«Робяць жыццё грамадзян камфортным». Сёння адзначаецца Дзень дарожніка

Главное Эканомiка

Паважаныя работнікі філіяла, ветэраны дарожнай працы і вашы сем’і!

Віншую  вас з прафесійным святам – Днём аўтамабіліста і дарожніка! Наша дзейнасць запатрабаваная, яна служыць людзям і ідзе на карысць народнай гаспадаркі, стварае ўмовы для развіцця краіны. Дарогі – наша багацце, а іх утрыманне і будаўніцтва – дзяржаўны прыярытэт, за які мы ў адказе. Выказваю ўдзячнасць работнікам філіяла за іх штодзённую працу і вернасць выбранай справе, за прафесіяналізм і добрасумленныя адносіны да сваіх абавязкаў. Ад усёй душы жадаю вам моцнага здароўя, дабрабыту, узаемаразумення, павагі і шчырасці ў адносінах адзін да аднаго. Няхай вашы планы заўсёды рэалізуюцца, а мары здзяйсняюцца. Шчаслівых дарог вам і  імкнення да добрых вынікаў у працы. Са святам!

Вадзім Савіцкі, начальнік філіяла КУП «Мінскаблдарбуд» – «ДРБУ № 135»

25 кастрычніка адзначаецца Дзень работнікаў дарожнай гаспадаркіусіх, хто ў няпростых умовах, у гарачыню і мароз, у дождж і снег, абслугоўваюць, рамантуюць і будуюць нашы дарогі, аўтамагістралі, ціхія сельскія вулачкі. Уся дарожная інфраструктура на вачах мяняецца да лепшага. І ўсё гэта – дзякуючы вопыту і майстэрству дарожных работнікаў. У іх ліку і філіял КУП «Мінскаблдарбуд» – «ДРБУ № 135».

Работа дарожнікаў арганізавана зладжана. Кіруе прадпрыемствам  малады і ініцыятыўны дырэктар Вадзім Савіцкі. Мясцовыя дарожнікі заўсёды запатрабаваныя. Стабільная праца дазваляе калектыву дасягаць пэўных вынікаў. З кожным годам яны толькі павялічваюцца.

На аб’ектах праца кіпіць

Селёта перад работнікамі дарожнай арганізацыі стаяць задачы, якія звязаны з добраўпарадкаваннем будаўнічых аб’ектаў у г. Стоўбцы  і за межамі раёна.

Упрыгожваюць зялёную зону на гарадской вуліцы Міру (злева направа) Марына Дзям’янка, Наталля Лапко, Людміла Бохан, Іван Каратыш

Адзін з самых значных знаходзіцца на вуліцы Міру ў Стоўбцах. Тры брыгады вопытных рабочых займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі вакол новага 70-кватэрнага дома. Калектывы гэтых брыгад рознапрофільныя. Расказвае майстар Аляксандр Радзіон:

Аляксандр Радзіон, майстар
На ўкладцы тратуарнай пліткі занятыя Уладзімір Горлаў, Ігар Ткачоў, Аляксандр Жыбуль, Андрэй Баран, Анатолій Мядзведзь

– Кожная брыгада займаецца сваёй справай. Укладваем бетон пад стаянку для аўтамабіляў, плітку і дарожны борт, праводзім мантаж вадаскіднага латка. Акрамя добраўпарадкавання ў нашы абавязкі ўваходзіць і падвядзенне транспартных камунікацый: ліўневая і бытавая каналізацыі, падвод вады да дома, падвод электрычных кабеляў, устаноўка апор асвятлення, мантаж свяцільнікаў. Пры неабходнасці да працы прыступаюць і інжынерна-тэхнічныя работнікі, якія з сярэдзіны кастрычніка займаюцца азеляненнем тэрыторыі каля новага шматкватэрнага дома па вул. Міру ў Стоўбцах. Завяршэнне ўсіх работ плануецца напрыканцы кастрычніка.

Алег Кульбіцкі бетануе пляцоўку пад будучую стаянку для аўтамабіляў у новым доме па вуліцы Міру
Дарожны борт устанаўліваюць Аляксандр Яўсейчык, Вячаслаў Гаўрылюк, Уладзімір Бацьян, Валянцін Клаўшун і Аляксандр Бандаровіч

Другі буйны аб’ект, праца над якім пачалася ў бягучым годзе, – мікрараён Паўночны-2 шостая чарга. Цяпер замест вуліц там толькі пясчаны масіў, дзе работнікі філіяла пачынаюць праводзіць будаўніча-дарожныя работы. Хутка пад’езд да новага мікрараёна будзе ажыццяўляцца па бетоннай дарозе, уздоўж яе з’явяцца пешаходныя пераходы, веладарожкі і аўтобусныя прыпынкі. На аўтагрэйдары працуе Канстанцін Паплаўскі. Побач з ім рупіцца дарожны рабочы Вячаслаў Пікула. За ходам работ назірае вопытны спецыяліст – прараб Станіслаў Цяўлоўскі. Работнікі задаволены вынікамі сваёй працы. Безумоўна, іх справа вельмі важная і адказная: яны ствараюць камфортныя ўмовы для жыццядзейнасці маладзёжнага мікрараёна.

Маладзёжны мікрараён будуецца
Прараб Станіслаў Цяўлоўскі (у цэнтры) абмяркоўвае добраўпарадкаванне пад’язной дарогі да мікрараёна Паўночны-2 з машыністам аўтагрэйдара Канстанцінам Паплаўскім (злева) і дарожным рабочым Вячаславам Пікулам

У гэтыя дні ажыўлена на вуліцы Падлеснай у Стоўбцах. Некалькі відаў дарожнай тэхнікі, брыгады рабочых вядуць асфальтаванне праезджай часткі. Па словах галоўнага інжынера арганізацыі Вадзіма Калпака, за тры дні з’явіўся новы асфальт на ўчастку працягласцю 650 метраў. Цяпер брыгаду на чале з прарабам Дзмітрыем Жылянком чакае новы аб’ект – асфальтаванне пляцоўкі на аўтастанцыі ў Стоўбцах.

Па вуліцы Падлеснай у Стоўбцах вядзецца асфальтаванне праезджай часткі
Машыніст катка Юрый Ермак

На вуліцы Школьнай аграгарадка Заямнае працуе яшчэ адна дарожная брыгада. Якраз ідзе стварэнне штучнай няроўнасці. Майстар участка Віталій Самец расказаў пра тэхналогію гэтага працэсу:

– Асфальтуем спачатку адзін бок вуліцы, каб не ствараць перашкоды для аўтамабільнага руху. Каб няроўнасць была цалкам гатова, неабходна прыкладна тры гадзіны.

Раней на гэтым участку дарожнікі пралажылі тратуар працягласцю 900 метраў, устанавілі 50 метраў парэнчавай агароджы і «кішэню» для прыпынку школьнага аўтобуса. Засталося азеляніць гэтую тэрыторыю і ўстанавіць адпаведныя дарожныя знакі.

На стварэнні штучнай няроўнасці ў аг. Заямнае працуюць (злева направа) Аляксандр Окунь, Віталій Самец, Іна Хілімон і Генадзій Цвірка

Актыўныя работы вядуцца дарожнікамі і за межамі Стаўбцоўскага раёна. Так, пад кіраўніцтвам прараба Анатоля Каразея выконваюцца работы па добраўпарадкаванні пешаходных дарожак у раёне індывідуальнай жылой забудовы ў г. Дзяржынску. Там працуюць дзве брыгады – з участкаў Дзераўная і Рубяжэвічы. У індустрыяльным парку «Вялікі камень» таксама рупяцца дзве брыгады пад кіраўніцтвам Уладзіміра Білага, ганаровага дарожніка. Яны займаюцца наладжваннем велапешаходных дарожак і ўстаноўкай дарожных знакаў.

Стаўбцоўскі філіял адкрывае новую вытворчасць

Стаўбцоўскі філіял КУП «Мінскаблдарбуд» – «ДРБУ № 135» не стаіць на месцы і паступова развіваецца: з’яўляюцца новыя віды вытворчасці, набываецца сучасная тэхніка, выкарыстоўваюцца перадавыя тэхналогіі. Акрамя асноўнай дзейнасці філіяла (а гэта будаўніцтва, рамонт і абслугоўванне аўтамабільных дарог) у арганізацыі займаюцца вытворчасцю асфальту, дарожных знакаў і апор для іх, аўтапавільёнаў, піламатэрыялаў.

Сёлета для кіраўніцтва ДРБУ сур’ёзным набыткам стала новая база ў аг. Заямнае, дзе пачаў працаваць яшчэ адзін асфальта-бетонны завод. Гэта дазволіла выпусціць большыя аб’ёмы асфальтабетоннай сумесі ў змену. Таксама ў гэтым годзе прадпрыемства купіла  драбільна-сартавальны комплекс, рознае абсталяванне, механізмы і тэхніку.

У перспектыве – арганізаваць раствора-бетонны вузел для вытворчасці бетону, а таксама вытворчасць плазменнай рэзкі металу. Як сцвярджае намеснік дырэктара Аляксей Макаўчык, для такіх відаў вытворчасці ўжо закуплена абсталяванне.

Абмяркоўваюць рабочыя пытанні галоўны інжынер Вадзім Калпак (у цэнтры), начальнік вытворчага аддзела Сяргей Логвін, галоўны бухгалтар Кацярына Баброва (злева), намеснік начальніка Аляксей Макаўчык і інжынер па бяспецы руху Яўген Пісаны (справа)

Уласны інструктар па спорце для дарожнікаў

У арганізацыі не толькі выдатна працуюць, але і ўмеюць з карысцю праводзіць свой вольны час. Дарожнікі з асобым энтузіязмам ставяцца да спорту. Кіраўніцтва і працаўнікі філіяла актыўна наведваюць фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Стоўбцах. У гэтым іх падтрымлівае і мясцовы прафсаюз, які выдзяляе бясплатныя абанементы на наведванне басейна і спартыўнай залы для гульнявых відаў спорту. Важнае месца адведзена і камандным спартыўным спаборніцтвам. Так, у ДРБУ № 135 ужо трэці год існуе пасада інструктара па спорце, на якой працуе Аляксандр Скроб. Ён праводзіць трэніроўкі і арганізоўвае ўдзел каманды ДРБУ у шматлікіх спартыўных турнірах рознага ўзроўню.

Усім вядома і футбольная каманда «ДРБУ-135», якая штогод прымае ўдзел у турніры па міні-футболе сярод аматарскіх камандаў. Па выніках 2020 года каманда заняла першае месца ў рэспубліканскім турніры па міні-футболе ў Мінскай вобласці. І пра гэта ведаюць усе стаўбчане і госці горада, таму што каля касцёла святога Казіміра ўстаноўлены банер у гонар каманды. У лістападзе футбалісты філіяла прымуць удзел у рэспубліканскім міні-футбольным турніры памяці А. В. Мініна.

У жніўні бягучага года прайшоў турзлёт работнікаў КУП «Мінскаблдарбуд», дзе каманда стаўбцоўскага філіяла заняла першае агульнакаманднае месца. Каманда трэці год запар займае прызавыя месцы.

Прадпрыемства сумесна з прафсаюзнай арганізацыяй ДРБУ № 135 выдзяляе грашовыя сродкі для ўдзелу ў падобных мерапрыемствах, а таксама кожнаму работніку прапаноўваюць на льготных умовах пуцёўкі ў санаторыі, турыстычныя паездкі.

Такі клопат пра свой калектыў дазваляе работнікам філіяла ДРБУ № 135 адчуваць сябе запатрабаванымі. Філіял развіваецца, ствараюцца новыя рабочыя месцы. З кожным годам ён набывае імідж сучаснага і высокатэхналагічнага прадпрыемства. Сваё прафесійнае свята дарожнікі сустракаюць з цудоўным настроем, добрымі вынікамі і перспектыўнымі планамі на 2021 год.

Узнагароджаны за добрасумленную працу

÷ Начальнік філіяла КУП «Мінскаблдарбуд» – «ДРБУ № 135» Вадзім Савіцкі ўзнагароджаны Падзякай Міністра Міністэрства транспарту і камунікацый за добрасумленную працу ў дарожнай гаспадарцы Рэспублікі Беларусь, высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне абавязкаў.

÷ Да прафесійнага свята нагруднымі знакамі Міністэрства транспарту і камунікацый «Ганаровы дарожнік Беларусі» ІІ ступені ўзнагароджаны  галоўны інжынер ДРБУ № 135 Вадзім Калпак, машыніст аўтагрэйдара Анатолій Ліпніцкі і вадзіцель пагрузчыка Генадзій Таранаў.

÷ Адзначаны ганаровымі граматамі КУП «Мінскаблдарбуд» намеснік начальніка Аляксей Макаўчык, вядучы эканаміст Крысціна-Марыя Валадзько, вядучы механік Алег Уласік, вядучы інжынер па арганізацыі і нарміраванні працы Алена Бохан, вадзіцель Андрэй Буднік, слесар Баляслаў Татарыцкі.

÷ Падзячнымі пісьмамі КУП «Мінскаблдарбуд» адзначаны прараб Станіслаў Цяўлоўскі, майстар Міхаіл Ненадавец, галоўны бухгалтар Кацярына Баброва, вядучы спецыяліст па кадрах Вольга Калевіч, вадзіцель Дзяніс Казлоўскі, маляр Наталля Гунько.

÷ Ушанаваны ветэраны працы, якія прысвяцілі дзейнасці ў ДРБУ № 135 больш як па 20 гадоў свайго жыцця. Сярод іх – трактарыст Вячаслаў Гаўрылюк, дарожная рабочая Ванда Жыбуль, вадзіцель Часлаў Калошыч, вадзіцель Мікалай Майстрэнка, прараб Аляксандр Свірскі.

Ксенія РУБІН

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *