Збожжа паступае буйное і якаснае

Афіцыйна Нумары Ураджай-2014

У напружаным рытме працуюць гэтымі днямі работнікі УП «Стаўбцоўскае хлебапрыёмнае прадпрыемства». Інжынер-тэхнолаг вытворча-тэхнічнай лабараторыі Ганна Лісоўская расказвае, што за адзін дзень прахадную прадпрыемства аўтамашыны, якія заняты на дастаўцы хлеба з гаспадарак раёна, перасякаюць больш за 50 разоў. І кожная прывозіць не менш за дзесяць тон збожжа новага ўраджаю. Па якасных паказчыках збожжа адпавядае стандарту.

– Сёлета зярняткі буйныя, таму іх натуральная вага даволі высокая, – працягвае гаворку Ганна Леанідаўна. – Такога збожжа мы летась чакалі, а ў гэтым годзе ўсе гаспадаркі ўкладваюцца ў норму. У ААТ «Вялікі Двор» натуральная вага пшаніцы дасягае 800 грамаў на літр. Ячмень у шэрагу гаспадарак важыць да 730 грамаў. У мінулым жа сезоне натуральная вага збожжа не дасягала і 680 грамаў. Для піваварнага ячменю важны такі паказчык, як утрыманне бялку. Зварыць добрае піва з яго можна толькі ў тым выпадку, калі бялок не перавышае 12 працэнтаў. У ААТ «Агранёманскі» ён склаў 10,6 працэнта. Пастаўленай  нам прадукцыяй палёў мы задаволены.

Варта дадаць, што работнікі лабараторыі папярэдне наведаліся на кожнае сельгаспрадпрыемства раёна і адабралі пробы. Такім чынам, калі ўзнікалі якія пытанні, у прыватнасці з засмечанасцю збожжа або недаўтрыманнем у пшаніцы клейкавіны, іх своечасова вырашалі. А значыць, прадукцыя паступае на прадпрыемства толькі якасная. Вільготнасць у межах запланаванай.

Разам з Ганнай Лісоўскай працуюць два лабаранты. Гэта штатны работнік Бажэна Душкевіч, стаж работы якой складае тры гады. За гэты час яна спасцігла ўсе сакрэты сваёй справы, добрасумленна і старанна выконвае  ўскладзеныя на яе абавязкі. У гарачы сезон на дапамогу калектыву лабараторыі прыходзяць студэнты і выпускнікі школ. Гэта стала традыцыяй. Трэці сезон рупіцца на прадпрыемстве Таццяна Атрушкевіч, якая вучыцца ў Мінскім медыцынскім каледжы. Дзяўчына навучылася рабіць аналізы, і сёлета кіраўніцтва даверыла ёй выконваць абавязкі лабаранта. Шчыруюць і два візіроўшчыкі – студэнт БГАТУ Ілья Гурбо і, пакуль яшчэ абітурыент, выпускнік школы Павел Радзевіч.

– Надвор’е для жніва сёлета выдалася проста выдатнае, – сказала напрыканцы размовы Ганна Леанідаўна. –  Няхай яно спрыяе хлебаробам і надалей, а мы прымем ад іх столькі збожжа, колькі прывязуць. Ёмістасцяў для захоўвання дастаткова.

На здымках: задаволена  збожжам інжынер-тэхнолаг Ганна Лісоўская;  адбіраюць пробы візіроўшчык Павел Радзевіч і лабарант Таццяна Атрушкевіч.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *