Крочыць навучальны год

Адукацыя Важное

Установы адукацыі раёна паспяхова прайшлі прыёмку перад новым навучальным годам і 1 верасня сустрэлі сваіх маленькіх гаспадароў.

Што сабой уяўляе сістэма адукацыі раёна, як яна развіваецца, расказвае начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Людміла Стонька.

– Дзеці і моладзь – гэта будучае, яны забяспечваюць захаванне і развіццё нашай краіны. У сучасным свеце адукацыя становіцца асноўнай умовай устойлівага развіцця, гарантам сацыяльнай стабільнасці, крыніцай інтэлектуальнага, культурнага і духоўна-эстэтычнага патэнцыялу нацыі, – зазначае Людміла Мар’янаўна.

Школы і дзіцячыя сады

Сістэма адукацыі Стаўбцоўскага раёна – гэта 46 устаноў адукацыі: гімназія, 14 сярэдніх школ, шэсць вучэбна-педагагічных комплексаў, 21 установа дашкольнай адукацыі, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, сацыяльна-педагагічны цэнтр, аздараўленчы лагер «Нёман».

У 2020 годзе пачалося будаўніцтва сярэдняй школы № 4 у горадзе Стоўбцы на 720 месцаў.

У сістэме адукацыі Стаўбцоўскага раёна 1830 чалавек, з іх 852 – педагагічныя работнікі. У 2020 годзе да працы прыступілі 11 маладых спецыялістаў.

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі вучацца 4382 вучні.

Па выніках вучэбнага года 32 выпускнікі школ узнагароджаны залатымі медалямі, тры выпускнікі раёна паказалі 100-бальны вынік, 63,2 % выпускнікоў паступілі ў ВНУ.

У сістэме дашкольнай адукацыі працуюць 244 педагогі, 66 % педагагічных работнікаў дашкольнай адукацыі маюць вышэйшую адукацыю, 50,8 % – вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі.

Установы дашкольнай адукацыі наведваюць 1590 выхаванцаў. Забяспечанасць дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі складае 96,1 %. Ахоп дзяцей пяцігадовага ўзросту падрыхтоўкай да школы складае 100 %.

Арганізавана работа 35 варыятыўных форм дашкольнай адукацыі з рэжымам знаходжання дзяцей ад дзвюх да сямі гадзін, якія наведвае 171 дзіця.

Тэхніка і тэхналогіі

У 2020–2021 навучальным годзе прадоўжана профільнае навучанне ў 16 установах адукацыі раёна. На базе ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. Стоўбцы» працуюць класы педагагічнай накіраванасці. У ДУА «Дзераўнянская сярэдняя школа» арганізаваны дзве групы аграрнай накіраванасці, у ДУА «Горкаўская сярэдняя школа» – група спартыўна-педагагічнай накіраванасці. У ДУА «Старасвержанская сярэдняя школа», ДУА «Заямнаўская сярэдняя школа» арганізаваны адукацыйны працэс у спецыялізаваных па спорце класах. У рамках супрацоўніцтва з Паркам высокіх тэхналогій у ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. Стоўбцы» створаны ўмовы для заняткаў вучняў па робататэхніцы, абсталяваны STEM-кабінет. Прафесійная падрыхтоўка вучняў Х–ХІ класаў арганізавана ў 15 установах агульнай сярэдняй адукацыі раёна па спецыяльнасцях «рэзчык па дрэве», «памочнік выхавацеля», «cадавод», «агародніцтва», «аператар  ЭВМ», «трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці» (вадзіцель колавых трактароў катэгорыі «А»).

Ва ўстановах раёна рэалізуюцца тры інавацыйныя і два эксперыментальныя рэспубліканскія праекты, тры абласныя педагагічныя праекты.

У ДУА «Стаўбцоўскі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі» займаюцца 20 вучняў. Таксама ў 28 установах агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі раёна арганізавана навучанне дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця па адукацыйных праграмах спецыяльнай адукацыі, у 29 установах 786 дзецям аказваецца карэкцыйна-педагагічная дапамога. Спецыяльная дапамога аказваецца 990 дзецям (100 %) з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Сфера адукацыі Стаўбцоўскага раёна дасягнула высокіх вынікаў па многіх напрамках. Але патрэбна яшчэ больш працаваць па пытаннях развіцця здольнасцяў дзяцей, іх занятасці фізічнай культурай, тэхнічнай творчасцю, развіваць дзіцячы рух, забяспечваць сацыяльна-прававую падтрымку і абарону кожнага дзіцяці.

Гутарыла Нэлі АСТРЭЙКА

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *