Дэпутаты працуюць над змяненнямі ў Канстытуцыі

Афіцыйна Важное

У Рэспубліцы Беларусь дзейнічае Канстытуцыя 1994 года (са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 24 лістапада 1996 г. і 17 кастрычніка 2004 г.), якая была прынята 15 сакавіка 1994 г. на 13-й сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання. Канстытуцыя – асноўны закон дзяржавы. У ёй вызначаны асновы канстытуцыйнага ладу, асноўныя правы і абавязкі грамадзян, кампетэнцыя дзяржаўных органаў і асновы выбарчай сістэмы. Структурна Канстытуцыя складаецца з прэамбулы і 9 раздзелаў (146 артыкулаў). На яе аснове фарміруецца ўся сістэма заканадаўства.

Падчас «Вялікай размовы», якая адбылася 1 сакавіка 2019 г., Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка анансаваў будучае змяненне Канстытуцыі (стэнаграма онлайн-зносін размешчана на афіцыйным Інтэрнэт-партале Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Таксама гэтая тэма была закранута ў пасланнях кіраўніка дзяржавы беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь у 2019 і 2020 гадах.

У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы вызначыў ролю суддзяў Канстытуцыйнага Суда ў працы над прапановамі па карэкціроўцы Канстытуцыі, канстатаваў неабходнасць прыцягнення да яе грамадскасці і навукоўцаў. Быў таксама вызначаны алгарытм маючай адбыцца працы, этапамі якой павінны стаць Усебеларускі народны сход і рэспубліканскі рэферэндум. Парламенту было рэкамендавана актыўна ўключыцца ў вывучэнне меркаванняў грамадзян краіны.

У адпаведнасці з артыкулам 90 Канстытуцыі Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь з’яўляецца не толькі заканадаўчым, але і прадстаўнічым органам нашай краіны. Таму цалкам лагічным уяўляецца тое, што Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь менавіта Парламенту было прапанавана вывучыць меркаванні грамадзян Беларусі.

Формы і метады вывучэння меркаванняў парламентам могуць быць самыя розныя. Гэта і асабістыя прыёмы грамадзян, і «прамыя лініі» з выбаршчыкамі, і сустрэчы ў працоўных калектывах і па месцы жыхарства грамадзян.

Адной з форм з’яўляецца збор прапаноў грамадзян на афіцыйным сайце Палаты прадстаўнікоў (Zakon@house.gov.by). Штодзень на яго паступае да сотні прапаноў ад грамадзян. Прапановы паступаюць таксама на папяровых носьбітах як у адрас Палаты прадстаўнікоў, так і непасрэдна дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

Усе прапановы акумулююцца ў пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце, якой ажыццяўляецца іх змястоўная сістэматызацыя па раздзелах і артыкулах Канстытуцыі. Перыядычны агляд прапаноў дакладваецца кіраўніцтву Палаты прадстаўнікоў.

Рэгулярна ход збору прапаноў асвятляецца ў СМІ: на тэлеканалах «Беларусь 1», «ОНТ», «СТВ», у газеце «СБ. Беларусь сёння» і інш.

Часцей за ўсё паступаючыя ад грамадзян прапановы па пытанні карэкціроўкі Канстытуцыі датычацца выбарчай сістэмы, ролі палітычных партый, інстытута Прэзідэнта (парадак абрання, аб’ём паўнамоцтваў і г. д.), паўнамоцтваў Парламента, мясцовых органаў улады, парадку прызначэння кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

Частка прапаноў паўтарае нормы дзеючай Канстытуцыі.

Прыкладна каля трэці прапаноў ўтрымліваюць пазіцыі, якія з’яўляюцца альбо могуць з’яўляцца прадметам рэгулявання нарматыўных прававых актаў з меншай юрыдычнай сілай. Такога роду прапановы мяркуецца накіраваць у пастаянныя камісіі Палаты прадстаўнікоў адпаведнага профілю для ўліку ў наступнай працы над законапраектамі.

Шэраг прапаноў мае супрацьлеглыя пазіцыі: «варта вярнуцца да Канстытуцыі 1994 года » і «не варта нічога мяняць у дзеючай Канстытуцыі».

Прапановы, якія паступаюць, і ў якіх гучыць патрабаванне спыніць абмеркаванне і працэс працы над зменамі ў Канстытуцыі, у асноўным маюць ідэнтычны тэкст, асобныя з іх з’яўляюцца ананімнымі.

Усе звароты грамадзян, якія паступаюць дэпутам, і якія тычацца змяненняў у Канстытуцыі, разглядаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам і з 26 па 30 кастрычніка 2020 г. у абагульненым электронным выглядзе падлягаюць перадачы дэпутатамі ў Пастаянную камісію Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце для дэталёвага аналізу і ўліку ў рабоце па змяненнях у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

У верасні-кастрычніку бягучага года падчас асабістага прыёму, «прамых ліній» з выбаршчыкамі, і сустрэч у працоўных калектывах Стаўбцоўскага і Нясвіжскага раёнаў ужо паступіла шэраг прапаноў па змяненнях у Канстытуцыі нашай краіны.

 Іван Мамайка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *