Пакуль кантэйнерная пляцоўка дзейнічае толькі на вуліцы Белавежскай. Кантэйнеры вычышчаюцца праз дзень. Па суботах (пры неабходнасці – і часцей) ажыццяўляецца дваровы аб’езд домаўладальнікаў, у якіх заключаны дагаворы са Стаўбцоўскім АКС.

Паўночны-1 і Паўночны-3

– Яўген Іванавіч, індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва карыстаецца попытам у жыхароў раёна. Як будзе развівацца горад?

– У 2020 годзе прайшоў дзяржаўную экспертызу праект новага мікрараёна індывідуальнай жылой забудовы Паўночны-1, які сваёй планіроўкай узаемазвязаны са структурай горада. З паўночнага боку новы мікрараён будзе суседнічаць з Паўночным-2, а з паўднёвага – з так званым царскім сялом. У Паўночным-1 будзе 201 зямельны ўчастак.

Пасля юрыдычнай экспертызы праекта зямельныя ўчасткі пачнуць выдзяляць грамадзянам, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і не супраць будавацца. На цяперашні момант на ўліку знаходзяцца 134 чалавекі.

Райвыканкам выступіць заказчыкам вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі на будаўніцтва ў новым мікрараёне інжынерных сетак. Гэта работа пачнецца ўжо ў бягучым годзе, паралельна з выдзяленнем зямельных участкаў.

У перспектыве ў 2024-2025 гадах плануецца распрацаваць горадабудаўнічую дакументацыю на мікрараён Паўночны-3, які стане працягам Паўночнага-2 (за вуліцай Рэспубліканскай у бок Сцяцкоў). Масіў будзе складацца прыкладна з 400 зямельных участкаў.

Развівацца будзе і раён шматкватэрнай забудовы Стоўбцаў. У 2025 годзе ў райцэнтры з’явіцца мікрараён № 8 – жылы квартал сярэдняй павярховасці (5-7 паверхаў), які прымкне да вуліцы Заводскай і аўтадарогі Р2 у напрамку аграгарадка Слабада.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *