Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся

Людзі і лёсы Нумары

Механізатар Аляксандр Бычкевіч працуе ў ААТ «Дзераўное» трыццаць пяць гадоў. Прыйшоў з арміі і адразу ж уладкаваўся ў гаспадарку. З таго часу і круціць баранку трактара. Расказаў, што праходзіў тэрміновую службу ў ракетных войсках на Паўночным Каўказе, непадалёку ад Майкопа. Гэта даволі далёка ад яго малой радзімы, таму пастаянна сумаваў па родных мясцінах. Як вярнуўся дадому, то не захацеў нікуды ехаць і застаўся жыць у вёсцы.

Трактар кіраўніцтва даручыла яму спачатку маленькі, маркі «Т-40». Каб малады работнік спачатку вопыту набраўся. Сёння ў распараджэнні Аляксандра Іосіфавіча энерганасычаны «Беларус-1221». Пяты па ліку. Дзесяць гадоў, як атрымаў новую тэхніку. І вопыту стараннаму работніку цяпер не займаць. Любую даручаную работу сам выканае як след і маладым падкажа, калі ёсць такая патрэба, як лепш зрабіць.

З вясны да позняй восені заняты Бычкевіч на розных палявых работах. Падчас вясенняй пасяўной прымае самы непасрэдны ўдзел у адной з важных тэхналагічных аперацый – сяўбе кукурузы. Затым рупіцца на касавіцы, адвозіць ад кормаўборачнага камбайна зялёную масу ў сянажную траншэю. Развозіць людзям рулоны з сенам.

– Сёлета трава спачатку не хацела адрастаць, а пасля таго, як пайшлі дажджы, у адначассе вымахала высокая  і сакавітая, – гаворыць механізатар. –   Прыемна было працаваць, бо прычэп хутка напаўняўся. На «зялёным жніве» ўсе хлопцы папрацавалі добра. З першага ўкосу нарыхтавалі немалую колькасць  кармоў.

Напярэдадні жніва Аляксандр Іосіфавіч рыхтаваў да ўборкі збожжавых камбайн разам з Ігарам Бондарам, у якога працуе памочнікам. Давялі да ладу свой «КЗС-1218» і вывелі ў поле. У таварыстве вырашчаны неблагі ўраджай збожжавых, таму механізатары мяркуюць зарабіць грошай. Тэхніку адрамантавалі надзейна. Сёмы сезон Бычкевіч працуе на жніве. Адначасова ён і збожжа ад камбайна на сваім трактары адвозіць.

А восенню экіпаж будзе шчыраваць на нарыхтоўцы сіласу, убіраць кукурузу.

Пра людзей, якія прысвяцілі столькі гадоў сялянскай працы, звычайна гавораць: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Аляксандр Іосіфавіч сказаў, што не шкадуе аб зробленым некалі выбары. Застаўся ў вёсцы і ўвесь час шчыра працаваў. Стварыў сям’ю. Нарадзіліся сын і дачка. Дзядуля з бабуляй маюць дваіх унукаў. Потым засмяяўся і, ці то жартам, ці то ўсур’ёз дадаў: «Ды і позна шкадаваць. Восенню пенсію буду афармляць».

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *